Дзяўчыну, якую затрымалі перад судом над Вольгай Залатар, пабілі ў міліцыі і арыштавалі на 15 сутак

Перад пачаткам суду над Вольгай Залатар. Менск, 15 лістапада 2021

У панядзелак, 15 лістапада, у Менскім гарадзкім судзе затрымалі 32-гадовую Тацяну Батуру.

Яна хацела трапіць на суд над палітзьняволенай Вольгай Залатар. Але пасьля кантролю на рамках перад заляй суду яе затрымалі людзі ў цывільным. Доўгі час сваякі Тацяны не маглі яе знайсьці, бо ў Фрунзэнскім РУУСе казалі, што яе там няма, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фармавала ва ўдзельнікаў супольнасьцяў устойлівыя псыхалягічныя якасьці». Скончыўся першы дзень суду па справе Вольгі Залатар

На наступны дзень у судзе Фрунзэнскага раёну пачалі разглядаць адміністрацыйную справу супраць Тацяны за дробнае хуліганства ў судзе (арт. 19.1 КаАП).

Тацяна Батура на судзе заявіла пра пабіцьцё ў Фрунзэнскім РУУСе — яе выцялі галавой аб шафу, у лякарні дыягнаставалі ўдар галавы, але судзьдзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта ня мае дачыненьня да справы», і арыштавала Батуру на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над Вольгай Залатар, яна не прызнала віны ні па адным з артыкулаў