У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.
1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.
Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты.
Хто ня хоча быць пажыцьцёвым прэзыдэнтам
Ліст, вытрымкі зь якога я зьмяшчаю ніжэй, быў ня першым зваротам Пазьняка да Шарэцкага, алё ён меў канфідэнцыйны характар і быў не адпраўлены праз факс, а перададзены з адным беларусам, які ў тыя дні наведаў Амэрыку.
Паважаны Сямён Георгіевіч.
Гэты мой прыватны ліст асабіста да Вас выкліканы перш за ўсё падтрымкай вашых імкненьняў абараніць існаваньне інстытуту заканадаўчае ўлады і не дапусьціць узмацненьня аўтарытарнага рэжыму на Беларусі. У Вялікабрытаніі, Чэхіі, ЗША і Польшчы я пры сустрэчы з афіцыйнымі асобамі падкрэсьліваў нашае (апазыцыі) зацікаўленьне падтрымкай імі беларускага парлямэнту, наладжваньнем кантактаў і візытаў (асабіста Вашых). Каб падняць ролю парлямэнту перад гіпэртрафіраванай самавольнай функцыяй прэзыдэнта.
... Яшчэ ў чэрвені я рэкамэндаваў Фронту арганізаваць патрабаваньні аб імпічмэнце, аб выкананьні 104-га артыкулу Канстытуцыі непасрэдна да парлямэнту. Думаецца, што такі ціск на парлямэнт павінен стаць і яму, і Вам таксама падтрымкай.
Паважаны Сямён Георгіевіч, зважаючы на сытуацыю, некаторыя моманты я павінен сказаць Вам тут у лісьце. Вы асабіста і Вярхоўны Савет павінны пастаянна трымаць ініцыятыву. Хай прэзыдэнт рэагуе на Вашы ініцыятывы, а не наадварот. Ініцыятыва — гэта выйгрыш. Другое — абавязкова патрэбны імпічмэнт. І як найхутчэй. Гэта ўратуе парлямэнт і становішча. Бо, паколькі рэфэрэндум адбудзецца, хунта яго выйграе. Вынікі ведаеце. Трэба сьпяшацца з імпічмэнтам. Трэба заручыцца падтрымкай, каго трэба (...) з усімі паразмаўляць, папярэдзіць, высьветліць, прадугледзець і г.д.
Прыпыню цытаваньне. Ініцыятывы сапраўды ў палітыцы важная, і гісторыя ведае прыклады, калі выхад з абсалютна безнадзейнага становішча быў знойдзены менавіта дзякуючы рашучым дзеяньням. Безумоўна, шанцы значна павялічваюцца пры падтрымцы народу, як гэта было ў жніўні 91-га, калі Апазыцыя БНФ спачатку дамаглася скліканьня нечарговай сэсіі, потым — уключэньня ў парадак дня пытаньня аб незалежнасьці, а затым і прыняцьця станоўчага рашэньня, — тады на плошчы перад Домам ураду стаялі людзі, некалькі тысяч чалавек. Тады паспрыялі і вонкавыя абставіны (і роспуск Гарбачовым КПСС, і абвяшчэньне незалежнасьці Ўкраінай) — але, калі б не было нашай ініцыятывы, дэпутаты задаволіліся б разглядам двух першапачаткова прапанаваных Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету пытаньняў — «Пра бягучы момант» і «Пра Саюзны дагавор». А давялося галасаваць за незалежнасьць. Імпічмэнт якраз і вымагаў рашучых дзеяньняў ад яго ініцыятараў.
...Калі ня будзе хутка аб’яўлены імпічмэнт — можа быць страчана ўсё. На вас ляжыць вялікі абавязак. Добра, каб вы яго рэалізавалі. Патрабаваньне імпічмэнту будзе падтрымана актыўнымі палітычнымі сіламі, асабліва БНФ.
Сілы законнасьці павінны забясьпечыць сабе ў будучыні (у выпадку адсутнасьці імпічмэнту) праўную дарогу ліквідацыі наступстваў рэфэрэндуму і аўтарытарнага рэжыму. Таму важна падтрымаць імкненьні наладзіць вельмі жорсткі кантроль і «задакумэнтаваць» з датрыманьнем усіх працэдураў усе парушэньні законаў на ўсіх стадыях рэфэрэндуму. Гэта потым дапаможа не прызнаваць рэфэрэндум, вярнуць законнасьць, Канстытуцыю і парлямэнтарызм.
Зычу Вам посьпехаў на адказнай пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савету. Я памятаю нашую размову і Вашыя абяцаньні пра мову.
З павагай — Зянон Пазьняк.
8.09.1996. Нью-Ёрк.
Праз два дні Пазьняк зьвярнуўся ужо да ўсіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету:
Падтрымліваю і вітаю вашыя станоўчыя ініцыятывы па захаваньні законнасьці і абароне парлямэнтарызму ў Рэспубліцы Беларусь. Але ў гэты пагрозьлівы для грамадзтва час адчуваю абавязак зьвярнуцца да вас як грамадзянін Беларусі, як былы дэпутат Вярхоўнага Савету, як старшыня Народнага Фронту.
...Калі рэфэрэндум адбываецца — рэжым перамагае. Ніякія выбары і давыбары ня будуць тады ўжо мець значэньня (ня трэба ў іх і ўдзельнічаць), бо зьменіцца Канстытуцыя... Калі пастанова аб імпічмэнце тэрмінова ня будзе прынятая, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня гэтым самым падпіша прыгавор сабе і прыгавор нацыі. У краіне не застанецца тады ніякай улады і ніякай сілы, якая б магла легітымна спыніць беззаконьне і дыктатуру.
Запозьненасьць у палітычным супрацьстаяньні можа зьвесьці намаганьні на нішто. Да лістапада, хоць Лукашэнку і ўдавалася трымаць ініцыятыву ў барацьбе зь Вярхоўным Саветам, парлямэнт, хай і не заўсёды своечасова, але знаходзіў нейкі адэкватны адказ. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году дэпутаты, якія не пяройдуць да Лукашэнкі, заявяць аб працягу дзеяньня Вярхоўнага Савету як прадстаўнічага легітымнага органа. Іх прызнае Захад, яны атрымаюць такую падтрымку і такую ўвагу, якой нават ня мелі, калі засядалі ў 1996-м у Авальнай залі. Яны будуць прымаць цалкам слушныя пастановы — але пастановы гэтыя ўжо ня будуць выконвацца дзяржаўнымі органамі ў Беларусі і захаваюць важнасьць толькі для гісторыкаў і, магчыма, будучых працэсаў у Канстытуцыйным судзе.
Пазьняк пісаў дэпутатам:
Ня трэба баяцца, што пасьля аб’яўленьня імпічмэнту ўзурпатар ужыве сілу і «распусьціць» Вярхоўны Савет. Беззаконьнем, сілай Вярхоўны Савет не распускаецца. Імпічмэнт, прыняты парлямэнтам, стане законным актам. Усе дзеяньні ўзурпатара пасьля імпічмэнту (калі яны ўзьнікнуць), у тым ліку і правядзеньне рэфэрэндуму, ня будуць мець легітымнага характару. Рэжым авантурыстаў будзе пазбаўлены ўсялякіх пэрспэктываў, страціць усялякую падтрымку.
Падкрэсьліваю: рэфэрэндум Лукашэнкі накіраваны на легітымізацыю дыктатуры. Імпічмэнт жа пазбаўляе яго гэтай магчымасьці. Аб’явіць імпічмэнт можа толькі Вярхоўны Савет.
Спадары дэпутаты, рэальнасьць такая, што лёс нацыі сёньня ў вашых руках і часу амаль не засталося. Зрабіце хутка патрэбны крок для Беларусі. Выканайце свой абавязак перад законам, краінай і будучыняй.
11 верасьня 1996 г.
Гэтая спроба лідэра БНФ апэляваць да дэпутатаў Вярхоўнага Савету выразна зьняпраўджвае ацэнкі, якія давалі Пазьняку ў тыя дні некаторыя незалежныя выданьні, спрабуючы стварыць у грамадзкай сьвядомасьці імідж палітыка канфліктнага, няздольнага да супрацоўніцтва з ідэйнымі апанэнтамі.
Неацэнную паслугу Лукашэнку можа аказаць яго шчыры і зацяты праціўнік Зянон Пазьняк, адыграўшы ролю гэтакай міны з дыстанцыйным кіраваньнем. Валодаючы тым жа мэнталітэтам пасіянарыя, але апынуўшыся ўдалечыні ад Радзімы і партыі, Зянон Станіслававіч відавочна пачаў нэрвавацца. Яму мрояцца замовы КДБ, здрада паплечнікаў і дзікунскае жаданьне астатніх дэмакратаў уехаць у палітычны рай на чужым гарбе. Таму не выключаю, што ў чарговым факсе на імя «кіраўніцтва БНФ не ў эміграцыі» будзе дакладнае ўказаньне: у кантакты зь іншымі партыямі не ўступаць. Такое ўказаньне абсалютна здольны даць чалавек, які ўжо бачыць перамогу на заўтрашніх выбарах. Выбралі Ельцына, выберуць Клінтана, ну няўжо ж ня выберуць і Пазьняка? А таму ніякіх — нават часовых! — саюзаў зь лібэраламі, эсдэкамі, камуністамі і аграрыямі. Мы пойдзем іншым шляхам! Пажадана да Палацу спорту, каб зрабіць псыхалягічны ціск на дэлегатаў веча. Вось напужаюцца! Праўда, зь перапуду не пачалі б страляць (Аляксандар Фядута, «БДГ»).
На самой справе Пазьняк, наадварот, настойваў на як мага шчыльнейшым кантакце лідэраў БНФ з дэпутатамі. Праўда, далёка ня ўсе дэпутаты гэта ўспрымалі; хаця пасьля вясны-96, калі Фронт вывеў на вуліцы дзясяткі тысяч людзей, на яго ўжо не глядзелі як на «арганізацыю ўчорашняга дня», але самаўпэўненасьці ў дэпутатаў хапала.
Дэпутатамі ўшчыльную занялася Адміністрацыя прэзыдэнта, выкарыстоўваючы ўсю моц дзяржаўнай машыны — ад спэцслужбаў да СМІ.
«Падыходы да дэпутатаў былі розныя. Адных запалохвалі нібыта існуючымі супраць іх кампрамэтуючымі матэрыяламі, якія пагражалі абнародаваць. Іншым пагражалі, што зьнімуць з працы іх саміх альбо іх блізкіх родных. Трэцім абяцалі падвышэньне па службе і стварэньне спрыяльных умоваў для працы. Для большасьці абароненых дэпутатаў з савецкім мэнталітэтам гэтага было дастаткова», — піша Мечыслаў Грыб у сваіх мэмуарах (с. 115) і дадае: «Большасьць дэпутатаў ня верыла ў сілу закону, а верыла ў сілу ўлады».
А ўвосень 96-га закон і азначаў ужо значна меней, чым сіла.
«Разбуральная праца ў Вярхоўным Савеце вялася адкрыта, — працягвае Грыб. — Яе ўзначальвалі дэпутаты У. Канаплёў — кіраўнік фракцыі «Згода» («Согласие») і Ю. Малумаў — намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету, таксама ад фракцыі «Згода» (с. 115).
10 кастрычніка Вярхоўны Савет з удзелам Лукашэнкі абмяркоўваў пытаньні рэфэрэндуму. «Чаго толькі не гаварылася і ўголас, і пісьмова! — абураўся Лукашэнка. — І пра маё імкненьне да дыктатуры, і пра тое, што я ня ведаю, куды весьці краіну, і пра тое, што я хачу быць пажыцьцёвым прэзыдэнтам».
Цікава, як бы зрэагавалі дэпутаты, калі б тады, у кастрычніку 96-га, ім сказалі, што праз дваццаць чатыры гады, у жніўні 2020-га, Лукашэнка будзе «перавыбірацца» на шосты тэрмін? І ці паверыў бы ў гэта сам Лукашэнка (тое, што ён пра падобнае мог марыць, у мяне няма сумневу)?
На наступны дзень, 11 кастрычніка, на сэсіі парлямэнту выступіў старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня і заявіў, што ў выпадку прыняцьця прэзыдэнцкага варыянту Канстытуцыі «мы будзем мець у цэнтры Эўропы таталітарны рэжым з усімі яго атрыбутамі. У нас будзе кастрыраваны парлямэнт, у нас будзе кішэнны Канстытуцыйны суд і таму падобнае. Мы атрымаем поўную міжнародную ізаляцыю, калі гэты праект зробіцца заўтра Асноўным законам».
Так, фраза «Мы будзем мець у цэнтры Эўропы таталітарны рэжым» — гэта ўжо ня з нашага з Пазьняком артыкулу. Яе аўтар не актывіст апазыцыі, не дэмакратычны дэпутат у Вярхоўным Савеце. Яе прамовіў прафэсійны юрыст, доктар юрыдычных навук, член-карэспандэнт АН, былы міністар юстыцыі, перакананы камуніст (у нядаўнім мінулым — сакратар ЦК); той, хто яшчэ зусім нядаўна ў статусе дэпутата ў папярэднім скліканьні абараняў Лукашэнку, хто быў ім вылучаны на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суду.
Ціхіня прапанаваў абодвум бакам кампрамісны варыянт: і Вярхоўны Савет, і прэзыдэнт адклікаюць свае варыянты Канстытуцыі. Лукашэнка на гэта не пагадзіўся.
Прыгадваючы выступ Ціхіні, Мечыслаў Грыб піша, што «калі б гэтыя словы прагучалі з вуснаў старшыні Вярхоўнага Савету альбо ягонага намесьніка, а ня з вуснаў старшыні Канстытуцыйнага суду, яны маглі б больш важыць. Аднак ні старшыня Вярхоўнага Савету, ні ягоныя намесьнікі ня здолелі даць такой дакладнай і яснай юрыдычнай ацэнкі праекту Канстытуцыі, як гэта зрабіў доктар юрыдычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук В. Ціхіня».
Такую ж, толькі больш разгорнутую і падрабязную, ацэнку прэзыдэнцкаму варыянту далі мы з Пазьняком у артыкуле, які паслалі ў Менск і які, як я ўжо згадваў, ня быў надрукаваны. Але, калі, як сьведчыць Грыб, для дэпутатаў недастаткова важка гучалі словы нават кіраўніка Канстытуцыйнага суду, што ўжо казаць пра нас, пра экс-дэпутатаў, якія ў сьвядомасьці дэпутатаў дзейных былі «ніхто». Вось калі б сьпікер ці віцэ-сьпікер, кажа Грыб...
У пятніцу 18 кастрычніка ў Менску дэмакратычныя сілы ў Палацы прафсаюзаў правялі кангрэс «У абарону дэмакратыі».
А на наступны дзень, 19 кастрычніка, на плошчы перад Опэрным тэатрам сабраліся тысячы людзей. У іх арганізацыі мітынгу ня бралі ўдзел камуністы. Дэвіз быў «У абарону Канстытуцыі — супраць дыктатуры».
У той жа самы дзень у Палацы спорту Лукашэнка сабраў «агульнабеларускі народны сход».
Адмовіўшыся пайсьці на лукашэнкаўскі сход, Шарэцкі адначасна катэгарычна адмовіўся ісьці і на кангрэс дэмакратычных сілаў, і на мітынг, якія праводзіў Народны Фронт, заявіўшы на сэсіі: «Я не пайду на кангрэс... Я не пайду і на Ўсебеларускі сход... На мітынг я таксама не пайду».
І не пайшоў.
Практыка вулічных баёў з Грознага едзе ў Менск
Да мітынгу ўлады падрыхтаваліся сур’ёзна. Напэўна, ні да адной акцыі апошніх гадоў не было мабілізавана гэтулькі войска і міліцыі, а таксама нейкіх спэцыфічных карных падразьдзяленьняў. Былі і сабакі.
За дзень да мітынгу па Менску разьляцеўся спэцвыпуск газэты «Свабода» — на адной старонцы, як улётка. У ёй быў зьмешчаны дакумэнт, перададзены ў рэдакцыю, як было пазначана ў камэнтары, «сумленнымі людзьмі».
Я ведаю, што многія ў Менску былі шакаваныя тым тэкстам, але нас з Пазьняком ён ні ў якой ступені не зьдзівіў. Як, думаю, і іншых былых дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якім давялося адчуць на сябе ўдары і зьдзекі афіцэраў спэцслужбаў у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году.
«Дакумэнт рэдакцыя атрымала позна ў чацьвер, калі пятнічны нумар „Свабоды“ ужо друкаваўся, і нам нічога не заставалася, як зрабіць сёньня вось такі спэцвыпуск», — гаварылася ў рэдакцыйным артыкуле.
Гэта была дакладная запіска начальніка баявой падрыхтоўкі корпусу аховы намесьніку камандуючага ўнутранымі войскамі «О результатах выполнения распоряжения по подготовке сил и средств к охране общественного порядка 19-20 октября 1996 года».
З дакумэнту вынікала, што структуры Міністэрства ўнутраных спраў гатовыя да сапраўдных баявых дзеяньняў на вуліцах сталіцы, і праціўніка яны бачылі ў мірных людзях.
Вось фрагмэнты дакумэнту (стылістыка захаваная):
... Личный состав готов к выполнению любых задач, в самой сложной обстановке.
Огневые группы из расчёта 4 снайпера и 12 автоматчиков в каждом элементе боевого порядка подготовлены и готовы к применению оружия по хулиганствующим элементам. Требования УБС о порядке применения оружия изучены и приняты зачёты под роспись.
Боевая техника: бронетранспортёры, БРДМ согласно ранее проводимого расчёта подготовлены, обслуживание произведено. Боезапас: 1 комплект боевой, 2 — холостых.
Группы применения специальных средств «Черёмуха», «Ольха» и «Омут» подготовлены. На специальном полигоне в районе населённого пункта Мстиги Заславского района проведено их боевое слаживание. Дополнительно получено на армейских складах п. Речица специальное средство под кодовым названием «Пион». Группа применения его готова....
Вместе с тем в силу того, что его применение может поразить большое количество людей, в т.ч. женщин и детей, считаю целесообразным применять его только в исключительном случае.
Специалистов-инструкторов отряда «Витязь» (г. Ростов-на Дону) прибывших для подготовки офицерского состава практике уличных боёв в г. Грозном целесообразно использовать во всех частях и подразделениях специального назначения с целью увеличения охвата личного состава для подготовки.
Водомёты и пожарные машины корпуса в количестве 24 шт. к действиям готовы. Расчёты подготовлены. Сектора обстрела определены. Подключение к пожарным гидрантам на местах будет проведено в течение 3-5 минут.
Специалисты служебно-разыскных собак и служебных животных будут использованы только централизовано и при прорыве толпой милицейских заслонов в направлении Дворца спорта.
Всего служебно-разыскных собак 73. Место сосредоточения: подсобное хозяйство учебного центра «Воловщина».
Фильтрационный пункт на войсковом стрельбище «Воловщина» готов принять до 2,5 тыс. задержанных. Условия для размещения имеются. Охрана организована. Инженерные и технические работы проведены. Выделенные 2 вертолётные эскадрильи из МО целесообразно передать войсковой части 3214...
С целью качественного выполнения поставленных задач прошу дополнительно выделить:
По 2 заправки ГСМ на ПТ-76 (22 шт.);
49 «КамАЗов» для переброски в г. Минск милицейских частей, дислоцирующих в областных центрах.
Специальные средства «Амур» и «Тополь» из расчёта на каждого офицера и прапорщика.
Начальник боевой подготовки корпуса охраны полковник А.А. Шкун.
«Прачытаўшы дакладную запіску палкоўніка Шкуна, кожны з нас цяпер лепш разумее сэнс хваробы таго чалавека, які сёньня кіруе нашай краінай», — камэнтавала рэдакцыя «Свабоды».
Рэдакцыя прасіла чытачоў зьвярнуць увагу на тое, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія інструктары, якія вучаць беларускія падразьдзяленьні спэцназу тактыцы вулічных баёў, улічваючы досьвед вайны ў Чачэніі.
«У нас былі зьвесткі, што Лукашэнка прасіў генэрала Лебедзя дапамагчы, у тым ліку інструктарамі, але мы не знаходзілі гэтаму пацьверджаньня, таму не публікавалі інфармацыі. Цяпер, як бачым, Лебедзь выканаў просьбу нашага авантурыста», — пісалася ў рэдакцыйным камэнтары «Свабоды» і выказвалася спадзяваньне, што, публікуючы дакумэнт, яны «сарвалі пляны авантурыстаў і суботняя акцыя пратэсту ў абарону Канстытуцыі і супраць дыктатуры пройдзе мірна».
У той жа дзень, калі выйшаў адмысловы выпуск «Свабоды» з тэкстам дакладной запіскі, ён трапіў у Авальную залю, і а 14-й гадзіне на сэсію Вярхоўнага Савету прыйшлі намесьнікі кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Незалежныя журналісты ацанілі іх выступы як няўцямныя.
Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Тарабрын заявіў, што з дакумэнтам не знаёмы і адначасна сказаў, што дакумэнт складзены не ў адпаведнасьці з прынятымі нормамі ўнутраных дакумэнтаў МУС.
Апошняе сьцьвярджэньне, сам таго не жадаючы, зьняпраўдзіў камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Сівакоў, які ў той жа вечар заявіў па тэлевізіі, што аўтар дакумэнту знаёмы з усімі правіламі афармленьня ўнутранай дакумэнтацыі міністэрства.
На мітынгу, які прайшоў 19 кастрычніка і сабраў некалькі тысяч удзельнікаў, генэрал Юры Захаранка заявіў, што верыць у сапраўднасьць апублікаванага «Свабодай» дакумэнту. «Захаранка, — заявіў на наступны дзень Лукашэнка на „ўсенародным сходзе“, — размахваючы чарговай фальшыўкай, крычаў пра тое, што ўлада рыхтуе гвалт!»
Мы з Пазьняком не сумняваліся, што дакумэнт сапраўдны, бо яшчэ паўтара года раней аўтаматчыкаў і спэцназ бачылі не на вуліцах, а ў залі парлямэнту, і ня проста бачылі, а адчулі на сваім целе. Калі войскі ўвялі ў парлямэнт і пабілі дэпутатаў — што магло перашкодзіць вывесьці іх на вуліцу і прымяніць супраць мітынгоўцаў?
Аднак ні спэцвойскаў, ні сабак супраць мітынгоўцаў гэтым разам не прымянілі. Наколькі мне вядома, больш гэты чалавек — «палкоўнік А.А.Шкун» — нідзе публічна не засьвяціўся.
Цалкам магчыма, што якраз дзякуючы публікацыі дакумэнту той раз абышлося без разгону і сабак.
Ямо «экалягічна чыстыя амэрыканскія прадукты»
У 1998 годзе некаторыя асобы з атачэньня Барыса Ельцына паспрабуюць «зандаваць» грамадзкую думку на прадмет вынасу з Маўзалею цела Леніна (гэта Ельцын мог зрабіць у першыя дні пасьля правалу путчу ў жніўні 91-га). Але ў жніўні 98-га здарыцца дэфолт, рэйтынг Ельцына абрынецца і будзе не да Леніна.
А вось Лукашэнка скажа, што, калі Ленін не патрэбен Маскве, ён гатовы забраць яго ў Менск. Выкажацца толькі аднойчы, але тыя словы камэнтатары і сатырыкі будуць успамінаць так доўга, што ў інтэрнэце нельга будзе адшукаць першакрыніцу.
З маўзалеем не атрымаецца, аднак шмат у чым астатнім савецкую герархічную сыстэму зь яе атрыбутамі Лукашэнку аднавіць удасца. І адным з важных такіх атрыбутаў будуць «усенародныя сходы» — копія зьездаў КПСС.
Першы адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 году ў Палацы спорту. Форум арганізавалі без такой доўгай падрыхтоўкі, як усесаюзныя партыйныя зьезды, але з такой жа колькасьцю «дэлегатаў» (пяць тысяч), і такой жа эфэктыўнасьцю — усе ўдзельнікі былі падрыхтаваныя да аднагалоснага ўхваленьня і аплядысмэнтаў правадыру.
Лукашэнка адкрыў сход кароткім выступам, у якім адразу абазначыў непрыманьне прынцыпаў парлямэнтарызму:
Мы не ставим под сомнение значимость системы западного парламентаризма, однако считаем, что реализация общедемократических ценностей в каждой конкретной стране должна соответствовать её историческому опыту и вековому укладу народной жизни... Для белорусов — это прежде всего великая традиция общенародного вече, на котором издревле решались самые сложные вопросы. Именно с целью услышать ваше мнение, всего народа о путях развития Республики и сообща принять важнейшие решения я выступил инициатором созыва первого Всебелорусского народного собрания.
У часы Полацкага княства сапраўды існаваў народны сход гараджанаў, які прымаў рашэньні (што адметна, князь ня меў права жыць у рысе гораду). То быў так званы старажытнарускі пэрыяд. Але пазьней у Беларусі была ўжо значна больш дасканалая форма, якую якраз і можна лічыць парлямэнтарызмам — я маю на ўвазе Вялікае Княства Літоўскае і яго Сойм. Калі я зьвярнуўся па кансультацыю да гісторыка Сяргея Абламейкі, ён нагадаў, што ў нас дзейнічала ня толькі Магдэбургскае, але і Саксонскае права, з судовай сыстэмай, якая прадугледжвала спаборніцтва бакоў. Але пра такую «традыцыю» прарасейскія сьпічрайтэры і памочнікі Лукашэнкі не пажадалі ўспамінаць.
Галоўнай, вядома, была заява пра тое, што цяпер у Беларусі будзе «асаблівы шлях» да таго, што яе ўладар разумеў пад дэмакратыяй. Пазьней «асаблівым шляхам», пракладзеным Лукашэнкам, пойдзе кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, які вынайдзе нават форму для падобнага — «сувэрэнная дэмакратыя».
На сходзе выступілі каля трыццаці дэлегатаў, але галоўным, вядома, быў даклад Лукашэнкі.
Пачаў Лукашэнка з таго, што памкненьнем беларускага народу назваў не прагу да незалежнасьці, а жаданьне жыць у імпэрыі:
В нашей недавней истории много трагических примеров, когда люди, стоявшие у власти, нагло и цинично растаптывали желания и чаяния своего народа. А расплачивались за это всегда простые люди. Все вы помните — в 1991 году мы подавляющим большинством высказались за сохранение Советского Союза. В основе такого выбора были и здравый смысл, и мудрость белорусского народа. Люди сердцем чувствовали, что и чернобыльскую беду, и другие невзгоды легче и быстрее можно преодолеть в составе великой страны, вместе с братскими народами.
Меў на ўвазе Лукашэнка рэфэрэндум аб захаваньні СССР, які адбыўся 17 траўня 1991-га. Вось толькі ў Беларусі ён быў прызначаны з парушэньнем заканадаўства, ды і прыхільнікам незалежнасьці слова ў СМІ не далі.
Спасылка на Чарнобыль выглядала асабліва цынічна. У чэрвені 1990-га дэпутат Лукашэнка прысутнічаў у Авальнай залі пры абмеркаваньні чарнобыльскай праблемы, калі кіраўнікі рэгіёнаў (натуральна, камуністы) скардзіліся, што Беларусь не атрымлівае ад «цэнтру» (гэта значыць ад Масквы) патрэбнай дапамогі. Чуў ён і пра тое, што да 1991 году Беларусь пералічвала сродкі, выдаткаваныя на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС, у саюзны фонд, а адтуль атрымлівала значна меней. Пра гэтую заганную практыку пісала нават афіцыйная прэса. Кіраўніцтва БССР разумела абсурднасьць сытуацыі, але баялася ня выканаць распараджэньня Масквы.
Но правители у мудрого народа оказались далеко не мудрыми людьми. Высокомерно проигнорировав волю народа, они с лёгкостью подписали в Вискулях клочок бумаги и сделали то, чего не могла сделать огромная военная машина фашистской Германии. Великая страна, вышедшая победительницей из самой страшной в истории войны, оказалась беззащитной перед политическими авантюристами. Их безответственность обернулась горем и нищетой для миллионов людей. Посмотрите — на огромных просторах бывшего Советского Союза разгорелись кровавые конфликты, миллионы людей стали беженцами, подвергается разграблению то, что создавалось трудом народа.
А что выиграл белорусский народ в результате «исторических соглашений в Вискулях» (как любят выражаться наши национал-экстремисты)?
И не моя вина в нынешней ситуации, а моя боль и беда, корни которой зарыты в Беловежской пуще.
Каторы ўжо раз утварэньне незалежнай Беларусі і распад Саюзу Лукашэнка называў катастрофай для народу, але параўнаньне з гітлераўскай машынай прагучала, здаецца, упершыню.
Ну а далей прамоўца перайшоў на асобы — натуральна, у самай зьняважлівай танальнасьці.
Наш народ один на один остался с чернобыльской бедой. В отличие от господ Наумчика и Позняка, перешедших на экологически чистые американские продукты, белорусский народ живёт на своей земле. Если раньше нам, белорусам, помогал весь Союз, то сегодня мы можем рассчитывать на свой скудный бюджет.
Экономика Беларуси, бывшей сборочным цехом Союза, была поставлена на грань катастрофы. Каждый из нас на себе чувствует последствия этого «исторического соглашения». А Шушкевич и иже с ним, сотворив всё это, продолжают поучать белорусский народ. Но, думаю, им уже не удастся ещё раз обмануть людей.
І панеслася:
«Газеты и другие СМИ полны заявлений господ Богданкевича, Климова, Карпенко о приближении экономической катастрофы».
«Один из бывших, кто сегодня называет себя борцом за права человека, Юрий Захаренко, ещё будучи министром, несколько раз выходил с предложением, чтобы я своими указами изменил уголовный закон. Мало того, что таких полномочий у меня нет, предложения министра носили „костоломный“ характер и возвращали нас к обстановке 37-го года. Это тот самый человек, который был выдворен из МВД за строительство за миллиарды рублей дворца для своего личного отдыха. Это тот самый Захаренко, который вчера (на мітынгу. — С.Н.), размахивая очередной фальшивкой, кричал о том, что власть готовит насилие!»
«Самые большие трудности для белорусской внешней политики создаёт та грязь, которую льёт на нашу страну выезжающая за рубеж наша доморощенная политическая оппозиция. Позняки, наумчики, шушкевичи, таразевичи, богданкевичи, гилевичи, а теперь Новиков и Шарецкий калякают (тут ужо намёк на Калякина. — С.Н.), пытаясь оказать давление на здравомыслящих политиков на Западе и Востоке, запугивая их угрозой диктатуры. Явно зачастили в последнее время за рубеж господа Лебедько, Карпенко, Кравченко, Тихиня...»
Тое, што найбліжэйшыя дарадцы Лукашэнкі, члены ўраду, кіраўнікі спэцслужбаў не вылазілі з Масквы, лічылася нармальным. Расея ўспрымалася не як «замежжа», а як «свая» краіна.
«Когда депутаты Лебедько и Кравченко в Совете Европы ходатайствуют об отсрочке приёма Беларуси в эту организацию, они объективно смыкаются с позицией добровольных эмигрантов Позняка и Наумчика, которые призывают Америку не давать нам кредиты.
Они равнодушны к тому, что в результате такой политики страдают не правительство, не президент, которого они ненавидят, а белорусский народ, в любви к которому они клянутся».
«Я совсем недавно — вчера или позавчера — увидел знакомые лица в российской Думе. И, сидя у телевидения, просто изумился. Дракохрусты и прочие майсени, которые три года назад (поднимите подшивку) были лютыми врагами русского человека, поехали искать поддержку у русских против Лукашенко. Слушайте, такого, таких чудес, такого беспардонного бесстыдства история ещё не знала».
І яшчэ некалькі цытатаў, якія адлюстроўвалі стаўленьне Лукашэнкі да нацыянальных каштоўнасьцяў, канстытуцыйнай законнасьці, прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.
Пра канстытуцыйнасьць:
«Весной заставляю платить зарплату к какому-то сроку, осенью заставляю платить к какому-то сроку. Вот тут я нарушаю Конституцию. Это я вам говорю перед лицом всей страны. Но Конституционный суд никогда меня за это не осудил. Потому что он давно превратился в политический орган и боится осудить там, где глава государства хоть и нарушает закон, но действует в интересах народа».
Гэта ўжо была атака ня толькі на парлямэнтарызм і на Вярхоўны Савет, але і на Канстытуцыю. Лукашэнка прама заявіў, што парушае Канстытуцыю, але робіць гэта ў «інтарэсах народу».
І калі сапраўды тэксты выступаў Лукашэнкі пісалі ў тым ліку і адмыслоўцы ў галіне нэўралінгвістычнага праграмаваньня, з улікам узьдзеяньня на падсьвядомасьць — гэты пасаж мусіў закласьці ў людзей перакананьне, што Канстытуцыі і іхнія інтарэсы — рэчы несумяшчальныя. І што вырашыць гэтую супярэчнасьць можа толькі Лукашэнка.
Ліквідацыяй адной з супярэчнасьцяў. Ці абедзьвюх адразу.
Кіраўнікі прадпрыемстваў забараняюць беларускую мову
Быў у новага «тырана Беларусі» вораг куды больш магутны, чым нацыянал-радыкалы і БНФ, чым Канстытуцыя і Вярхоўны Савет.
Узьнік ён задоўга да таго, як чалавецтва прыдумала паняцьці «канстытуцыйная законнасьць», «падзел уладаў», «парлямэнтарызм». Узьнік як сродак паразуменьня паміж людзьмі — спачатку ў справах простых, як здабываньне ежы, як спосаб абараніцца ад ворага, і ўжо пазьней — як спосаб дамовіцца, а праз шмат-шмат часу — каб сьцьвердзіць сваё права «людзьмі звацца».
Гэтым ворагам была мова. Беларуская мова, чуючы якую ад суразмоўцы, як прыгадваю яшчэ зь першых сустрэч вясной 1990-га, у Лукашэнкі перасмыкаўся твар, нібыта ён паспытаў лімон.
І, атрымаўшы самую высокую ў краіне пасаду, менавіта па беларускай мове нанёс Лукашэнка свой першы самы моцны ўдар.
Вспомните 1995 год, майский референдум. Вы помните? Было абсолютно то же. «Общество расколется. Что этот Лукашенко делает? Нация погибнет. Беларускую мову зьніштожым».
Что произошло? Что плохого, что сегодня гражданин... выбирает тот язык, на котором он хочет говорить и обучать своих детей?.. Погибла беларуская мова? Ни в коем случае не погибла. Наоборот, тенденция осознания, тенденция самасьвядомасьці, тенденцыя популяризации беларускай мовы сегодня растёт. Но не под давлением, потому что когда давишь — всегда получаешь эффект обратный, эффект бумеранга.
Гэты пасаж Лукашэнкі на «ўсебеларускім народным сходзе» пракамэнтую словамі двух нацыянальных дзеячоў, якія прагучаць празь некалькі месяцаў пасьля выступу Лукашэнкі, на Другім зьезьдзе беларусаў сьвету.
Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі:
Імпэрашавіністы і запраданцы авалодалі палітычнай сытуацыяй у краіне і разгарнулі шалёна-апантаную дзейнасьць, скіраваную на ліквідацыю сувэрэннай, незалежнай дзяржавы — Беларусь.... Сёньня ў афіцыйным друку нямала пішацца аб тым, што нібыта ў 1990–1994 гг. у нас праводзілася гвалтоўная беларусізацыя. Хачу рашуча запярэчыць, што гэта няпраўда. Не было ніякай патрэбы ў прымусовасьці і гвалце. Як толькі людзі адчулі свабоду і атрымалі Закон аб мове, яны самі адразу ж павярнуліся душой і сэрцам да роднага слова, да нацыянальнай культуры, да вытокаў і каранёў свайго гістарычнага быцьця. Далі б і цяпер магчымасьць на ўвесь голас гаварыць праўду па радыё, тэлебачаньні, і мы ўбачылі б, як людзі пачалі б вызваляцца ад туману, хлусьні і дэмагогіі.
Радзім Гарэцкі, акадэмік, прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»:
За апошнія тры гады назіраецца вялікі адкат ад беларускасьці, асабліва інтэнсіўна пасьля абодвух рэфэрэндумаў... Цяпер ідзе фактычнае зьнішчэньне беларускамоўнага навучаньня. Сёньня ўжо менш 20% дзетак займаюцца па-беларуску. У Менску няма ніводнага беларускамоўнага садка, ніводнай цалкам беларускамоўнай школы. У адзінага ў Беларусі беларускамоўнага ліцэя адбіраюць будынкі. Тая ж доля пагражае Дому пісьменьніка — сапраўднаму прытулку беларускай мовы. Навучаньне ў ВНУ амаль скрозь рускамоўнае. Вельмі рэдкія навуковыя ўстановы і арганізацыі культуры, дзе можна пачуць беларускую мову... Усюды дакумэнтацыя вядзецца амаль цалкам па-руску. Кіраўнік дзяржавы за тры гады кіраваньня толькі тры разы і выступіў па-беларуску! Дзе ва ўсім сьвеце можна знайсьці яшчэ такую краіну?
Працытаваў Гарэцкі і дакумэнт, які стаўся вынікам пазыцыі вышэйшай улады ў дачыненьні да беларускай мовы:
Нядаўна газэта «Народная воля» пад рубрыкай «SOS» надрукавала загад кіраўніка Наваполацкай ТЭЦ Уладзімера Лебедзева: «В связи с тем, что большинство работников ТЭЦ не владеет в совершенстве белорусским языком, и в соответствии со ст. 17 Конституции Республики Беларусь, которая определяет государственными языками в РБ белорусский и русский, приказываю: 1. Всему руководящему составу управления ТЭЦ, начальникам цехов, отделов и служб оперативную и техническую документацию вести только на русском языке. 2. Зам. директора по кадрам внести соответствующие изменения по делопроизводству. 3. Приказываю объявить всем работникам ТЭЦ». Як кажуць, камэнтарыі залішнія. (Другі і трэці зьезды беларусаў сьвету, Менск, «Беларускі кнігазбор»).
Упершыню ў жыцьці запярэчу шаноўнаму Радзіму Іванавічу Гарэцкаму, добрымі шматгадовымі адносінамі зь якім ганаруся — у гэтым выпадку камэнтар якраз патрэбен. Забясьпечыць вывучэньне беларускай мовы работнікамі мусіла якраз улада, а кіраўніцтва прадпрыемства абавязана было стварыць належныя для гэтага ўмовы — у адпаведнасьці з Законам аб мовах, прынятым у студзені 1990-га. Шэсьць гадоў для гэтага было цалкам дастаткова. І другое: той жа закон, які тады яшчэ дзейнічаў у поўным аб’ёме, абавязваў спадара Лебедзева весьці дакумэнтацыю па-беларуску.
Але кіраўнікі адкрыта ігнаравалі закон у часы Кебіча, а з прыходам Лукашэнкі тыя, хто ня проста індыфэрэнтна, а варожа ставіўся да беларускай мовы, атрымалі карт-блянш. Вышэй працытаваным пасажам на «народным сходзе» Лукашэнка даў зразумець: ніякай дадатковай падтрымкі мова і нацыянальная культура не патрабуюць.
Увогуле, выступ Лукашэнкі на «народным сходзе» вызначыў (як потым выявілася, на дзесяцігодзьдзі) стаўленьне ўлады да нацыянальнай гісторыі з праімпэрскіх, пракамуністычных, фактычна сталінісцкіх пазыцый:
Президент на этот референдум вносит вопрос: перенести с 27 июля, когда фашист Кубе подписал соответствующий указ о символике и белорускости нашей державы, с этого дня на 3 июля, день освобождения нашей Беларуси, праздник, главный национальный праздник, чтобы его все праздновали.
Быў пацьверджаны курс на збліжэньне з Расеяй:
Дружба с Россией — это гарантия суверенного существования нашего государства.... Хочу подчеркнуть, что сближение с Россией находится в русле самых современных мировых тенденций развития. Посмотрите, как объединяется Европа: создаются наднациональные органы управления, единое законодательство, вводится единая для стран Европейского Союза валюта. Все понимают, что это магистральный путь развития цивилизации.
І, нарэшце, Лукашэнка заявіў, якая мадэль дзяржавы будзе выбраная:
Дирижёр в стране нужен всегда, как бы кому-то не нравилось. В семье, в маленькой семье нужен какой-то глава семьи... А вы хотите, чтобы миллионы людей жили в государстве, и в этом государстве не было вот этого, мягко говоря, дирижёра, главы... Выбросьте из головы вот это равновесие, балансы, противовесы, издержки — это должно быть между ветвями власти. Но ведущий должен быть всегда, который наделён определёнными теми полномочиями, которые вы дадите.
Такім чынам, падзел уладаў — выканаўчай, заканадаўчай і судовай — можа фармальна заставацца (хаця лепей бы пра яго забыцца), але над усімі — ён, галоўны.
І ўсе гэтыя прапановы пяць тысяч адфільтраваных удзельнікаў сходу сустрэлі воплескамі. Праз пэўны час некаторыя зь іх будуць лічыць за лепшае ня згадваць пра свой удзел.
Віктара Ганчара выправаджваюць
Як толькі мы атрымалі статус палітычнага прытулку, адразу ж запоўнілі патрэбныя анкеты для атрыманьня так званага «падарожнага дакумэнту», зь якім можна было пакінуць тэрыторыю Злучаных Штатаў. Статус палітуцекачоў даваў нам абарону; да таго ж цяпер, як нам здавалася, усё, што можа здарыцца з намі, было б сьпісана на лукашэнкаўскія спэцслужбы і мела б куды больш шырокі розгалас, чым раней. Таму, здавалася нам, забіваць нас цяпер яны не адважацца. Праўда, Пазьняк ацэньваў сытуацыю, як я потым зразумеў, больш цьвяроза і казаў, што выключаць нельга нічога.
Мы не зьбіраліся жыць у Амэрыцы бязвыезна і ўвогуле лічылі, што Лукашэнку застаецца няшмат, магчыма, некалькі месяцаў. На карысьць гэтага была і інфармацыя пра тое, што ўзмацняюцца настроі супраць яго і ў кіроўнай эліце.
У выпадку імпічмэнту Лукашэнкі і ягонага сыходу мы зьбіраліся вярнуцца ў Менск. Мы дамовіліся пра гэта яшчэ ў ліпені, калі падавалі заяву на палітычнае прыстанішча, і больш да гэтай тэмы ў ракурсе «паедзем ці не» не вярталіся: ясна, што паедзем. Пытаньне — калі.
Адказ на яго залежаў ад падзеяў у Менску.
20 кастрычніка Пазьняк ізноў зьвярнуўся да Шарэцкага:
Паважаны Сямён Георгіевіч.
Я хацеў бы пазнаёміць вас зь меркаваньнямі, якія, магчыма, мелі б для вас пэўны інтарэс.
На мой погляд, нельга дапусьціць, каб шляхам грубага парушэньня Канстытуцыі зноў была створана сытуацыя, як з ганебным рэфэрэндумам 1995 г.
Пытаньне аб рэфэрэндуме, прызначаным на 24 лістапада, павінна быць перагледжана і прыведзена ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. (Гэта зразумела і без суду.) У артыкуле 149, ч.2 сказана, што «зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэфэрэндум». А калі так, то кожнае зьмяненьне і дапаўненьне павінна галасавацца асобна як самастойнае пытаньне. Агулам галасаваць немагчыма. І законы, і Канстытуцыя галасуюцца паартыкульна. Гэткая працэдура існуе паўсюдна і абумоўленая самім прадметам галасаваньня. На рэфэрэндум жа, які прызначаны 24 лістапада, вынесены не папраўкі і зьмяненьні, а новая Канстытуцыя, дзе іншая колькасьць артыкулаў, ёсьць новыя главы, заменены іх парадак і г.д. Канстытуцыя не выносіцца на рэфэрэндум.
Я ведаю, што вы зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд. Не сумняваюся, што рашэньне Суду будзе нармальнае і праекты Канстытуцыі (лукашэнкаўскай і камуністаў) будуць вернутыя на належнае афармленьне зьмяненьняў і дапаўненьняў.
Мяркую, што мае рацыю В. Ганчар, калі кажа пра неабходнасьць прыняцьця пастановы ВС аб пераносе дадатковых выбараў і рэфэрэндуму на больш позьні тэрмін у сувязі зь невыкананьнем неабходных умоваў выканаўчай уладай.
19 кастрычніка адпаведныя колы плянавалі ўжыць зброю, ваенную сілу і сабак супраць людзей у Менску. Гэта абурае. Ня толькі пракуратура, але і спэцыяльная камісія Вярхоўнага Савету магла б расьсьледаваць гэты факт. Пытаньне пра імпічмэнт паўстае з новай сілай.
Паважаны Сямён Георгіевіч, толькі ініцыятыўны парлямэнт і рашучыя пасьлядоўныя палітыкі дасягаюць посьпеху.
Зычу Вам усяго найлепшага.
З павагай — Зянон Пазьняк. 20 кастрычніка 1996 г.
4 лістапада Канстытуцыйны суд вырашыў, што пытаньне аб зьменах Канстытуцыі не павінна выносіцца на абавязковы рэфэрэндум. 14 лістапада Вярхоўны Савет абмяркоўваў пытаньне «Аб найгрубейшым парушэньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь пры правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму».
Пералічыўшы парушэньні з боку выканаўчай улады (практычна ўсё рабілася без уліку меркаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі), старшыня ЦВК Віктар Ганчар сказаў, што «у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам галасаваньне можа быць прыпынена ў выпадку ўвядзеньня надзвычайнага становішча. Вам меркаваць, менавіта Вярхоўнаму Савету, ёсьць у нас элемэнты надзвычайнага становішча альбо не».
Мечыслаў Грыб ацэньвае гэтыя словы як прапанову Вярхоўнаму Савету скасаваць ранейшае рашэньне аб прызначэньні рэфэрэндуму. Але дэпутаты гэтага не зрабілі. І, больш за тое, вырашылі сабрацца на сэсію толькі 20 лістапада, перад самым рэфэрэндумам. Як зазначае Мечыслаў Грыб, «гэта была тактычная памылка кіраўніцтва Вярхоўнага Савету» (с. 123).
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар заявіў, што не падпіша выніковага пратаколу рэфэрэндуму. У той жа дзень, калі Вярхоўны Савет адмовіўся ад прапановы Ганчара скасаваць сваё ранейшае рашэньне аб прызначэньні рэфэрэндуму, Лукашэнка падпісаў указ аб адхіленьні Віктара Ганчара ад абавязкаў старшыні ЦВК.
На гэта прэзыдэнт ня меў ніякага права: паводле Канстытуцыі, старшыню ЦВК прызначае Вярхоўны Савет. Афіцыйныя СМІ паведамілі, што з прапановай замяніць старшыню ЦВК да прэзыдэнта зьвярнуліся дзевяць членаў камісіі. Як потым высьветлілася, папраўдзе дзевяць членаў ЦВК выклікалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, дзе кіраўнік адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч і ягоны намесьнік Сазонаў прапанавалі падпісаць падрыхтаваную адміністрацыяй заяву.
Выводзіць Ганчара з будынку ЦВК зьявіўся начальнік Галоўнай управы дзяржаўнай аховы палкоўнік Цесавец — той самы, які ў ноч з 11 на 12 красавіка 95-га спрабаваў выправадзіць нас, дэпутатаў-галадоўнікаў, з Авальнай залі.
«Я выканаю ўказ прэзыдэнта да канца», — заявіў Цесавец перад тэлекамэрамі.
Служба аховы прэзыдэнта паспрабавала выцягнуць Ганчара зь ягонага кабінэта ў будынку ЦВК — не атрымалася. Пра тое, што адбывалася ў той дзень у Менску, я ў Нью-Ёрку слухаў па Радыё Свабода, выйшаўшы з дому на вуліцу (так лепей лавілася) і прыціснуўшы прымач да вуха. Пазьней, праз гады, я праслухаў рэпартажы ўжо ў архіўным запісе.
Ганчар: Сёньня намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы аб’ектаў падпалкоўнік Сыраквашка спрабаваў прымяніць меры фізычнага ўзьдзеяньня для таго, каб мяне затрымаць. Але, на жаль, у мяне дастаткова самавітая спартовая фігура для таго, каб гэта было рэалістычным. Натуральна, што ніякага тэксту ўказу няма, і ўказ мяне менш за ўсё цікавіць, бо я службовая асоба, якая падпарадкоўваецца закону, а не ўказам, якія выдадзены зь перавышэньнем канстытуцыйных паўнамоцтваў.
Да будынку ЦВК на вуліцы Кастрычніцкай прыбылі дэпутаты парлямэнту на чале з Шарэцкім, якога прэзыдэнцкая ахова спачатку не пускала ў памяшканьне. Шарэцкі заявіў журналістам пра канстытуцыйны пераварот. Але ня толькі. «Злачынцы! Робяць злачынства!» — абурыўся Шарэцкі (другі, паводле Канстытуцыі, чалавек у дзяржаве).
Да ЦВК падыходзілі актывісты Народнага Фронту, і ўжо праз гадзіну сабралася некалькі сотняў чалавек (нагадаю, што сацыяльных сетак не было, мабільных тэлефонаў у звычайных людзей — таксама).
Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі заклікаў менчукоў падтрымаць ЦВК і Вярхоўны Савет:
У краіне робіцца дзяржаўны пераварот, і абавязак кожнага чалавека, які бароніць дэмакратыю, незалежнасьць, сёньня ўвечары прыйсьці на плошчу Незалежнасьці. Мэта гэтай акцыі — паказаць, што народ ня сьпіць і народу гэты рэжым надакучыў.
Калі на вуліцы Менску былі выведзеныя бронетранспартэры, Сямён Шарэцкі зачытаў зварот да беларускага народу, да членаў ураду і супрацоўнікаў сілавых структураў, да сусьветнай супольнасьці:
Робіцца ўсё больш відавочна, што Лукашэнка стаў на шлях антыканстытуцыйных рашэньняў, не спыняецца ні перад чым. Адно парушэньне закону нараджае другое. Ажыцьцяўляецца жудасны экспэрымэнт масіраванага ўзьдзеяньня на сьвядомасьць і падсьвядомасьць людзей манапалізаванымі Лукашэнкам сродкамі масавай інфармацыі. Грамадзяне Рэспублікі пазбаўленыя магчымасьці зрабіць асэнсаваны і аб’ектыўны выбар. Па сутнасьці, рэфэрэндум ператвараецца ў фарс.
Паважаныя суайчыньнікі! Мы зьвяртаемся да вас з просьбай зрабіць усё магчымае, каб не дапусьціць усталяваньня дыктатуры на Беларусі. Не дапусьціць масавых распраў і рэпрэсій над людзьмі, якія думаюць інакш, чым Лукашэнка і ягонае атачэньне.
Дэпутаты Вярхоўнага Савету пачалі зьбіраць подпісы за імпічмэнт прэзыдэнту.
Пазьняк ізноў заклікаў кіраўніцтва Фронту «трымаць» Плошчу. Зьвярнуўся Пазьняк і да грамадзянаў Беларус, заклікаўшы ісьці на плошчу Незалежнасьці з патрабаваньнем неадкладнага імпічмэнту.
Нашыя паплечнікі ў Менску прыклалі вялікія высілкі, каб сабраць людзей і ля будынку Цэнтарвыбаркаму, калі адтуль «высялялі» старшыню ЦВК Ганчара, і ля Дому ўраду.
У тыя дні на хвалях Свабоды мы пачулі рэпартаж з плошчы.
— Скажыце, зь якой мэтай прыйшлі сюды людзі? — пытаўся карэспандэнт прэсавага сакратара сьпікера парлямэнту.
— Яны прыйшлі падтрымаць Вярхоўны Савет, — адказала сакратар.
Але людзі, прынамсі актывісты БНФ (іх была большасьць) прыходзілі зь іншай мэтай — не падтрымаць, а патрабаваць. Патрабаваць імпічмэнту.
Але сьпікер Шарэцкі ў самы крытычны момант заклікаў людзей з плошчы разысьціся.
Рыхтуецца імпічмэнт, адбудзецца пераварот
У Менску працягвалі зьбіраць подпісы за імпічмэнт.
Як прыгадвае тагачасны дэпутат Павал Знавец, ініцыятарам збору подпісаў была фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне», якая ў асноўным складалася з членаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Зьбіралі подпісы старшыня партыі Станіслаў Багданкевіч, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка і дэпутат Генадзь Цярэня.
Такую працэдуру мне давялося рабіць двойчы. Першы раз — у 1995-м, за правядзеньне рэфэрэндуму аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ). Мяне папрасілі пра гэта дарадцы Шушкевіча, які сам не хацеў ініцыяваць рэфэрэндум. Тады збор подпісаў быў спынены, бо Шушкевіч адмовіўся ад сваёй ідэі, але наўрад ці мне ўдалося б сабраць патрэбную колькасьць (сабраў крыху больш за сотню, а трэба было ад траціны дэпутацкага корпусу, гэта на той момант 115). Другі раз можна лічыць удалым. У пачатку 95-га, калі з Алегам Трусавым мы зьбіралі подпісы за завядзеньне ў Канстытуцыйным судзе справы аб манапалізацыі прэзыдэнтам сродкаў масавай інфармацыі (патрэбныя 70 подпісаў я сабраў, працэс адбыўся, суд прызнаў, што Лукашэнка дапусьціў парушэньне, і абавязаў яго адклікаць сваё рашэньне. Чаго той, зразумела, не зрабіў).
У 1993-м і 1995-м асобна падыходзілі да кожнага дэпутата і прасілі паставіць подпіс. Гэтак жа рабілі Карпенка і ягоныя паплечнікі ў 96-м, але была адна розьніца.
Я прапаноўваў ставіць подпісы на лістах адзін за другім (так, як мы зьбіралі подпісы пад заявамі апазыцыі), як звычайна, пазначаючы і нумар акругі. Набіралася недзе тры ці чатыры лісты: на першым уверсе было абгрунтаваньне, а на астатніх — толькі пазначэньне ўверсе, за што ставяцца подпісы. Гэтага мне здавалася дастаткова. Ва ўсялякім разе, у Канстытуцыйнага суду ня ўзьнікла сумневу ў аўтэнтычнасьці подпісаў (ня памятаю нават, ці трэба было іх усе разам заверыць у сакратарыяце Вярхоўнага Савету; магчыма, што і не).
Подпісы ж за імпічмэнт зьбіраліся на асобных лістах, гэта значыць, кожны дэпутат расьпісваўся асобна.
Зь юрыдычнага пункту гледжаньня розьніцы ніякай. Але пры такой сыстэме дэпутат ня бачыць хаця б частку тых, хто ўжо падпісаўся за яго, роўна як і ня ведае дакладна, якім па ліку ён ставіць подпіс. І мусіць даверыцца (калі спытаецца) інфармацыі таго, хто зьбірае подпісы.
Потым даводзілася чуць, што пры такой сыстэме дэпутатам псыхалягічна было прасьцей адклікаць свой подпіс.
Але куды большае значэньне — і палітычнае, і псыхалягічнае — мела тое, што старшыня Вярхоўнага Савету паставіў свой подпіс апошнім, прычым ужо тады, калі патрэбная іх колькасьць была сабраная.
Тым часам камуністы, агітуючы супраць Лукашэнкавага рэфэрэндуму, не забываліся пра яшчэ страшнейшага стратэгічнага праціўніка — лідэра БНФ.
У Віцебск на пашыраны пленум абласной арганізацыі партыі камуністаў прыехалі першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Васіль Новікаў і першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін. Ім давялося тлумачыць, чаму лідэры партыі не падтрымліваюць прэзыдэнта і ягоныя канстытуцыйныя прапановы.
Выступаючы з нэгатыўнай ацэнкай Лукашэнкі, Новікаў «па-бальшавісцку шчыра» патлумачыў:
Конституцию Лукашенко не поддерживаю потому, что на место Александра Григорьевича завтра может сесть кое-кто другой. Например, Зенон Позняк. Особенно если «чеченский кризис» приведёт к массовому приходу «голубых касок» ООН на территории российского соседа, заокеанские друзья помогут Зенону Станиславовичу подъехать вовремя в Беларусь. А полномочия у него по новой Конституции будут огромные... («Віцьбічы», 17 лістапада 1996).
Пры такіх настроях аднаго з кіраўнікоў Вярхоўнага Савету марна было спадзявацца, што і парады Пазьняка будуць успрынятыя, і фронтаўцы на Плошчы не здадуцца дэпутатам статыстамі (таму ў самы крытычны момант ім скажуць: «Разыходзьцеся!»).
Зь ліста Пазьняка да кіраўніцтва БНФ:
На Беларусі цяпер адбываецца дзяржаўны пераварот, кульмінацыя якога чакаецца 24 лістапада. Вымушаны яшчэ раз паўтарыць тое, што казаў тры дні назад.
Істотна зьмяніць становішча могуць цяпер толькі патрабаваньні вуліцы аб імпічмэнце Лукашэнкі і пастанова парлямэнту аб імпічмэнце. Вывесьці людзей на вуліцу можа толькі Народны Фронт.
Аднак складваецца ўражаньне, што кіраўніцтва БНФ недастаткова займаецца апэратыўнай арганізацыяй людзей на мітынгах і зборах.
Абсалютна недапушчальна, каб сьпікер парлямэнту ці які-небудзь дэпутат выходзіў і ўгаворваў людзей разысьціся. Накіроўваць і адказваць за мерапрыемства павінен арганізатар — Народны Фронт, яго кіраўніцтва і яго прадстаўнікі.
Народ выходзіць на плошчу не абараняць слабы парлямэнт, вінаваты ў шмат якіх нашых бедах, а патрабаваць ад яго выканаць Канстытуцыю і пачаць працэдуру імпічмэнту. Патрабаваць цьвёрда і грозна.
...Ня трэба слухаць канфармісцкія разважаньні дэпутатаў. Хай вяртаюцца ў залю і прымаюць рашэньні. Гэтаму парлямэнту засталося існаваць сем дзён, а «парлямэнтары» яшчэ, відаць, нічога не разумеюць.
Прашу вас рабіць усё, як трэба: мусіць быць плян сходу, арганізатары, адказныя кіраўнікі ад БНФ за мерапрыемства. Людзі павінны іх ведаць, павінны быць інфармаваныя аб мэтах і г. д., пры неабходнасьці на месцы мусіць быць створана грамадзкая ахова збору людзей (успомніце 24-25 жніўня 1991 г.).
Дарагія сябры! Ведаю пра вашу ахвярную працу і прашу не крыўдаваць за катэгарычнасьць...
Зянон Пазьняк, 18 лістапада 1996 г., 7 гадзін па менскім часе.
Тым часам у Менску нарэшце сабралі патрэбную для пачатку разгляду ў Канстытуцыйным судзе справы аб парушэньнях прэзыдэнтам Канстытуцыі колькасьць дэпутацкіх подпісаў.
Як прыгадаў у размове са мной у лістападзе 2001-га Міхаіл Пастухоў, заяву дэпутатаў з подпісамі, мяняючы аўтамабілі, прывёз былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка.
Пазьняк жа зьвярнуўся да людзей на плошчы:
Не падтрымка парлямэнту, а — патрабаваньне!
Беларусь не забылася, што гэты парлямэнт амаль аднагалосна ратыфікаваў ганебную здраду — антыканстытуцыйны пакт Лукашэнкі — Ельцына. Беларусь не забылася, што асобы, якія ходзяць цяпер у дысыдэнтах, напралом прывялі Лукашэнку да ўлады, топчучы ўсё людзкае, беларускае.
Беларусь бачыць, як у час змаганьня так званыя «дэмакраты» адзін за другім шмыгаюць у Маскву, прапануюць свае паслугі — «дэмакратычна» прадаць Беларусь. Не пакаяньне патрэбна ад іх Беларусі, а адкупленьне і справа.
Змыйце ганьбу, спадары-дэпутаты!
Аб’явіце імпічмэнт Лукашэнку!
Парлямэнту засталося існаваць некалькі дзён. На іхнім баку права. Закон, Канстытуцыя, абавязак перад нацыяй і вольныя людзі. Чаму яны не спыняюць узурпацыю і дыктатуру!? Чаму не выконваюць свой сьвяты канстытуцыйны абавязак!?
Паважаныя спадары і спадарыні! Калі зь Вярхоўнага Савету спусьціцца зноў хтосьці да вас і пераканаўча пачне ўгаворваць вас разысьціся, накіруйце яго назад просьценька ў Авальную залю і зрабіце наказ, каб ішоў працаваць і прымаць рашэньні. І каб без патрэбы не выходзіў. Ня ён вас зьбіраў, не яму вас і распускаць.
(Як у ваду глядзеў — да людзей выходзіў Шарэцкі і заклікаў разысьціся. Маўляў, мы, дэпутаты, усё зробім самі.)
...Дарагія сябры! Дарагія змагары! Маё сэрца з вамі. Не пакідайце плошчы, пакуль парлямэнт не распачне працэдуру імпічмэнту і пакуль не завершыць яе. Памятайце, лёс Беларусі на вашых плячах.
Падтрымлівайце Беларускі Народны Фронт! Верце яму, ён ніколі вам не здраджваў. Ён заўсёды быў за Беларусь. Верце тым, хто дзеля Бацькаўшчыны ахвяраваў сваёй крывёй, асабістай свабодай і родным домам. Верце тым, хто сьмелы, хто змагаецца і цярпіць. (19 лістапада 1996. Нью-Ёрк, 7 гадзін па менскім часе).
І вось зь Менску даляцела вестка — дэпутаты сабралі патрэбную колькасьць подпісаў для пачатку працэдуры імпічмэнту.
19 лістапада група дэпутатаў Вярхоўнага Савету была запрошаная да Лукашэнкі. У выніку 62 дэпутаты падпісалі заяву, у якой падтрымалі прэзыдэнта. У працы Вярхоўнага Савету яны не ўдзельнічалі, у выніку 20 лістапада ў Авальнай залі адсутнічалі 90 дэпутатаў.
Гэта тое самае, што ў верасьні 1995 году зрабіў тагачасны кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын, які загадаў залежным ад выканаўчай улады дэпутатам зрываць кворум, у выніку некалькі месяцаў краіна заставалася без найвышэйшага органу заканадаўчай улады.
Цяпер нешта падобнае здарылася і зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня. Для кворуму (гэта значыць, каб дэпутаты маглі пачаць паседжаньне сэсіі і былі правамоцныя прымаць заканадаўчыя акты) патрэбна ня менш за дзьве траціны дэпутатаў. Адсутнасьць 90 дэпутатаў не давала кворуму, і паседжаньне не магло лічыцца правамоцным для прыняцьця рашэньняў. З прававога гледзішча гэта быў сход дэпутатаў.
Між тым менавіта ў гэты дзень дэпутатам абвясьцілі, што Канстытуцыйны суд пачаў вядзеньне справы аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі.
У верасьні і кастрычніку 96-га мы з Пазьняком спадзяваліся, што зусім хутка, празь некалькі тыдняў, нарэшце зьявіцца магчымасьць вярнуцца ў Менск. Нават пачалі прыкідваць, ці варта перад гэтым заяжджаць у Варшаву ці ў Прагу, дзе былі нашыя семʼі, ці адразу ляцець на Радзіму. Я ўсё ж зарэзэрваваў білет на Прагу.
На жаль, ляцець далей, на Менск, не атрымалася.
Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»
Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.
Дзевяноста першы
Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.
Дзевяноста другі
Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.
Дзевяноста трэці
Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.
Дзевяноста чацьверты
Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.
Дзевяноста пяты
Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.