Год таму, 11 лістапада 2020 году, тут выкралі мясцовага жыхара Рамана Бандарэнку, які пасьля жорсткага зьбіцьця памёр у рэанімацыі. Праз тры дні на «плошчы Перамен» прайшла апошняя буйная акцыя пратэсту — памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
Зь верасьня 2020-га двор на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту атрымаў неафіцыйную назву «плошча Перамен». Тады тут зьявіўся мурал з выявай «дыджэяў перамен», а жыхары вакольных дамоў пачалі ладзіць дваровыя канцэрты і іншыя імпрэзы.
За верасень і кастрычнік камунальныя службы пад наглядам міліцыі больш за дзесяць разоў зьнішчалі славутае графіці. Аднак яно кожны раз аднаўлялася на старым месцы. 15 лістапада 2020 году тут прайшла апошняя буйная акцыя пратэсту, у выніку якой затрымалі сотні чалавек, а яшчэ прыкладна такая ж колькасьць каля сутак хавалася ад сілавікоў у кватэрах і падвалах суседніх дамоў.
Жыхар «плошчы Перамен» Яўген працуе над кнігай, прысьвечанай падзеям восені 2020 году, якія адбываліся ля знакамітага муралу. У размове са Свабодай ён расказаў, якой «плошча Перамен» была год таму і што там адбываецца цяпер.
«Я кожны дзень успамінаю тыя падзеі, працуючы над кнігай, — расказвае Яўген. — Сабраў вялікую колькасьць відэаматэрыялаў, фота, узяў 13 інтэрвію аб тым, што адбывалася тады. Таму, хачу альбо не, я ўсё адно вяртаюся да тых падзей, хоць сам выехаў зь Менску два месяцы таму. Летась я сам удзельнічаў у большасьці падзей, акцый. Вельмі шмат фактараў склалася так, каб там адбывалася ўсё, што адбылося».
Яўген лічыць, што да аб’яднаньня вакол «плошчы Перамен» людзей падштурхнулі масавыя фальсыфікацыі і падзеі на Акрэсьціна і ў іншых ізалятарах. Усё гэта стварыла напружаньне ў людзях, якое ў выніку перарадзілася ў «плошчу Перамен» на скрыжаваньні Сморгаўскага тракту і вуліцы Чарвякова. Людзі там, як і ў іншых раёнах Менску, пачалі пратэставаць адразу пасьля выбараў.
«У гэты ж час зьявіўся і першы мурал, — расказвае Яўген. — Неўзабаве стварылі новы дваровы чат, дзе абмяркоўвалі ўжо ня побыт, а ўзаемадзеяньне на палітычнай прасторы. Адно за адным падцягнулася, так утварылася гэтае месца. Назву „плошча Перамен“ прыдумалі канкрэтныя людзі, хоць гэта і адбылося даволі спантанна. Гэта былі тыя, хто маляваў першы мурал. Жыхары нашага раёну. Але трэба разумець, што „плошча Перамен“ — гэта зьява. Гэта ня тры дамы ля той пляцоўкі, гэта ўвесь раён. Рома Бандарэнка, напрыклад, жыў за два аўтобусныя прыпынкі ад самой плошчы. Але ён лічыцца паўнавартасным жыхаром „плошчы Перамен“. Бо гэта не прапіска ў канкрэтным доме, гэта актыўны ўдзел у жыцьці двара».
Па словах Яўгена, актыўнасьць жыхароў «плошчы Перамен» рэзка зьнізілася пасьля забойства Рамана Бандарэнкі. На іх моцна паўплывала як ягоная гібель, так і разгон акцыі 15 лістапада, а таксама зьнішчэньне мэмарыялу ў памяць аб Раману.
«Мы нават ня думалі зьбірацца там у першыя дні пасьля гэтага, — расказвае Яўген. — Дакладней, думалі, але гэта ўсё стала патрабаваць велізарнага рэсурсу. Мэмарыял у двары таксама быў цяжкім выпрабаваньнем у эмацыйным пляне. Бо двор стаў ня толькі пляцоўкай для актыўнасьці і сустрэч, але стаў ужо мэмарыяльным месцам. Гэта было цяжка. Таму першыя некалькі тыдняў пасьля ўсяго там нічога не адбывалася. У дадатак там адразу паставілі патруль, яны пільна за ўсім сачылі дзень і ноч. Стаяў аўтамабіль зь людзьмі ў міліцэйскай форме, назавём яе так. Яны назіралі за ўсім, што адбываецца».
Суразмоўца ўспамінае, што першая акцыя пасьля разгону 15 лістапада на «плошчы Перамен» прайшла празь месяц пасьля сьмерці Бандарэнкі. Людзі выйшлі ў двор у пэўны час на «хвіліну маўчаньня»: сталі ў шэраг і паднялі рукі з тэлефонамі. Тады абышлося без затрыманьняў. Пастаяннае назіраньне сілавікі зьнялі з «плошчы Перамен» толькі ў канцы сакавіка 2021 году.
«Гэта было вельмі непрыемна, — успамінае Яўген. — Вельмі непрыемна ад таго, што ты ня можаш гэтую тэрыторыю ўспрымаць як сваю. Гэта твой двор, але больш ён ня твой. У цябе няма прасторы для выказваньняў. Хоць нехта і з гумарам ставіўся. Прыдумляў ім (сілавікам. — РС) мянушкі, людзі ўначы з вокнаў ім крычалі ўсякае. Пераклічкі адбываліся. Сілавікі хадзілі зь ліхтарамі, спрабавалі высьветліць, хто менавіта крычыць. Але ж там сотні вокнаў. Зрабіць жа нешта адкрыта не атрымлівалася. Праз два месяцы з дня сьмерці Рамана людзі зноў выйшлі зь ліхтарамі, але тады ўжо былі затрыманьні, прыяжджаў АМАП».
Цяпер на «плошчы Перамен», па словах Яўгена, «не адбываецца нічога». Людзі размаўляюць адзін з адным, абмяркоўваюць падзеі, сустракаюцца, але гэта ўсё адбываецца вельмі патаемна.
«Узровень падпольля стаў настолькі глыбокі, што простаму мінаку яго ўжо складана заўважыць, скажам так, — гаворыць ён. — Адпаведна, і яго эфэктыўнасьць зьніжаецца. Я хутчэй гэта цяпер успрымаю як падтрымку адзін аднаго. Супакаеньне свайго сумленьня. Маўляў, я яшчэ нешта раблю, не апусьціў рук. Мы не забылі і не даравалі, як гэта і сьцьвярджалася ў вядомых лёзунгах».
Па словах Яўгена, жыхары «плошчы Перамен» перажылі велізарны стрэс ад падзей мінулага году. Ад чаканьня хуткай перамогі да адчуваньня, што ты ніхто, што цябе могуць раздушыць. Што дзяржава можа такімі жорсткімі спосабамі абыходзіцца са сваімі грамадзянамі.
«У першую чаргу складана было тым, хто на „плошчы Перамен“ далучаўся да грамадзкай актыўнасьці ўпершыню, — кажа Яўген. — А такіх там была большасьць. Для такіх людзей гэта вялізная траўма цяпер. Як яны зь яе выйшлі, гэта вялікае пытаньне. Ці выйшлі яны больш азлобленымі, ці, наадварот, расчараванымі».