Свабода расказвае пра людзей, чые імёны зьвязаныя з «плошчай Перамен», менскім дваром на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту, які стаў сымбалем пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі.
Сьцяпан Латыпаў
Жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня 2020 году, калі разам з суседзямі ён выйшаў абараніць мурал «Дыджэі перамен», намаляваны на адной з тэхнічных пабудоваў ля самой «плошчы». Пасьля затрыманьня ў кватэры Латыпава правялі ператрус і знайшлі там хімікаты, якія ён выкарыстоўваў для зьнішчэньня баршчавіка — Латыпаў займаўся гэтым прафэсійна, меў аформленыя дакумэнты індывідуальнага прадпрымальніка.
Першапачаткова Сьцяпана Латыпава абвінавачвалі ў спробе атруціць міліцыянтаў, пра гэта гаварылася ў афіцыйных паведамленьнях МУС. Аднак урэшце актывіста абвінавацілі па «эканамічным» артыкуле. Яго судзілі нібыта за тое, што замест пазначаных у дамовах з заказчыкамі дарагіх хімікатаў для зьнішчэньня баршчавіка ён выкарыстоўваў больш танныя аналягі. Акрамя гэтага, жыхара «плошчы Перамен» абвінавацілі ў супраціўленьні супрацоўнікам органаў унутраных спраў і арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што потым адбылося з сынам, мне цяжка ўспамінаць». Пагаварылі з бацькам Сьцяпана ЛатыпаваПадчас судовага паседжаньня 1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Ён пашкодзіў сабе шыю проста ў клетцы для абвінавачаных, з будынку суду яго выносілі непрытомнага. За некалькі дзён да гэтага на працэсе Латыпаў расказаў пра катаваньні і пагрозы з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія затрымлівалі яго ў верасьні 2020 году. Па словах Латыпава, яго прымушалі прызнаць віну, пагражаючы ціскам на родных арыштаванага.
16 жніўня 2021 году судзьдзя Аляксандар Воўк прыгаварыў Сьцяпана Латыпава да 8,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 300 базавых велічынь.
Раман Бандарэнка
Жыхар «плошчы Перамен», верагодны аўтар мурала «Дыджэі Перамен». Загінуў 12 лістапада 2020 году, меркавана ў выніку канфлікту з праваахоўнікамі, неўзабаве пасьля таго, як быў затрыманы ў двары ўласнага дому.
Раман скончыў Акадэмію мастацтваў, пасьля чаго служыў ва ўнутраных войсках у частцы 3214. Па словах стрыечнай сястры і маці, Бандарэнка ня браў актыўнага ўдзелу ў пратэстах лета і восені 2020 году, аднак пасьля ўзьнікненьня «плошчы Перамен» рэгулярна выходзіў туды на сустрэчы з жыхарамі раёну, прысутнічаў на дваровых канцэртах.
Увечары 11 лістапада Раман быў адным з тых, хто выйшаў абараніць двор ад невядомых, якія чарговым разам прыехалі туды зьнішчыць бел-чырвона-белае аздабленьне і мурал на тэхнічнай пабудове. Паміж жыхарамі «плошчы Перамен» і невядомымі ўзьнік канфлікт, у выніку чаго Рамана затрымалі і завялі ў мікрааўтобус без нумароў. Празь нейкі час яго даставілі ў будынак Цэнтральнага РУУС непрытомнага, адтуль перавезьлі ў шпіталь. Памёр Раман Бандарэнка на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасьць. МУС распаўсюдзіў заяву, згодна зь якой Бандарэнка ў момант канфлікту быў п’яны. Пазьней гэтую інфармацыю абверглі родныя загінулага і журналісты, якія атрымалі вынікі абсьледаваньня Рамана ў шпіталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год без Рамана Бандарэнкі. Дакумэнтальны фільм СвабодыСправу па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі Генэральная пракуратура завяла толькі ў лютым 2021 году. 17 верасьня расьсьледаваньне было афіцыйна спыненае празь «немагчымасьць высьветліць датычных да злачынства асобаў».
Згодна зь неафіцыйным расьсьледаваньнем ініцыятывы ByPol, да абставін сьмерці Рамана Бандарэнкі могуць мець дачыненьне названыя па імёнах байцы падразьдзяленьня СОБР, а таксама былы кіраўнік Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітры Баскаў, баец Дзьмітры Шакута, прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант і шэраг іншых набліжаных да ўладаў асобаў.
Раман Бандарэнка пахаваны на Паўночных могілках Менску.
Кацярына Бахвалава і Дар’я Чульцова
Журналістка і апэратарка тэлеканалу «Белсат», якія вялі жывую трансьляцыю зь мітынгу ў памяць аб Раману Бандарэнку, што прайшоў 15 лістапада на «плошчы Перамен». Праз адсутнасьць мабільнага інтэрнэту ў раёне «плошчы» журналісткі вялі трансьляцыю з адной з кватэр у доме побач зь месцам падзей. Неўзабаве ў кватэру ўварваліся сілавікі і затрымалі журналістак.
Бахвалавай і Чульцовай выставілі абвінавачаньні ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і накіравалі ў сьледчую турму Жодзіна. 18 лютага 2021 году судзьдзя Натальля Бугук прыгаварыла абедзьвюх журналістак да двух гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер яны адбываюць пакараньне ў жаночай калёніі Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсё роўна выйдзем». Зьняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова расказалі пра свой побыт у калёніі«Гэта ж маё рашэньне было, — напісала Дар’я Чульцова ў лісьце да маці з гомельскай калёніі. — Я магла і не працаваць, але я хацела. І як бы ні было, я рада, што працую там, дзе працую... З Кацяй наогул супэркаманда была. Усё супэр, ніхто (амаль) не вінаваты ў тым, што мы цяпер тут. Да таго ж у выніку мы ўсё роўна выйдзем».
Журналісткі павінны выйсьці на свабоду ў верасьні 2022 году.
Кацярына Барысевіч
Журналістка парталу Tut.by, якую пасьля публікацыі артыкулаў пра акалічнасьці сьмерці Рамана Бандарэнкі спачатку арыштавалі, а пасьля асудзілі за разгалошваньне мэдычнай таямніцы. Артыкул Барысевіч, у якім абвяргалася афіцыйная вэрсія МУС аб алькаголі ў крыві загінулага, быў апублікаваны на партале 13 лістапада. 19 лістапада ўвечары ля дому яе затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Пасьля арышту Кацярыну зьмясьцілі на некалькі дзён у СІЗА КДБ, пасьля перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я заставалася ўнутрана свабодным чалавекам». Першае інтэрвію журналісткі Барысевіч пасьля паўгода ў турме. Відэа, фота2 сакавіка 2021 году суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў Кацярыну Барысевіч вінаватай у падштурхоўваньні да разгалошваньня мэдычнай тайны і прысудзіў ёй 6 месяцаў пазбаўленьня волі. На свабоду Кацярына выйшла 19 траўня, праз два дні пасьля разгрому парталу Tut.by і арышту 15 яго супрацоўнікаў.
Сваёй віны Барысевіч не прызнала. У ліпені 2021 году Кацярына стала ляўрэаткай Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы.
Арцём Сарокін
Урач-анэстэзіёляг шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску, які перадаў Кацярыне Барысевіч інфармацыю пра адсутнасьць алькаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі. Быў затрыманы з санкцыі Генэральнай пракуратуры 19 лістапада на сваім працоўным месцы. 2 сакавіка 2021 году судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка прызнала Арцёма Сарокіна вінаватым у разгалошваньні мэдычнай тайны і пакарала яго двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. Родныя Рамана Бандарэнкі, якія выступалі на працэсе ў якасьці сьведак, заявілі, што ня маюць прэтэнзій да лекара, аднак гэта ня стала прычынай для яго апраўданьня.
Сарокін быў вызвалены ў залі суду, пасьля гэтага перастаў камунікаваць з журналістамі і адмаўляўся ад просьбаў аб інтэрвію. Ён таксама адмовіўся абскарджваць свой прысуд. Пасьля вызваленьня вярнуўся да працы ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына
«Дыджэі перамен» Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыла Галанаў
Гукарэжысэры зь менскага Палаца моладзі, якія 6 жніўня на арганізаваным уладамі замест выбарчага мітынгу Ціханоўскай мерапрыемстве ўключылі песьню Віктара Цоя «Перемен». Абодвух затрымалі ў той жа вечар непадалёк ад Кіеўскага сквэру, дзе сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай. 7 жніўня Сакалоўскага і Галанава асудзілі на 10 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. Неўзабаве пасьля вызваленьня абодва зьехалі ў Літву.
Фатаздымак, на якім абодва гукарэжысэры зьнятыя неўзабаве пасьля таго, як яны ўключылі «Перемен», стаў асновай для дзясяткаў графіці па ўсёй Беларусі, у тым ліку на «плошчы Перамен», дзе выяву камунальныя службы замалёўвалі больш за дзясятак разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыджэі пераменаў», баючыся далейшага перасьледу, зьехалі ў Літву«Я не шкадую, што зрабіў тады так у сквэры, — расказваў Галанаў у размове са Свабодай увосень 2020 году. — Абставіны тады склаліся так, што яны кожнага адэкватнага чалавека прымусілі б зрабіць тое самае. Калі б я так не адрэагаваў у той сытуацыі, то пазьней шкадаваў бы, мне было б складана з гэтым спаць. Цяпер жа складанасьці побытавыя — дзе жыць, як зарабляць. А іншыя складанасьці, калі б я так не зрабіў, былі б зусім іншага кшталту. Так і ў краіне».
Уладзіслаў Сакалоўскі ад інтэрвію з журналістамі адмаўляецца.
Жыхары «плошчы Перамен»
Акцыі ў дварах некалькіх высотных дамоў на скрыжаваньні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту пачаліся ў першыя дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году. Прыкладна праз тыдзень пасьля выбараў некалькі жыхароў дамоў, разьмешчаных у гэтым месцы, намалявалі на тэхнічнай пабудове графіці са стылізаванай выявай «дыджэяў Перамен» Кірыла Галанава і Ўладзіслава Сакалоўскага.
Дваровыя акцыі і канцэрты адбываліся ў гэтым месцы на працягу трох месяцаў, зь сярэдзіны жніўня да сярэдзіны лістапада, калі жыхары «плошчы Перамен» і іншых раёнаў Менску сабраліся тут для ўшанаваньня памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Акцыю жорстка разагналі сілавікі, а яе ўдзельнікі каля сутак хаваліся ў кватэрах жыхароў «плошчы» і ў тэхнічных памяшканьнях навакольных дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плошча Перамен» праз год пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі. Аповед жыхараНа «плошчы Перамен» таксама быў створаны народны мэмарыял у памяць аб Раману Бандарэнку, які быў зьнішчаны сілавікамі і камунальнымі службамі. З крытыкай зьнішчэньня мэмарыялу выступілі афіцыйныя прадстаўнікі Каталіцкай (Юры Касабуцкі) і Праваслаўнай (Сяргей Лепін) цэркваў.
Ад сярэдзіны восені 2020 году да сярэдзіны вясны 2021-га тэрыторыю «плошчы Перамен» і суседнія зь ёю двары пастаянна патрулявалі сілавікі, на самой «плошчы» кругласуткава дзяжурылі мікрааўтобусы зь людзьмі ў цывільным. Апошняя акцыя памяці Рамана Бандарэнкі прайшла там праз два месяцы пасьля яго сьмерці — у студзені 2021 году. Яе ўдзельнікаў затрымалі і прысудзілі ім адміністрацыйныя арышты і штрафы.