«Дзевяноста шосты». Жырыноўскі піша Шарэцкаму: «Ты же не Позняк и не Наумчик»

Уладзімір Жырыноўскі

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты.

Лукашэнка хоча зьмяніць Канстытуцыю

... Калі сёньня я перачытваю лісты, якія слаў бацькам у Віцебск, пра некаторыя згаданыя ў іх дэталі нібыта чую ўпершыню. Напрыклад, пра новы выбух на Чарнобылі, пра які тады гаварылі (інфармацыя не пацьвердзілася), ці вайсковыя вучэньні, якія меў намер правесьці Лукашэнка паблізу ад атамнай станцыі (яны не адбыліся). Пэўна, калі б ня гэтыя лісты, я б зь цяжкасьцю і ўспомніў, якое надвор’е было ў першыя тыдні той восені ў Нью-Ёрку.

Падзеі, якім прысьвечаныя наступныя старонкі кнігі, адбываліся пераважна ў Менску — і ўплываць на іх нам было вельмі цяжка (хоць і спрабавалі). У іх апісаньні будзе мінімум аўтара, які ў тыя драматычныя дні лавіў кожнае слова зь Беларусі (і ў літаральным сэнсе таксама, выходзячы ў двор з транзыстарам, каб паслухаць рэпартажы карэспандэнтаў Свабоды). Вызначаўся лёс Беларусі, як выявілася, на дзесяцігодзьдзі — куды там памятаць нью-ёрскія дажджы...

...У нас тут цёпла — напрыклад сёньня +21℃, хаця надыход восені ўжо адчуваецца, асабліва ўвечары. Таму купляем цёплае адзеньне.

Тут пачынаецца шум з нагоды пагрозы выбуху на Чарнобыльскай АЭС, і на гэтым фоне асаблівым дзікунствам выглядае ідэя Лукашэнкі правесьці вучэньні ў 30-кілямэтровай зоне.

...Здаецца, цяпер у Лукашэнкі шанец выйграць рэфэрэндум 70:30, хаця яшчэ месяц таму было 99:1. Праўда, пройгрыш яшчэ не азначае ягонай адстаўкі, але ў гэтым выпадку ягоны палітычны канец блізкі (27.09.96, Нью-Ёрк).


Гэта з майго ліста родным у Віцебск.

Зь верасьня тэма прапанаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму зрабілася галоўнай.

Каб чытач адразу меў уяўленьне, пра што спрачаліся Лукашэнка і Вярхоўны Савет, дам сьпіс пытаньняў, якія выносіліся на галасаваньне.

Грамадзянам трэба было адказаць на сем пытаньняў. Чатыры зь іх былі ініцыяваныя прэзыдэнтам, тры, у альтэрнатыву Лукашэнку, — Вярхоўным Саветам.

Лукашэнка выносіў на рэфэрэндум такія фармулёўкі:

  • Ці падтрымліваеце вы адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь?
  • Перанесьці Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчынай вайне.
  • Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам
  • Ці выступаеце вы за свабодныя, без абмежаваньняў, куплю і продаж зямлі?

Перанос Дня Незалежнасьці мусіў зьвесьці да мінімуму ў грамадзкай сьвядомасьці значнасьць беларускага сувэрэнітэту, што адпавядала мэтам аб’яднаньня з Расеяй.

Сьмяротнае пакараньне ўспрымалася большасьцю як справядлівае пакараньне за самыя цяжкія злачынствы, прыватнай уласнасьцю на зямлю афіцыйная прапаганда яшчэ з часоў Кебіча пужала — «прыйдуць паны і ўсё скупяць, а вы будзеце парабкамі». Прадбачыць адказы было няцяжка, і гэтыя пытаньні мусілі адыграць ролю лякаматыва, які выцягне галоўнае для Лукашэнкі — зьмены Канстытуцыі, якія дадуць яму неабмежаваныя ў рэальнасьці паўнамоцтвы.

Вярхоўны Савет ініцыяваў такія пытаньні:

  • Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцый камуністаў і аграрыяў.
  • Ці выступаеце вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады выбіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?
  • Ці згодныя вы, што фінансаваньне ўсіх галін улады мусіць ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?

Тут, вядома, таксама асноўнай тэмай была Канстытуцыя. Галоўнай асаблівасьцю праекту, падрыхтаванага камуністамі і аграрыямі і падтрыманага Вярхоўным Саветам, была парлямэнцкая форма кіраваньня: пасады прэзыдэнта не прадугледжвалася ўвогуле.

15 сакавіка 1994 году мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, не галасавалі за Канстытуцыю менавіта з прычыны ўключэньня ў яе прэзыдэнцтва і папярэджвалі, што гэта непазьбежна прывядзе да дыктатуры.

...Калі да гісторыі з нашым палітычным прытулкам можна (без усялякай рызыкі перабольшыць) ужыць азначэньне Янкі Запрудніка «палітычная і людзкая драма», дык падзеі ў Беларусі, якія адбыліся ўвосень 96-га, варта ацэньваць толькі як трагедыю. Прынамсі гледзячы на іх наступствы для лёсу беларускай дэмакратыі.

У прысьвечаных падзеям восені 1996-га разьдзелах я буду абапірацца на некалькі крыніц. Па-першае, на сьведчаньні былых дэпутатаў — адны, як Мечыслаў Грыб, надрукавалі свае мэмуары («Белоруский мост», 2006), іншыя, як Павал Знавец, падзяліліся ўспамінамі на маю просьбу. Вельмі важнымі мне здаюцца і інтэрвію, якія перад падрыхтоўкай перадачы на Радыё Свабода ў лістападзе 2001-га я правёў з колішнімі старшынём Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёнам Шарэцкім, былым членам Канстытуцыйнага суду Міхаілам Пастуховым і выканаўцам абавязкаў старшыні БНФ (у 1996 годзе) Лявонам Баршчэўскім; яны каштоўныя яшчэ і тым, што пасьля падзеяў тады прайшло толькі пяць гадоў і адчуваньні таго часу яшчэ ня сьцерліся.

Зянон Пазьняк быў у няспынным кантакце ня толькі з кіраўніцтвам БНФ, але і з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету, і фрагмэнты ягоных зваротаў ды лістоў даюць больш глыбокае ўяўленьне пра тое, што адбылося (а таксама і чаму не адбылося таго, што мусіла адбыцца).

З Канстытуцыяй, на якой у ліпені 1994-га Лукашэнка прыносіў прысягу, у яго ня склалася адразу.

Старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня агалошвае рашэньне ў справе звароту дэпутатаў Вярхоўнага Савету аб манапалізацыі прэзыдэнтам сродкаў масавай інфармацыі. Красавік 1995 год.

У лютым 96-га, выступаючы ў Авальнай залі з пасланьнем аб стане канстытуцыйнай законнасьці, старшыня Канстытуцыйнага суду Валеры Ціхіня паведаміў, што з 14 прэзыдэнцкіх указаў, якія разглядаў Суд, 11 у той ці іншай ступені (а некаторыя і цалкам) не адпавядалі Канстытуцыі. Ціхіня меў на ўвазе 1995 год, калі мне даводзілася прадстаўляць у Канстытуцыйным судзе пазыцыю больш як 70 дэпутатаў у справе манапалізацыі прэзыдэнтам сродкаў масавай інфармацыі і зьяўленьня ў газэтах «белых плямаў» замест дакладу Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Паседжаньне Суду адбывалася празь дзень пасьля галадоўкі і біцьця дэпутатаў БНФ. Тады Канстытуцыйны суд прызнаў, што палажэньні ўказаў прэзыдэнта супярэчылі Канстытуцыі.

У часе паседжаньня Канстытуцыйнага Суду, красавік 1995. На пярэднім пляне - дэпутаты Сяргей Навумчык І Пётра Садоўскі

У сваім выступе Ціхіня адзначыў, што, нягледзячы на вэрдыкт Канстытуцыйнага суду, Лукашэнка не скасаваў палажэньні ўказаў, якія парушалі Канстытуцыю і законы.

Сярод рашэньняў, прызнаных неканстытуцыйнымі, быў і прыняты ў жніўні 1995-га прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога спынялася дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу і прафсаюзнай арганізацыі Менскага мэтрапалітэну — менавіта пасьля гэтага ўказу актывістаў страйкаму АМАП паклаў на асфальт, а дэпутат і лідэр рабочага руху Сяргей Антончык быў схоплены на вуліцы і некалькі сутак утрымліваўся пад вартай на базе ўнутраных войскаў.

Казаў Ціхіня і «пра парушэньне прынцыпу падзелу ўлады»; нарэшце, проста расцаніў загад Лукашэнкі ўраду выконваць указы, якія Суд прызнаў неканстытуцыйнымі, як «непавагу да Канстытуцыі і законаў».

Празь некалькі месяцаў, у траўні, Лукашэнка запатрабаваў ад Вярхоўнага Савету зьмяніць парадак фармаваньня Канстытуцыйнага суду, даўшы права прэзыдэнту прызначаць палову членаў. Але большасьць дэпутатаў за гэта не прагаласавала.

Да восені 96-га колькасьць сумнеўных з пункту гледжаньня адпаведнасьці Канстытуцыі ўказаў і распараджэньняў Лукашэнкі вымяралася дзясяткамі.

Прапаноўваючы ў свой час Валерыя Ціхіню на пасаду старшыні Канстытуцыйнага суду, Лукашэнка, магчыма, кіраваўся і адданасьцю Ціхіні камуністычнай ідэі, што нібыта гарантавала недалучэньне да апанэнтаў Лукашэнкі — БНФ і дэмакратаў. Такая адданасьць у Валерыя Гур’евіча сапраўды была, і я сьведчу пра гэта на падставе шматлікіх зь ім гутарак — нашыя дэпутацкія крэслы ў Авальнай залі былі побач. І тады, калі Ціхіня быў сакратаром ЦК КПБ, і калі пасьля прыпыненьня дзейнасьці Кампартыі кіраваў катэдрай, ён заўсёды ацэньваў падзеі з камуністычных пазыцый. У сьнежні 91-га ён выступіў катэгарычна супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў і адзіны з дэпутатаў галасаваў супраць (ён, а не Лукашэнка, я гэта бачыў на ўласныя вочы, мы нават паспрачаліся зь ім з гэтай нагоды).

Сяргей Навумчык і сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня на сэсіі ВС БССР. Чэрвень 1991

Так што тут Лукашэнка мог быць спакойны — на пазыцыі дэмакратаў, тым больш Народнага Фронту, Ціхіня не перайшоў бы ніколі.

Але, як гэта ні здасца дзіўным з улікам фіналу падзеяў лістапада 96-га, Ціхіня вельмі цаніў сваё рэнамэ юрыста — і ў чыста прафэсійным пляне яно, трэба прызнаць, было сапраўды высокім.

Калі Лукашэнка ўнёс прапановы зьменаў Канстытуцыі, якія істотна павялічвалі паўнамоцтвы прэзыдэнта коштам зьмяншэньня ролі парлямэнту, большасьць дэпутатаў іх прымаць адмовілася.

І тады ў пачатку жніўня Лукашэнка накіраваў у парлямэнт прапанову правесьці рэфэрэндум. Датай правядзеньня плебісцыту Лукашэнка выбраў 7 лістапада — дзень бальшавіцкага перавароту 1917 году. Як дзяржаўнае сьвята гэты дзень быў выкрасьлены з календара ў 1991 годзе, каб праз чатыры гады зноў вярнуцца — на наступны дзень пасьля зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай залі.

Шарэцкі пра Лукашэнку: «гипертрофированное стремление к власти»

У пачатку верасьня Лукашэнка пацьвердзіў, што мае намер правесьці рэфэрэндум 7 лістапада. У адказ 11 верасьня сьпікер парлямэнту Шарэцкі выступіў са зваротам да беларускага народу «Люди, будьте бдительны! В республике запахло фашизмом!»:

Cямён Шарэцкі, 1996

Наша страна стоит на пороге фашистской диктатуры. Конечно, сейчас не тридцатые годы и Беларусь не Германия той поры. Однако не надо думать, что фашизм зарождается только на почве расизма и крайнего национализма, как это было в Германии тех лет. Современный фашизм (неофашизм) несколько видоизменился по сравнению с тем, каким он был в двадцатые—тридцатые годы... идейно-политическая основа осталась прежней — это лжесоциалистическая демагогия с целью создания массовой базы за счёт недовольных; культ вождя; тоталитарная власть государства; всеобщий контроль над личностью; страшно простая разлиновка общества на два полюса, два начала: мы — они, свои — чужие; монополизирование властными структурами средств массовой информации; использование насильственных методов для подавления инакомыслящих. Предлагаемый президентом проект новой Конституции подводит правовую базу именно под такое общество.

Гэта было самае рэзкае выказваньне Шарэцкага ў бок Аляксандра Лукашэнкі, якое сьведчыла пра новы ўзровень супрацьстаяньня парлямэнту і прэзыдэнцкай адміністрацыі.

І вось яшчэ цытата з артыкулу Шарэцкага:

Всеобъемлющее и бесконтрольное управление государством, которого требует президент для себя в проекте новой редакции Конституции, необходимо, с одной стороны, для удовлетворения его гипертрофированного стремления к власти,... а с другой — чтобы многим из его окружения можно было уйти от ответственности за те нарушения норм законности, которые совершены ими в целях своего обогащения.

Жырыноўскі піша «дорогому Сене»: «Ты что, собираешься сбежать на Запад? Кому ты там нужен?!»

16 верасьня прэсавая служба Лібэральна-дэмакратычнай партыі ў Дзярждуме Расеі распаўсюдзіла ліст лідэра фракцыі Ўладзімера Жырыноўскага да Сямёна Шарэцкага, які быў вытрыманы ў гранічна зьневажальным тоне. «Рыло твоё поросячье», «пьяница», «морда» — яшчэ ня самыя агідныя абразы. Працытую толькі фрагмэнты, так бы мовіць, палітычнага характару, з захаваньнем арфаграфіі, пунктуацыі і стылю арыгіналу:

Уважаемый Семён Георгиевич! Дорогой Сеня!

Увидел Твоё «обращение к народу», и прямо оторопь взяла: «Люди, будьте бдительны! В республике запахло фашизмом!». Что с тобой случилось? С каких это пор ты стал вынюхивать то, чего нет?

...Сеня! Я как друг тебе советую: не поддавайся на провокации. Не цепляйся к Лукашенко. Он молодец, поднялся до уровня государственного мышления, чего бы я и тебе, Сеня, посоветовал.

...Сеня, прежде чем дурить, прежде чем поднимать свой Верховный Совет против Президента, вспомни лучше судьбу нашего Верховного Совета. Ты что, собираешься сбежать на Запад? Кому ты там нужен?! Ты же не Позняк и не Наумчик.

...Проамериканская мафия, агенты влияния Запада называют Лукашенко фашистом, потому что он выступает за сближение Белоруссии с Россией, чего они боятся как огня.

...А ведь Ты, Сеня, тоже выступал за сближение в Россией, когда приезжал к нам в Государственную Думу. Сам же подписывал документы. Приезжал ранней весной, а скурвился к осени. Или у тебя мышление Шарикова человека-пса, который делал любую пакость по указанию Швондера? Лукашенко старается для Белоруссии, а Ты, Сеня — для западных Швондеров.

Сеня, я тебе по-дружески советую: не позорься!..

Владимир Жириновский.


У пачатку 1994-га Аляксандар Лукашук надрукаваў у газэце «Свабода» артыкул пад назвай «Сокал Жырыноўскага», убачыўшы падабенства лідэра ЛПДР з адным дэпутатам Вярхоўнага Савету:

Люмпэну патрэбныя такія самыя лідэры, як ён сам: беспрычынна агрэсіўныя, псыхічна няўстойлівыя, гатовыя ў любы момант разьдзерці кашулю з унутранай нянавісьцю да «занадта разумных». Не сацыяльная справядлівасьць, а сацыяльная зайздрасьць распальвае пачуцьцё пакрыўджанасьці і недаацэненасьці, засьціць вочы — і яны гатовыя помсьціць усім за ўсё.

Артыкул выйшаў у студзені, калі ўвядзеньне пасады прэзыдэнта яшчэ не было перадвызначана, і пытаньне аўтара «Ці ўяўляеце падобную асобу ў якасьці кіраўніка дзяржавы?» магло ўспрымацца рытарычна.

Жырыноўскі кіраўніком Расеі, як вядома, ня стаў. А вось герой публікацыі праз паўгадода быў выбраны прэзыдэнтам Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: The New York Times называе Лукашэнку тыранам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Экс-камандуючы NATO цікавіцца псыхічным здароўем Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: “Дзевяноста шосты”. Французы ня слухаюць БНФ і запрашаюць Лукашэнку ў Парыж. Вынік візыту: “Мне спадабаўся тэрмін прэзыдэнцтва – 7 гадоў”
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Ельцын просіць Лукашэнку не расстрэльваць Сіўчыка і Хадыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк выяжджае зь Беларусі, расейскія мытнікі хочуць хабар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Нам дапамагае дачка паўстанцаў у Кенгіры і паплечніца Чарнавола
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк пераяжджае на кансьпіратыўную кватэру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». «Арганізатары шабашу — тыя, хто ў 1991 годзе галасавалі за незалежнасьць Беларусі і развал СССР»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Лукашэнка гаворыць на Радыё Свабода і зноў хлусіць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: «Моцна зьбілі дзяўчыну, а мужчыну, які яе бараніў, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Пазьняк: Чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, — перастаў быць прэзыдэнтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Васіль Быкаў: У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. У нас гэта — месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.