Чарговае пасяджэньне камісіі, якая зноў будзе разглядаць гэта пытаньне, адбудзецца праз 11 месяцаў.
«Мяне заўсёды гэта замілоўвае, нібыта нехта думаў, што будзе інакш, — піша Натальля. — Гэтаксама і суд прыехаў у ПК-4. Судзьдзя аб’яўляе: «Суд выходзіць для прыняцьця рашэньня». Праз тры хвіліны вяртаецца, дастае з тэчкі «Рашэньне суду», ужо падпісанае і зь пячаткай. Мне кажуць падпісацца, і дакладна такое ж «Рашэньне», другі ці трэці экзэмпляр, са сваёй тэчкі дастае сакратарка, якая нікуды не выходзіла. Я расьсьмяялася, кажу: «Зь кім жа вы там пра што раіліся? Бо ўсе рашэньні-пастановы ўжо гатовыя».
Раней Натальля Хершэ адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі, адтуль па рашэньні суду была пераведзеная ў турму. У калёніі яна адмовілася шыць форму для сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выглядае замучанай і худзенькай». Адвакат наведаў Натальлю Хершэ ў турмеНатальля лічыць, што няма сэнсу падаваць наглядную скаргу.
«Усе сем маіх скаргаў з ПК-4 прызналі „беспадстаўнымі“. А па самай галоўнай — пра неналежнае мэдычнае абсьледаваньне пры зьмяшчэньні ў ШЫЗА — са мной нават ніхто не сустрэўся і не задаў ніводнага пытаньня. Вось так. Пра што яшчэ можна гаварыць?!» — піша Натальля Хершэ.
Палітзьняволеная піша, што ў выніку выйдзе на волю 27 студзеня 2023 году.
Брат палітзьняволенай Генадзь Касьян сказаў, што Натальля Хершэ дагэтуль лічыць сябе невінаватай, а вынесены ёй прысуд — цалкам палітызаваным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёй удалося адчыніць акно і выгукнуць: „Жыве Беларусь!“». Алена Леўчанка пра Натальлю Хершэ, якая сёньня адзначае дзень народзінаў«У маёй камэры сьвеціць сонца»
Паводле Натальлі Хершэ, цэнзура канфіскавала ліст, у якім яна пісала, што не магла на 100% быць адкрытай з адвакатам. Яны вырашылі, што гэтым палітзьняволеная хацела нешта таемнае паведаміць брату. Паводле Натальлі, яе лісты зьнішчаюцца таксама, калі яна малюе смайлікі альбо тры сэрцайкі, адно зь якіх зафарбаванае.
«А яшчэ зьнішчаюцца лісты, як мне сказалі, калі мяне ў іх усхваляюць. На што я адказала, што падтрымку шырачэзнай масы насельніцтва я адчуваю на энэргетычным узроўні і „вы“ ў мяне адабраць яе проста ніяк ня можаце, — піша Натальля. — Я так разумею, што можна пісаць толькі пра надвор’е. Дык вось: у маёй камэры сьвеціць сонца, зараджанае той самай энэргіяй падтрымкі з волі, і я грэюся ў ягоных промнях. Усім дзякую за салідарнасьць!».
«Я прапанавала ўвесьці ў асартымэнт тавараў малако»
Натальля таксама напісала, якія харчы купіла апошні раз у атаварцы: пернікі «Слодыч» шакалядныя 300 грамаў за 2,03 рубля; пернікі глазураваныя 300 грамаў за 1,83 рубля; печыва аўсянае «Слодыч» 300 грамаў за 2,30 рубля; капусту марскую марынаваную 350 грамаў за 1,75 рубля; капусту квашаную 500 грамаў за 2,11 рубля; моркву па-карэйску 380 грамаў за 2,20 рубля.
«Я думаю, што дыягнаставаны остэапароз выкліканы недахопам кальцыю ў прадуктах харчаваньня (вось ужо больш за год). Паводле мясцовых нормаў, 125 грамаў малака ў ранішняй кашы дастатковыя для падтрыманьня здароўя. Я прапанавала ўвесьці ў асартымэнт тавараў канцэнтраванае малако ці сухое, але не, нельга», — піша Натальля.
Раней брат Натальлі Генадзь зьвярнуўся ў швайцарскую амбасаду па дапамогу, каб сястры перадалі прэпарат супраць выпаданьня валасоў. Цяпер начальніку турмы ўжо перадалі мэдычную дакумэнтацыю ад гінэколяга, які раней лячыў Натальлю ў Швайцарыі. Палітзьняволеная чакае дазволу на тое, каб ёй перадалі гэтыя лекі.
Хто такая Натальля Хершэ:
7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».
На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.
Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.
На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.
У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.
За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.
Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.
Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.
Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.
51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.