«Мігранцкі крызіс» быў патрэбны менскаму рэжыму для вырашэньня сваіх палітычных праблемаў зь легітымнасьцю — і, як выглядае, доўгатэрміновыя электаральныя наступствы цяперашнюю ўладу ня вельмі хвалявалі. Урэшце, даўно ўжо гучыць думка, што меркаваньні беларусаў гэты рэжым ужо ў прынцыпе не турбуюць.
Проста ў некаторыя крытычныя моманты ўлада мусіць рабіць тое, што безумоўна не супадае зь нейкімі глыбіннымі настроямі нават яе «жалезнага» электарату, — але грамадзкую думку даводзіцца ігнараваць дзеля нейкай канкрэтнай тактычнай мэты.
Як мне падаецца, уся гісторыя зь мігранцкім крызісам — той самы прыклад апэрацыі, якая мае на мэце дасягнуць пэўнай палітычнай мэты, нават шляхам відавочных стратаў сьвядомай электаральнай падтрымкі.
Мяркуйце самі. Я не люблю слова «ксэнафобія» — яно занадта часта выкарыстоўваецца неабгрунтавана, і праз гэта яго значэньне і сутнасьць размываецца. Але факт у тым, што ў большасьці беларусаў існуе пэўны недавер, скажам мякка, да людзей з рэгіёну Блізкага Ўсходу; а па-другое, існуе пераважна нэгатыўнае стаўленьне да мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у Эўропу. У нядаўнім артыкуле Юрыя Дракахруста прыводзяцца даволі канкрэтныя сацыялягічныя дадзеныя наконт гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы ставяцца да мігрантаў? Што кажуць сацапытаньніТак, падчас мігранцкага крызісу 2015–16 году 60 працэнтаў апытаных беларусаў адказалі, што мігрантаў нельга пускаць у Эўропу. Далей, працытую з артыкула Дракахруста пра стаўленьне да розных нацыянальнасьцяў, — «Самым блізкім этнасам былі расейцы, наступныя за імі — украінцы і палякі, потым народы краінаў Эўропы, амэрыканцы і габрэі. А далей — прорва, апытаньні дэманстравалі гіганцкую сацыяльную дыстанцыю з выхадцамі з Азіі і Афрыкі, і адным з самых далёкіх беларусам этнасаў былі арабы, якія складаюць значную долю цяперашняй мігранцкай плыні, якая ідзе празь Беларусь».
І што мы бачым апошнія тыдні? У дзяржаўнай прапагандзе людзі з тых рэгіёнаў, найбольш далёкія і незразумелыя беларусам, абвяшчаюцца лепшымі сябрамі, нявіннымі ахвярамі Захаду; прадстаўнікі Блізкага Ўсходу проціпастаўляюцца заходнікам як станоўчыя героі адмоўным. Можна канстатаваць, што прыхільнікі Лукашэнкі да заходнікаў ставяцца ня надта станоўча — але ж да арабаў і афрыканцаў яшчэ горш.
І што цяпер павінны адчуваць і думаць прыхільнікі Лукашэнкі, назіраючы за цяперашнімі дзеяньнямі ўлады, якая фактычна прывезла ў Беларусь мігрантаў (да якіх само па сабе стаўленьне нэгатыўнае), ды яшчэ з краінаў Блізкага Ўсходу (падвойны нэгатыў)? Што павінны адчуваць людзі, большасьць зь якіх вельмі рэдка выяжджала за межы Беларусі, — назіраючы за тым, як мігранты з далёкіх краінаў запаланілі вуліцы Менску і штурмуюць беларуска-польскую мяжу?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты спрабавалі прарваць мяжу з Польшчай на пераходзе Брузгі — КузьніцаДалей. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што касьцяк прыхільнікаў Лукашэнкі — гэта прыхільнікі жорсткага парадку. Гэта тыя людзі, якія апраўдвалі нават бесчалавечныя паводзіны сілавікоў у жніўні 2020 году, рэпрэсіі супраць людзей у 2021-м — бо ўсё ж дзеля «парадку», дзеля «краіны». «Парадак», «чыстыя вуліцы» і «мірнае неба над галавой» — гэта бессэнсоўная прапагандысцкая трыяда, якая зараз актыўна падрываецца дзеяньнямі мігрантаў сумесна зь беларускімі сілавікамі.
Як павінны глядзець прыхільнікі Лукашэнкі, сілавікоў і «парадку» на тое, як мігранты парушаюць усе магчымыя беларускія законы пры поўным спрыяньні беларускіх сілавікоў? Яны знаходзяцца ў памежнай зоне, дзе знаходзіцца нельга, яны сьпілоўвалі там дрэвы, яны спрабавалі гэтымі дрэвамі тараніць польскую мяжу, прабіваць памежны плот. Яны адкрыта жадаюць перайсьці мяжу нелегальна, у абыход усіх беларускіх і польскіх законаў. А апошнія дні яны ў жывым эфіры разьбіраюць ходнікі і кідаюць камянямі ў паліцыю.
І гэта ў дзяржаве, дзе саджаюць на рэальны тэрмін за сарваную маску зь сілавіка, дзе саджаюць за чырвоныя кеды і шкарпэткі, дзе даюць суткі за добрыя словы пра свайго выкладчыка на выпускным вечары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі патлумачылі, чаму яны бязьдзейнічалі падчас штурму мігрантамі польскай мяжыВы, магчыма, скажаце, што ўсё гэта даўно ня важна, бо сапраўдныя прыхільнікі Лукашэнкі настолькі замбаваныя, што будуць падтрымліваць яго, што б ён ні рабіў. Не зусім так. Мы маглі назіраць, як з прычыны пэўных дзеяньняў улады ад электарату Лукашэнкі адвальваліся ладныя кавалкі. У 2017 годзе — пасьля антыдармаедзкага ўказу. У 2020 годзе — пасьля пагардлівага стаўленьня Лукашэнкі да ковіду і ягоных ахвяраў, пасьля парадаў лячыцца трактарам, хакеем і гарэлкай. Летам 2020-га — пасьля арышту кандыдатаў у прэзыдэнты, перад выбарамі. Усё гэта адслойвала ладныя ільдзіны ад айсбэрга пад назвай «давер да Лукашэнкі».
Мігранцкая атака, ды яшчэ ў такой форме, пярэчыць усім глыбінным каштоўнасьцям і ўстаноўкам кансэрватыўных прыхільнікаў Лукашэнкі. Можна канстатаваць, што цяперашні рэжым ігнаруе пачуцьці нават сваіх самых зацятых прыхільнікаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.