Заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса асудзілі на 15 сутак за «несанкцыянаваную акцыю» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП), паведаміў Symbal.by. Вырак агучыла судзьдзя Ленінскага раёну Юлія Шут, дадала «Вясна».
Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада аб 11-й гадзіне, калі ён пайшоў на выклік у міліцыю. Учора пачаўся суд над ім. Стала вядома, што яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў КаАП:
- 19.11 (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць)
- 19.12 (незаконны выраб і/або распаўсюджваньне мэтодык або іншых матэрыялаў аб спосабах вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў).
Судзьдзя вырашыў вярнуць справу на дапрацоўку. Учора Паўла ня вызвалілі пасьля заканчэньня тэрміну затрыманьня: яго зноў павезьлі ў РУУС, а потым назад назад у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі Белавуса за тое, што ён перасылаў на Белпошце кнігу рэдактара «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука і філёзафа Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», якую 31 сакавіка 2021 году ўлады прызналі экстрэмісцкай. Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» — гэта збор гутарак зь вядомымі людзьмі, якіх запрашалі ў эфір падзяліцца думкамі пра каштоўнасьці беларускага этнасу. Гутаркі вяліся на «Эўрарадыё» ў праграме «Ідэя Х», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году і мае 600 старонак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белавуса затрымалі за перасылку кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», — праваабаронцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу заснавальніка Symbal.by накіравалі на дапрацоўку