«Пад увагай павінен быць ня толькі міграцыйны крызіс». Што кажуць на канфэрэнцыі пра журналістыку ў Беларусі

Лягатып арганізацыі Article 19, якая ладзіць канфэрэнцыю

23 лістапада ў ZOOM праходзіць канфэрэнцыя пра сучасны стан беларускай журналістыкі.

Арганізатары онлайн-канфэрэнцыі адзначаюць, што з моманту сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў адбылося як мінімум 497 затрыманьняў журналістаў, а сярод больш чым 800 палітвязьняў знаходзяцца 29 працаўнікоў СМІ.

Міклаш Харасьці, спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі 2012-2018 заявіў падчас канфэрэнцыі: «Я спадзяюся, што сусьветная супольнасьць знойдзе нейкія дзейсныя рычагі, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Пад увагай павінен быць ня толькі міграцыйны крызіс. Раней моцныя парушэньні правоў чалавека звычайна адбываліся раз на пяць гадоў пад час прэзыдэнцкіх кампаній. Цяпер арышты ператварыліся ў масавыя. Лукашэнка і далей будзе працягваць рабіць правакацыі кшталту міграцыйнага крызісу.

Лукашэнка ўжывае супраць апанэнтаў зразумелую эўрапейскай бюракратыі тэрміналёгію, напрыклад, экстрэмізм. Цяпер рэпрэсіям падверглася ўсё, што можна назваць публічным. Нават дэманстраваньне «забароненых колераў» у інтэрнэце абвешчана пікетам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 лістапада: экс-міліцыянта адправілі пад арышт за выдаваньне зьвестак пра былых калег

Беларуская журналістка Ганна Любакова адзначыла, што зьнішчэньне беларускіх незалежных СМІ прывяло да яшчэ большага ўплыву расейскай прапаганды.

Тэрэза Рыбэйру, прадстаўніца АБСЭ ў справе свабоды і мэдыяў, сказала, што АБСЭ чакае прапаноў ад незалежных журналістаў і што Ганна Любакова прапаноўвае запусьціць экстраную праграму падтрымкі незалежных журналістаў.

Рыбэйру адзначыла: «Беларусь у рамках АБСЭ падпісала дакумэнты, якія гарантуюць свабоду слова і СМІ. Цяпер мы бачым поўнае невыкананьне гэтых абавязаньняў. Мы спрабавалі ўлады заклікаць да дыялёгу, але ўсе нашыя спробы безвыніковыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 115-годзьдзе «Нашай Нівы» тэлеграм-канал і сацсеткі выданьня прызналі «экстрэмісцкімі»

Асноўныя тэмы онлайн канфэрэнцыі:

  • Як журналістам весьці рэпартаж у такіх экстрэмальных умовах?
  • Як лепш падтрымаць СМІ ўнутры Беларусі і ў выгнаньні?
  • Якая роля міжнароднай супольнасьці ў спыненьні беспакаранасьці ў Беларусі?
  • Якая будучыня журналістыкі ў Беларусі?

Сярод удзельнікаў знаныя беларускія журналісты Станіслаў Івашкевіч і Ганна Любакова, прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыя Тэрэза Рыбэйру, колішні спэцдакладчык ААН аб правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці і старшая супрацоўніца праграмы Эўропы і Цэнтральнай Азіі Article 19 Яанна Шыманьска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна, дзе памірае журналістыка. Гэта пра сёньняшнюю Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў