Яго словы цытуе Інтэрфакс.
«Так, мы ведаем, што сытуацыя ў Беларусі хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым ня менш, праблемы ёсьць, і мы выдатна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй», — сказаў Пуцін, выступаючы на пашыраным пасяджэньні калегіі МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Süddeutsche Zeitung пра мігранцкі крызіс: Лукашэнка хоча, каб яго ўспрымалі як чалавека, якому няма чаго губляцьПры гэтым прэзыдэнт РФ падкрэсьліў, што «са свайго боку Расея, безумоўна, працягне лінію на ўмацаваньне сувязяў і паглыбленьне інтэграцыйных працэсаў зь Беларусьсю».
Ціханоўская: «Ніякі дыялёг не пачнецца ў турме»
Беларуская апазыцыйная палітычная дзяячка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала Zerkalo.io заклік Пуціна да перамоваў.
«Асабіста ў мяне кантактаў з Крамлём не было. Я вітаю заклікі да дыялёгу. Але ніякі дыялёг не пачнецца ў турме. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя, гвалт спынены. Нашы ўмовы ранейшыя».
Латушка: «Найбліжэйшая магчымасьць дыялёгу — у Вене»
Павал Латушка, лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, пракамэнтаваў выказваньне Пуціна наступным чынам:
«Калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы выступіць гарантам выкананьня патрабаваньняў беларускага народу аб безумоўным і неадкладным вызваленьні ўсіх без выключэньня палітычных зьняволеных у Беларусі і спыненьні масавых рэпрэсій, мы гатовыя весьці перамовы. Але толькі па адным пытаньні — аб транзыце ўлады і правядзеньні датэрміновых выбараў прэзыдэнта ў Беларусі без удзелу Лукашэнкі.
У гэтым мы салідарныя са Сьвятланай Ціханоўскай, якая настойвае на выкананьні народных патрабаваньняў — на гэтым грунтуецца агульная пазыцыя дэмакратычных сіл. Найбліжэйшая магчымасьць зрабіць гэта — міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі ў Вене, куды трэба накіраваць высокапастаўленага прадстаўніка Расеі, якая разам зь дзяржавамі-чальцамі ЭЗ можа выступіць гарантам папярэдніх умоваў, якія забясьпечваюць транзыт улады ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: «Крызіс скончыцца, калі беларусы прыдумаюць сваю краіну» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дарадца Трампа: Варта прапанаваць Лукашэнку вілу на Рывіеры