Пра гэта расказала знаёмая Сяргея.
«Напярэдадні прайшла інфармацыя,што ў яго заканчваецца зарад нэўрастымулятара. Хлопцы, якія сядзелі зь ім, тэлефанавалі сваякам і знаёмым, прасілі перадаць, што ў яго заканчваецца зарадка і што яго не адпускаюць з ІЧУ, — кажа жанчына. — Магчыма, паўплывала інфармацыя ў СМІ альбо ён сам неяк заяўляў, але ўчора яго прывезьлі дадому, каб узяць неабходную прыладу. Якраз у гэты час дома была маці. Пагутарыць яму з мамай не далі, але зарадку ён гэтую забраў. Таму сёньня, як мы думаем, ён ужо па-за зонай рызыкі».
Сяргея Бяляева асудзілі за рэпост з экстрэмісцкага сайту паводле арт. 19.11, частка 2 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць). Паводле знаёмай, Сяргею агулам далі 12 сутак, ён выйдзе на волю 26 лістапада. Разам з адвакатам Бяляеў падаў апэляцыю на прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшаў на волю палітвязень Аляксей Раманаў, які мае анкалягічнае захворваньнеПаводле знаёмай, у Сяргея парушана гаворка, ён дрэнна рухаецца, у яго трасецца рука. Яму рабілі апэрацыю і ўжывілі нэўрастымулятар, які пэрыядычна трэба падзараджаць.
«Калі яго забіралі, ён ня думаў, што яго пасадзяць на „суткі“. Яго ня першы раз затрымлівалі, у яго цягам гэтага года было каля пяці вобшукаў. Аднойчы, калі яго абшуквалі мэталяшукальнікам, нэўрастымулятар зьбіўся з рытму. У верасьні ў яго была апэрацыя. І як толькі ён выйшаў зь лякарні, у ягоным доме назаўтра ўжо быў ператрус. Яго павалілі на падлогу і хацелі надзець кайданкі. Але яму неяк удалося патлумачыць, што ён нікуды ня можа ісьці, ён пасьля лякарні са сьвежай ранай. Яго пакінулі ў спакоі, але празь месяц да яго зноў раніцай уварваліся. Ён паставіў на такі выпадак у сябе відэаназіраньне, яны гэта заўважылі і ўжо паводзілі сябе культурна», — кажа знаёмая Сяргея Бяляева.
Паводле жанчыны, са слоў Сяргея ёй вядома, што падчас складаньня пратаколу яго ўдарылі па галаве. Ён папярэдзіў, што зараз будзе труп, і паказаў шрам.
«У пятніцу ў яго мусіў быць суд у ІЧУ, але ён падаў хадайніцтва на прысутнасьць абароны. Яму далі магчымасьць заключыць дамову з адвакатам і адпусьцілі. Суд працягнуўся ў панядзелак і потым у аўторак. У аўторак 16 лістапада яго адправілі на „суткі“», — кажа жанчына.
Падчас выбараў Сяргей Бяляеў быў у ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай, ён сябра АГП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Гарбунова выходзіць з галадоўкі, якую трымала з 9 лістапада; ад Васілевіча не прыходзяць лісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабарончыя арганізацыі прызналі 10 новых палітычных вязьняў