Польшча лічыць неабходным неадкладна спыніць праект «Паўночны паток – 2» і мае намер заклікаць да гэтага кроку Олафа Шольца, які, хутчэй за ўсё, узначаліць новы ўрад Нямеччыны. Пра гэта, як перадае DW, прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў у інтэрвію нямецкаму таблоіду Bild, апублікаваным у чацьвер, 18 лістапада.
Паводле Маравецкага, ён зьбіраецца сказаць Шольцу наступнае: «Мы ў Польшчы цяпер абараняем межы ЭЗ. Калі мы гаворым пра больш шырокую пэрспэктыву, то давайце разам працаваць на мір і не забясьпечваць Уладзіміра Пуціна дадатковымі грашамі, на якія ён можа працягнуць узбройвацца».
Прыпыненьне сэртыфікацыі «Паўночнага патоку – 2»
Раней, 16 лістапада, Фэдэральнае агенцтва па сетках (BNetzA) у Боне паведаміла, што прыпыніла працэдуру сэртыфікацыі газаправоду «Паўночны паток – 2». Працэс адновіцца пасьля таго, як апэратар Nord Stream 2 AG, які базуецца ў швэйцарскім горадзе Цуг, перадасьць асноўныя актывы і кадравыя рэсурсы нямецкай даччынай кампаніі і рэгулятар зможа праверыць ізноў пададзеныя дакумэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі рэгулятар часова спыніў сэртыфікацыю газаправоду «Паўночны паток – 2»Працягласьць газаправоду «Паўночны паток – 2» — каля 1200 км. Ён быў дабудаваны ў верасьні, цяпер празь яго ідзе тэхнічнае перапампоўваньне газу. Праект складаецца з дзьвюх трубаў, іх сукупная магутнасьць складае 55 млрд кубамэтраў у год.
У «Газпроме» 8 лістапада заявілі, што газаправод цалкам завершаны і гатовы да запуску. У той жа дзень нямецкі рэгулятар пачаў працэс сэртыфікацыі «Паўночнага патоку – 2». На думку экспэртаў, яна можа зацягнуцца да траўня 2022 году з прычыны разгляду ў Эўракамісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі рэгулятар дапусьціў «Нафтагаз Украіны» да сэртыфікацыі «Паўночнага патоку — 2»У Крамлі 17 лістапада заявілі, што з разуменьнем ставяцца да прыпыненьня працэсу сэртыфікацыі газаправоду. Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, кампанія – апэратар газаправоду хоча адпавядаць усім рэкамэндацыям нямецкага боку і гатовая стварыць новую юрыдычную асобу, каб выканаць патрабаваньні заканадаўства Нямеччыны.