Беларускую тэнісную фэдэрацыю ўзначаліў ляяльны да ўладаў гандбаліст

Сяргей Рутэнка, архіўнае фота

40-гадовы Сяргей Рутэнка, які ў мінулым быў адным з самых пасьпяховых беларускіх гандбалістаў, зьмяніў на пасадзе кіраўніка айчыннага тэнісу прыяцеля Лукашэнкі Сяргея Цяцерына.

Пра гэта стала вядома на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі фэдэрацыі, паведамляе Zerkalo.io. Цяцерын быў старшынём фэдэрацыі больш за чатыры гады, але пасьля Алімпіяды ў Токіё падаў у адстаўку.

Кар'ера Сяргея Рутэнкі

Сяргей Рутэнка — вядомы ў нядаўнім мінулым гандбаліст, шасьціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў.

Пачынаў клюбную кар’еру ў менскім «Аркатроне». У 2000 годзе ў складзе моладзевай зборнай заваяваў срэбра чэмпіянату Эўропы. Стаў гуляць за славенскі клюб «Гарэньне», праз год перайшоў у тытуляваны «Целе». У 2004-м Рутэнка ўпершыню выйграў Лігу чэмпіёнаў і стаў найлепшым бамбардзірам турніру. У тым жа годзе пачаў выступаць за зборную Славеніі і ўзяў удзел у Алімпіядзе ў Атэнах (11-е месца). Быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Эўропы — 2006 (51 гол).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рутэнка як прыклад рацыянальнага патрыятызму

У 2005 годзе Рутэнка перабраўся ў гішпанскі «Сьюдад-Рэаль», зь якім яшчэ тройчы выйграў Лігу чэмпіёнаў. У 2009 годзе перайшоў у «Барсэлёну», прычым сума трансфэру склала рэкордныя для сусьветнага гандболу €1,2 млн. За 6 сэзонаў 5 разоў выйграў чэмпіянат Гішпаніі і двойчы быў пераможцам Лігі чэмпіёнаў. У 2015 годзе пакінуў «Барсэлёну», нейкі час пагуляў у Катары, а потым у менскім СКА.

Што да міжнароднай арэны, дык, вытрымаўшы трохгадовы карантын пасьля выступаў за Славенію, Рутэнка стаў гуляць за Беларусь. У тым ліку і зь ягонай дапамогай нацыянальная каманда ператварылася ў моцнага серадняка, рэгулярна ўдзельнічаючы ў фінальных стадыях чэмпіянатаў сьвету і Эўропы.

У студзені 2017 году абвясьціў пра завяршэньне карʼеры, але ад спорту далёка не адышоў. Ён быў прызначаны намесьнікам старшыні фэдэрацыі гандболу, якую ўжо працяглы час узначальвае Ўладзімер Канаплёў. Нібыта плённы саюз даў расколіну летам 2019 году. Рутэнка ўступіў у сварку з начальнікам на паседжаньні выканкаму фэдэрацыі, выказаўшыся супраць адмены ліміту на легіянэраў у чэмпіянаце Беларусі. У выніку напісаў заяву аб сыходзе.

Падпісаў праўладны ліст спартоўцаў і прысутнічаў на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі

Яшчэ да выбараў 2020 году Сяргей хваліў улады Беларусі, а таксама падпісаў праўладны ліст спартоўцаў. Ён прысутнічаў і на таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, і ў цэлым не хаваў сваёй ляяльнасьці да яго.

Цікава, што малодшы брат Сяргея, Дзяніс Рутэнка, які ў 2020 годзе завяршыў карʼеру, падпісаў ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбаліст Дзяніс Рутэнка: «Дзякуй уладам: абудзілі ўва мне грамадзяніна з пазыцыяй, падштурхнулі ў палітыку» 

Месяц таму кіраўніком Беларускай фэдэрацыі хакею стаў вясьляр Аляксандар Багдановіч, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ў 2008 годзе, срэбны прызэр Алімпіяды ў Лёндане — 2012. Багдановіч падпісваў «праўладны» ліст спартоўцаў і публічна выказваў сваё захапленьне Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Баскава кіраваць Фэдэрацыяй хакею будзе чэмпіён у веславаньні