Адказваючы на пытаньне журналістаў аб крызісе на беларуска-польскай мяжы, фон дэр Ляен пагадзілася з Байдэнам у пытаньні магчымага ўвядзеньня санкцый супраць авіякампаній, якія ажыцьцяўляюць транспарціроўку мігрантаў у Менск, піша «Голас Амэрыкі».
Фон дэр Ляен адзначыла, што падзяляе меркаваньне Байдэна аб нападзе з боку аўтарытарнага рэжыму ў рамках памежнага крызісу.
Сёньня ж пра ўзмацненьне ціску на афіцыйны Менск у выпадку, калі Беларусь будзе парушаць свае міжнародныя абавязальніцтвы і падрываць бясьпеку ў Эўропе, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Сярод іншых пытаньняў у парадку дня сустрэчы прэзыдэнта ЗША і старшыні Эўракамісіі — гандаль і праблемы Заходніх Бальканаў, дзяржавы якіх імкнуцца наладзіць адносіны з Бруселем.
Перамовы Байдэна і фон дэр Ляен прайшлі неўзабаве пасьля двух нядаўніх сустрэчаў — на саміце Групы 20 у Рыме і на канфэрэнцыі ААН па клімаце ў Глазга. Як заявіў напярэдадні перагавораў Белы дом, прэзыдэнт ЗША і кіраўнік Эўракамісіі абмяркуюць плян далейшых дзеяньняў па выніках эўрапейскіх сустрэчаў.
Амэрыканскія СМІ адзначаюць, што ў пэрыяд прэзыдэнцтва Байдэна трансатлянтычныя адносіны палепшыліся. ЗША і ЭЗ урэгулявалі дзьве буйныя гандлёвыя спрэчкі па субсыдыях на самалёты і вытворчасьць сталі, і выступаюць адзіным фронтам у дачыненьні да палітыкі Кітая.