Была найлепшай па прафэсіі на чыгунцы
Сьвятлана Гацко 33 гады адпрацавала на чыгуначнай станцыі Шабаны, апошнім часам — прыёмшчыцай грузу і багажу. У 2017 годзе была прызнаная найлепшай у сваёй прафэсіі, пра што атрымала адпаведны дыплём. 11 лістапада жанчына прынесла дыплём на працэс, дзе разглядалася яе скарга, але — не дапамагло.
«Суд нават не захацеў прыкладаць яго да матэрыялаў справы. Няўжо ім гэтак абыякава, добры спэцыяліст я ці не? Мяне калегі дагэтуль чакаюць на працы, там няма каму моладзь вучыць, а начальству, выходзіць, на гэта напляваць. Ім абы выканаць загад і пазбавіцца ад непажаданых элемэнтаў», — лічыць былая чыгуначніца Сьвятлана Гацко.
Сёлета ў чэрвені Сьвятлану Гацко звольнілі за прагулы, якія ёй залічылі праз адбыцьцё адміністрацыйнага арышту. Арыштаў у яе набралася два. Першы, дзесяцідзённы, жанчына адбыла ў лістападзе 2020 году. Другі — 30 содняў — у траўні-чэрвені гэтага году. Абодва пакараньні Сьвятлана лічыць незаконнымі і спрабавала іх аспрэчыць, але марна.
Трапіла пад «хапун»
«Летась 8 лістапада мяне схапілі на мосьце празь Сьвіслач каля Траецкага прадмесьця, да маршу я ўвогуле не дайшла. Тады быў вялікі хапун у цэнтры гораду, больш за тысячу чалавек затрымалі, вось я і трапілася», — згадвае Сьвятлана Гацко.
Сёлета ў траўні жанчына адбыла на Акрэсьціна ўжо ў тры разы большы тэрмін.
«Узялі перад уваходам у кватэру, калі вярталася з прагулкі з унукам Мішам, якога дапамагаю даглядаць. Месяц адбыла ў нечалавечых умовах, а як выйшла, звольнілі з працы нібыта за прагулы. Хоць на той момант адміністрацыйны арышт ня мог лічыцца падставай для прагулу, гэта ўжо пасьля такі закон прынялі. Начальнікі ў судзе пацьвердзілі, што загад падпісалі на падставе пратаколу аб прагулах, які склалі задняй датай. Але суд гэтага не ўлічыў, ім усё роўна. Быў адзін адсотак надзеі, што суд адменіць звальненьне, але — не, не адмяніў. Няма ў нас ніякага суду — гэта фікцыя, а ня суд», — абураецца Сьвятлана Гацко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плошча Перамен» праз год пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі. Аповед жыхара30 сутак за фота зь віншаваньнем Марыі Калесьнікавай
Другім разам, сёлета ўвесну, Сьвятлану Гацко пакаралі за выкладзены ў інтэрнэце фатаздымак зь віншаваньнем Марыі Калесьнікавай з днём народзінаў. Сябровак, зь якімі яна тады здымалася ў лесе, каго вылічылі і пакаралі, як яе, каму пашанцавала пазьбегнуць арышту. А некаторыя, з кім яна адбывала арышт, ужо ўцяклі ад перасьледу за мяжу, зазначае былая чыгуначніца. І дадае, што сама зьяжджаць пакуль не плянуе.
«Трэба сыну дапамагаць, унук гадуецца, дый на працу выйсьці яшчэ спадзяюся. Праўда, пакуль знайсьці нешта прыдатнае не ўдаецца», — з сумам прызнаецца Сьвятлана Гацко.
За час пасьля звальненьня Сьвятлана спрабавала ўладкавацца на працу на камвольны камбінат і ў парніковую гаспадарку. Кажа, што ў абодвух выпадках яе хацелі ўзяць, але адмаўлялі, калі даведваліся пра «апазыцыйнае мінулае».
«Цяпер на дзяржаўным прадпрыемстве патрабуюць характарыстыку з былой працы, а ў маім выпадку ў ёй абавязкова напішуць, за што звольнілі. Таму шчыра сказалі, што мне можна разьлічваць толькі на працу ў прыватнай канторы. Пакуль хоць гэта магчыма. Спадзяюся, нешта знайду», — кажа Сьвятлана Гацко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бязьлітасны да ворагаў райху». Як будуць выглядаць абавязковыя характарыстыкі пры ўладкаваньні на працу«Кошт маўклівай згоды зь няпраўдай»
На пытаньне, ці не шкадуе яна, што ўвязалася ў пратэсты і згубіла звыклую і добра аплатную працу, жанчына адказвае словам «не», але робіць заўвагу.
«Шкадую, што пераканалася ў няздольнасьці супрацьстаяць гэтай нечалавечай сыстэме. Тыя ж мае начальнікі — яны ж усе мне спачувалі, а зрабіць па сумленьні духу не хапіла. Ці ўзяць судзьдзяў? Як слухалі мяне, бачыла, што спачуваюць, на маім баку, а рашэньне прынялі адваротнае. Вось ад такой маўклівай згоды зь няпраўдай усе праблемы, наша несвабода — яе кошт», — мяркуе Сьвятлана Гацко.
12 траўня, калі Сьвятлану Гацко затрымлівалі другім разам, зь ёй быў чатырохгадовы ўнук Міша. Да вечара хлопчык прабыў з бабуляй у Заводзкім райаддзеле міліцыі, шмат чаго там нагледзеўся. Бабуля доўга спадзявалася, што дзіцячы розум забудзе непажаданыя дэталі, але нядаўна пераканалася, што ўнук дагэтуль добра памятае той дзень.
«Нядаўна ехалі зь ім міма райаддзелу, дык ён пазнаў будынак і кажа: «Бабуля, ты больш туды не трапляйся!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Былі на маршах, сядзелі ў адной турме, і гэтую гісторыю ўжо ня сьцерці». Свабодны тэатар рыхтуе спэктакль пра жнівень-2020 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год без Рамана Бандарэнкі. Дакумэнтальны фільм Свабоды