Дырэктара Symbal.by ня выпусьцілі пасьля заканчэньня тэрміну затрыманьня

Павал Белавус

Тэрмін затрыманьня Паўла Белавуса скончыўся 18 лістапада ў 14:00, але яго ня вызвалілі, а зноў павезьлі ў РУУС.

Пакуль ён знаходзіцца ў РУУС, але хутка вернецца назад у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, паведамляе Symbal.by. Хутчэй за ўсё, заўтра адбудзецца другое судовае паседжаньне, але дакладнай інфармацыі пакуль няма.

Заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада аб 11-й гадзіне, калі ён пайшоў на выклік у міліцыю. Учора пачаўся суд над ім. Стала вядома, што яго абвінавацілі паводле двух артыкулах КаАП:

  • 19.11 (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць)
  • 19.12 (незаконны выраб і/або распаўсюджваньне мэтодык або іншых матэрыялаў аб спосабах вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў).

Судзьдзя вырашыў вярнуць справу на дапрацоўку.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі Белавуса за тое, што ён перасылаў на Белпошце кнігу рэдактара «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука і філёзафа Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», якую 31 сакавіка 2021 году ўлады прызналі экстрэмісцкай. Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» — гэта збор гутарак зь вядомымі людзьмі, якіх запрашалі ў эфір падзяліцца думкамі пра каштоўнасьці беларускага этнасу. Гутаркі вяліся на «Эўрарадыё» ў праграме «Ідэя Х», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году і мае 600 старонак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белавуса затрымалі за перасылку кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя», — праваабаронцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу заснавальніка Symbal.by накіравалі на дапрацоўку