«Будуць сканчаць ВНУ і зьяжджаць»: Што выпускнікі кажуць пра ідэю адпрацоўваць па разьмеркаваньні 10 год

У сярэднім кожны год разьмеркаваньне не адпрацоўваюць каля 2 тысяч выпускнікоў.

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў вырашыць праблему ад’езду беларускіх мэдыкаў за мяжу — павялічыць ім тэрмін адпрацоўкі па разьмеркаваньні да 10 гадоў. Глядзім, што цяпер адбываецца з разьмеркаваньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгоннае права для мэдыкаў. Дактары — пра 10 гадоў адпрацоўкі, што патрабуе Лукашэнка

Як гэта адбываецца цяпер

Цяперашні тэрмін абавязковай адпрацоўкі пасьля ВНУ — 2 гады. Мэдыкі пасьля ўнівэрсытэту праходзяць яшчэ і год інтэрнатуры. Адзін з шанцаў пазьбегнуць разьмеркаваньня — атрымаць «вольны дыплём», але такая магчымасьць вельмі рэдкая. Такое права маюць сіроты, людзі з інваліднасьцю, цяжарныя, маці і бацькі дзяцей да 3 гадоў.

Таксама «вольны дыплём» могуць атрымаць тыя, хто вырашыць выплаціць цалкам кошт навучаньня. Сума залежыць ад ВНУ і спэцыяльнасьці, яна можа даходзіць да 20 тысяч даляраў і нават больш.

Пяць гадоў пасьля разьмеркаваньня мусяць адпрацоўваць тыя выпускнікі, хто паступаў у ВНУ па мэтавай заяўцы ад мясцовых уладаў са свайго раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка пра прымусовую адпрацоўку для лекараў

«Разьмеркавалі на 5 гадоў, адпрацавала 1,5 года»

Вікторыю разьмеркавалі ў 2019 годзе пасьля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Ляхавіцкі раён лекарам хуткай дапамогі на 5 гадоў, бо паступала па мэтавым накіраваньні. Калі прыйшла пандэмія, дзяўчына працавала, то ў паліклініцы, то езьдзіла да пацыентаў па ўсім раёне.

«Гэта 40 кілямэтраў паміж адрасамі, і бывала па 50 пацыентаў за дзень. За 1,5 года адпусьцілі ў адпачынак толькі адзін раз, на 2 тыдні. У выніку я проста ня выйшла на працу, і мяне звольнілі за прагул», — прыгадвае Вікторыя.

Пазьней ВНУ разьлічыла суму, якую Вікторыя мусіць выплаціць за не адпрацаванае цалкам разьмеркаваньне. Выйшла 11 500 рублёў з улікам адпрацаванага тэрміну і 200 рублёў за інтэрнатуру, агулам за ўвесь час вучобы (калі б Вікторыя не адпрацоўвала зусім) — 17 000 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызіс у мэдыцыне. Чаму Беларусь не ўратуюць высокія тэхналёгіі

На думку дзяўчыны, калі для мэдыкаў зробяць разьмеркаваньне на 10 гадоў, яны проста будуць зьяжджаць адразу пасьля ВНУ.

«Выпускнікі будуць канчаць тут унівэрсытэт і зьяжджаць бяз выплат за разьмеркаваньне і бяз плянаў вяртацца. Або будзе адток моладзі ў замежныя ВНУ. Бо ў многіх краінах, калі вы атрымліваеце дарагую адукацыю, гэта адбіваецца за кошт узроўню заробкаў», — кажа Вікторыя.

«Давялося пазычаць грошы»

Уладзімер скончыў гістарычны факультэт у Горадні, паступаў па мэтавым накіраваньні, таму мусіў адпрацаваць 5 гадоў настаўнікам у раёне.

«Я вырашыў выплаціць грошы, мне налічылі 13 183 рублі, гэта з улікам магістратуры. Грошы трэба выплаціць за 6 месяцаў, інакш унівэрсытэт падае ў суд. Я не пасьпеў выплаціць усю суму цалкам, толькі частку. Недзе давялося пазычаць, паралельна зарабляць, шукаць грошы любымі шляхамі», — прыгадвае Ўладзімір.

У выніку грошы Ўладзімір выплаціў цалкам за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дактары, якія пакінулі Беларусь, дапамагаюць пацярпелым суайчыньнікам у Літве

Колькі чалавек «не даяжджае» да разьмеркаваньня

Кожны год Белстат публікуе статыстыку па выпускніках, якіх ВНУ выпусьцілі і якія атрымалі першае месца працы (гаворка ідзе менавіта пра бюджэтнікаў). Розьніца амаль кожны год складае больш як тысячу чалавек.

Напрыклад, у 2020 годзе накіраваньне на працу атрымалі 19,3 тысячы чалавек, а працаўладкаваліся толькі 18,1 тысячы, то бок на працу не даехалі 1200 выпускнікоў. А вось права на самастойнае разьмеркаваньне не атрымаў ніхто.

Найбольш выпускнікоў не працаўладкаваліся ў 2017 годзе — такіх было 2600 чалавек. А агулам за 5 гадоў да працы не даехалі 8,6 тысячы.