Рэбазу менш за 30 гадоў. Ён мае эканамічную адукацыю, на радзіме займаўся сыстэмамі ацяпленьня. У Беларусь прыбыў у кастрычніку.
Як мігранты з Усходу ставяцца да думкі, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае іх як інструмэнт у сваёй канфрантацыі з Эўразьвязам?
«Вялікая колькасьць уцекачоў, якія знаходзяцца тут, разумеюць, што Беларусь выкарыстоўвае нас як зброю супраць Эўрапейскага зьвязу цяпер, калі Эўразьвяз у канфлікце зь Беларусьсю. Я думаю, што адзін з бакоў гэтага канфлікту так ці так прайграе: або нас дэпартуюць, або мы трапім на тэрыторыю Эўропы. Мы спадзяёмся, што з увагі на адстойваньне правоў чалавека і правоў уцекачоў Эўразьвяз урэшце мусіць здацца».
Рэбаз Наджм Хама Саід ня думае, што Эўразьвяз пачне супраць мігрантаў на мяжы вайну, бо «нас, уцекачоў, вельмі шмат — звыш 2000 — і яшчэ больш людзей працягваюць прыбываць да мяжы каля Берасьця і Горадні».
«У мяне ёсьць інфармацыя, што кілямэтраў за дзесяць адсюль ёсьць яшчэ 500-600 уцекачоў, якія чакаюць нагоды прыйсьці сюды і далучыцца да нас. Але самае важнае вось што: калі нейкія ўцекачы захочуць трапіць сюды з гэтай міграцыйнай хваляй, кантрабандысты перавядуць іх за грошы, бо пашыраецца інфармацыя, што ў гэтым месцы больш шанцаў, што Эўразьвяз адкрые мяжу і пусьціць да сябе», — сказвае Свабодзе мужчына.
Мы пацікавіліся ў суразмоўцы, як беларускія памежнікі, сілавікі, службовыя асобы ставяцца да мігрантаў; хто даў ім сякеры, каб сячы дрэвы, і рыдлёўкі, каб разьбіваць польскія памежныя ўмацаваньні.
«Беларуская міліцыя сама дазволіла нам сячы дрэвы. Вось, глядзіце, тут (паказвае на відэа. — РС) дрэвы, якія беларуская міліцыя сама дапамагла нам сьсячы. Вось там міліцыя вярнула людзей, бо людзі пайшлі сячы дрэвы вельмі вялікім натоўпам, міліцыя не дазваляе так хадзіць. Калі вы бачыце, вось там усе хваёвыя дрэвы былі сьсечаныя. Ёсьць значна лепшыя месцы далей адсюль, дзе можна сячы дрэвы, і міліцыя дапамагае сячы іх там», — расказвае Рэбаз Наджм Хама Саід.
Раней ён расказваў нам, як трапіў у Беларусь і што дзьве папярэднія спробы перайсьці беларуска-польскую мяжу скончыліся няўдачай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепш памерці тут, чым вяртацца ў Курдыстан». Як група мігрантаў 9 дзён жыла ў лесе на мяжыКаротка пра мігранцкі крызіс
- 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
- 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
- Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
- Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.