Украінскія памежнікі расказалі, як будуць дзейнічаць у выпадку перамяшчэньня мігрантаў да мяжы з Украінай

Украінскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю

Украіна ўжо перакінула вайсковыя і рэзэрвовыя сілы на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю ў месцах, дзе магчымыя правакацыі зь мігрантамі.

«Ужо павялічылі колькасьць памежных нарадаў, якія адсочваюць сытуацыю. Калі будуць заўважаныя групы мігрантаў, рэзэрвы маюць максымальна хутка спачатку мабільнымі групамі, а потым большымі сіламі выйсьці на лінію мяжы, каб стрымаць мігрантаў і не дапусьціць іх на тэрыторыю Ўкраіны», — паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка ў Кіеве ў часе дыскусіі на тэму міграцыйнага крызісу на эўрапейска-беларускай мяжы.

Паводле яго, памежныя нарады ўзмацнілі дадатковымі тэхнічнымі сродкамі — дронамі і цеплавізарамі для маніторынгу сытуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 180 эўра толькі за візу. Колькі беларускія ўлады могуць зарабляць на мігрантах

Андрэй Дземчанка выказаў сумневы, што мігранты могуць самі пешшу дайсьці да мяжы. «Мы ўжо разумеем, па якіх маршрутах можа адбыцца падвоз гэтых мігрантаў, і, уласна, у якіх месцах яны будуць спрабаваць перасекчы мяжу Ўкраіны. Усё гэта адсочваюць нашыя апэратыўныя супрацоўнікі і выведнікі».

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны нагадаў, што Беларусь і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі, якое прадугледжвае законныя мэханізмы вяртаньня незаконных мігрантаў. «Яно дзейнічае, хоць мы не выключаем, што Беларусь можа пайсьці на той крок, каб не прымаць назад уцекачоў, але ў далейшым можна будзе выкарыстоўваць мэханізмы прымусовага выдварэньня або вяртаньня іншаземцаў у краіну, зь якой яны прыбылі, у краіну паходжаньня або ў трэцюю краіну», — удакладніў Андрэй Дземчанка.

«Я ўпэўнены, што выведнікі маюць больш поўную інфармацыю пра сытуацыю на тэрыторыі Беларусі, і яны змогуць адсачыць патокі нелегальных мігрантаў да мяжы з Украінай. У той жа час хачу дадаць, што, магчыма, і добра, што мяжа зь Беларусьсю фактычна непраходная — ёсьць лясы, балоцістая мясцовасьць, і гэта звужае магчымасьці і месцы, дзе можа зьявіцца вялікая колькасьць нелегальных мігрантаў», — падкрэсьліў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка.

Дзяржаўная памежная служба 12 лістапада паведаміла пра вынікі спэцыяльнай апэрацыі «Мяжа-2021», якая праходзіла на мяжы з Расеяй і Беларусьсю ў верасьні — кастрычніку. Згодна зь імі, на беларуска-ўкраінскай і расейска-ўкраінскай мяжы былі затрыманыя 64 асобы за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, у тым ліку 22 мігранты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папскі нунцый: Незалежна ад палітычнага крызісу ў Беларусі, крызіс зь мігрантамі патрабуе тэрміновых рашэньняў