Часопіс «Национальная оборона», які раней узяў інтэрвію ў Лукашэнкі, піша, што той ня страціў здольнасьці зьдзіўляць. Пры гэтым выбраная ім тактыка зразумелая.
«У канцы тыдня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка змог зьдзівіць нават прызвычаеных да яго гучных заяваў людзей. Ён прыгразіў Эўразьвязу перакрыцьцем газаправоду з Расеі і расейскімі ж бамбавікамі зь ядзерным узбраеньнем. Так Лукашэнка паспрабаваў адказаць на папярэджаньні аб магчымых санкцыях за міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. Тысячы выхадцаў з Блізкага Ўсходу разьбілі лягер і спадзяюцца прабіцца ў пасьпяховую Нямеччыну, польскі бок зрабіць гэтага не дае, называючы тое, што адбываецца, гібрыднай вайной, якую вядуць беларускія ўлады.
Аляксандар Лукашэнка зацягнуў у арбіту крызісу і Расею — Уладзіміру Пуціну два разы патэлефанавала канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, а ў СМІ зьявілася інфармацыя, што пад санкцыі за сытуацыю зь мігрантамі можа падпасьці «Аэрофлот» (які ня меў дачыненьня да іх перавозкі). Лукашэнка завабіў расейскія ўлады ў пастку, а сабрана яна па чарцяжах, якія даўно малявалі ў Крамлі для ўласнага выкарыстаньня. Такія пасткі Расея і сама ня раз ужо прымяняла, а зараз вось неспакойны сусед пераймае перадавы досьвед.
Тактыка Лукашэнкі цалкам зразумелая. З аднаго боку, ён вядзе адкрыты гандаль з ЭЗ, прама называючы ўмовы: «Да нашэсьця мігрантаў мы недатычныя, проста да нас трапіць лёгка, аэрапорт пустуе, эўрапейскія кампаніі не лятаюць, „Белавія“ ў Эўропу не пускаюць, вось так і выйшла». Намёк чытаецца на раз — здыміце санкцыі з авіяцыі, і мы ўсё вырашаем. Робіць Аляксандар Лукашэнка і іншыя намёкі — вырашыць дык вырашым, але самі разумееце, мы людзі маленькія, за намі вялікі брат. Навошта патрэбны спасылкі да вялікага брата, таксама збольшага ясна, раптам эўрапейцы не спалохаюцца маленькага тырана, значыць, трэба іх палохаць якой-небудзь буйнейшай фігурай.
«Буйнейшую фігуру», мяркуючы па ўсім, Лукашэнка папярэджваць ня стаў. У выніку Ўладзіміру Пуціну прыйшлося даваць асобнае інтэрвію з тлумачэньнямі. Прэзыдэнт Расеі заявіў, што бамбавікі ў нас «старэнькія», ніякага асаблівага, на просьбу Лукашэнкі, патруляваньня няма, а аблёты мяжы і так бываюць. Па газе (беларускі лідэр пагражаў перакрыць Эўропе газ, калі яго не пачуюць ці не зразумеюць; расейскі, зразумела, газ) Пуцін выказаўся больш жорстка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля размовы з Мэркель Лукашэнка сабраў нараду аб мігранцкім крызісе і выказаў спадзеў на дапамогу ААЭГазэта «Коммерсантъ» апублікавала матэрыял пра крызіс на беларуска-польскай мяжы пад загалоўкам «Аляксандар Лукашэнка стаў зноў трубкапаціскальным». Тэлефанаваньне выканаўцы абавязкаў фэдэральнага канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Лукашэнку газэта назвала «сэнсацыйнай падзеяй», якая, на думку выданьня, можа сьведчыць пра гатовасьць Эўразьвязу аднавіць дыялёг.
Пятро Пятроўскі, якога «Коммерсантъ» называе «праўладным беларускім палітолягам», пракамэнтаваў апошнія кантакты так:
«Той факт, што ў Менск патэлефанаваў сам Жузэп Бурэль, сьведчыць пра тое, што Брусэль змушаны прызнаць дзейную беларускую ўладу, хоча таго Эўропа ці не. Пры гэтым непублічныя кантакты, мяркуючы па ўсім, адбыліся яшчэ ў мінулы аўторак ці сераду, у выніку чаго Эўразьвяз адмовіўся ад эканамічных санкцый, а дадаў толькі інструмэнт, які не азначае нічога канкрэтнага. Тыя меры, якія Брусэль усё ж увёў, гавораць аб яго жаданьні ўзмацніць перамоўныя пазыцыі ў дыялёгу зь Менскам. А гэта значыць, што і сам дыялёг робіцца рэальнасьцю. Сытуацыя вяртаецца да дакрызіснага стану, калі Менск і Брусэль пастаянна падтрымлівалі кулюарныя, непублічныя кантакты».
Далей выданьне публікуе выснову, што «прамое ўзаемадзеяньне зь Менскам, мяркуючы па ўсім, сапраўды больш не здаецца краінам Эўропы чымсьці амаральным».
Таксама газэта адзначае, што «пазыцыя Эўразьвязу істотна адрозьніваецца ад пазыцыі ЗША, дзе Расею адкрыта называюць сапраўдным арганізатарам памежнага крызісу. Так, прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Нэд Прайс, расказваючы журналістам пра тэлефонную размову паміж дзяржсакратаром Энтані Блінкенам і кіраўніком МЗС Польшчы Зьбігневам Раў, заявіў, што „дзеяньні рэжыму Лукашэнкі пагражаюць бясьпецы, сеюць падзел і накіраваныя на тое, каб адцягнуць увагу ад расейскіх дзеяньняў на мяжы з Украінай“. У панядзелак гэтыя словы пракамэнтаваў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, назваўшы іх „няправільнай трактоўкай сытуацыі зь міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імаверны канцлер Нямеччыны назваў Лукашэнку дыктатарам, які выкарыстоўвае мігрантаў у «ганебнай гульні»На старонках «Новой газеты» расейскі газавы аналітык Сяргей Капітонаў назваў заяву Лукашэнкі пра магчымае перакрываньне газаправоду Ямал — Эўропа «стрэлам сабе ў нагу», бо гэта было б найперш «ударам па іміджы Беларусі, як аднаго зь вядучых транзытэраў расейскага газу ў Эўропу», а разам з тым і па іміджы Расеі, менавіта таму стаў выказвацца Пуцін.
Заяву Лукашэнкі Капітонаў раіць не ўспрымаць як рэальную пагрозу, а толькі як запалохваньне «для тых, хто ня вельмі разумее, як працуе рынак». Аднак у тым, што Эўропа вінаваціць Лукашэнку ў супольных дзеяньнях з Пуціным, ёсьць свая лёгіка.
«Мы ж выдатна разумеем, наколькі шматгранная асоба Аляксандра Рыгоравіча. Ён нейкія хады, напэўна, пралічвае. Але так — для Расеі такая сытуацыя была б вельмі нявыгаднай і нават вельмі небясьпечнай. Зьвязка Менску з Масквой цалкам адчувальная, дзеяньні Лукашэнкі ў Эўропе многія ўспрымаюць як працяг палітыкі Масквы. Хтосьці і сапраўды можа ўспрыняць гэта як узгодненую акцыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: The New York Times называе Лукашэнку тыранам