«Дзевяноста шосты». Экс-камандуючы NATO цікавіцца псыхічным здароўем Лукашэнкі

  • Сяргей Навумчык

Аляксандар Гэйг у часы камандаваньня сіламі NATO

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


Сытуацыя ў Менску рабілася ўсё больш трывожнай. Было зразумела, што парлямэнт здае прэзыдэнту адну пазыцыю за другой.

... Мы напісалі адкрыты ліст да Сямёна Шарэцкага:

Паважаны спадар Старшыня.

Дзеяньні прэзыдэнта Лукашэнкі, сыстэматычнае і грубае парушэньне ім законаў, Канстытуцыі і правоў чалавека сталі небясьпечнымі для грамадзтва і існаваньня беларускай дзяржавы. Яны выклікалі ў краіне ўсеагульны крызіс, пагражаюць існаваньню і жыцьцю людзей.

Вярхоўны Савет як вышэйшы заканадаўчы орган улады надзелены канстытуцыйным правам кантролю і выпраўленьня антыпраўнага становішча шляхам зьмяшчэньня прэзыдэнта з пасады ў выпадку парушэньня ім Канстытуцыі, альбо калі ён зрабіў злачынства, альбо па стане здароўя. Усе тры прычыны маюць месца. Прытым грубае парушэньне Канстытуцыі адзінаццаць разоў даказана Канстытуцыйным Судом.

Улічваючы сказанае, просім Вас, спадар Старшыня:

— адчуць адказнасьць за лёс Беларусі, свой абавязак перад Канстытуцыяй і выступіць з ініцыятывай законнага зьмяшчэньня з пасады прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Лукашэнка Аляксандра Рыгоравіча;

— ініцыяваць стварэньне спэцыяльнай мэдыцынскай камісіі на прадмет экспэртызы аб стане здароўя прэзыдэнта;

— стварыць спэцыяльную камісію Вярхоўнага Савету для расьсьледаваньня злачынства — выкарыстаньня прэзыдэнцкай пасады А.Р.Лукашэнкам дзеля кантрабанднай дзейнасьці сумесна зь фірмай «Торгэкспо» і дзеля гандлю зброяй.

Вярхоўны Савет, як і іншыя органы і суб’екты ўлады, абавязаны выконваць законы, Канстытуцыю і несьці адказнасьць за зьнешнюю і ўнутраную палітыку краіны. На жаль, гэтай адказнасьці не было. Але яшчэ засталіся шанцы і магчымасьці рэабілітаваць сябе перад народам.

З павагай — Зянон Пазьняк, старшыня БНФ «Адраджэньне»,

Сяргей Навумчык, член Беларускага Хэльсынскага камітэту, сябра Сойму БНФ.

24.06.1996 г.


Было ў нас з Пазьняком спадзяваньне, што, магчыма, новыя дэпутаты разварушацца.

Ужо ў Лёндане, злавіўшы хвалі Радыё Свабода, мы даведаліся, што ліст Шарэцкаму быў перададзены. І што ў адказ сьпікер параіў нам прыехаць у Беларусь і абмеркаваць сытуацыю зь ім асабіста.

Зь Сямёнам Георгіевічам мы і сустрэнемся, і падрабязна пагаворым пра падзеі 1996-га, але гэта будзе тады, калі ён сам апынецца ў эміграцыі.

Плянуем пабыць у ЗША дзесяць толькі дзён

Нашая паездка ў Амэрыку была заплянаваная на дзесяць дзён — пяць у Вашынгтоне і пяць у Нью-Ёрку. Арганізацыю візыту ўзяў на сябе фонд National Endowment for Democracy, які дапамагае грамадзянскай супольнасьці ў посткамуністычных краінах. Фонд — арганізацыя ня ўрадавая, але ягоныя супрацоўнікі маюць добрыя сувязі ў кіроўных колах ЗША.

Кантакты з амэрыканскімі палітыкамі ў нас былі і раней. Вясной 1991-га Пазьняк разам зь Лявонам Баршчэўскім і Ўладзімерам Заблоцкім зрабіў турнэ па Амэрыцы і Канадзе — паездка супала са знакамітым менскім страйкам, і інтарэс амэрыканскіх палітыкаў і журналістаў да Беларусі лідэры БНФ скарысталі максымальна. Праўда, тады ніхто (дакладней, амаль ніхто) з амэрыканцаў не паверыў, што БНФ удасца дамагчыся незалежнасьці Беларусі — а праз паўгода яны ўжо мусілі ўспрымаць распад СССР як факт. Потым некаторыя амэрыканскія палітыкі, якія наведвалі Менск, гутарылі і з дэпутатамі апазыцыі. Падчас свайго аднадзённага візыту ў Беларусь 15 студзеня 1994 г. прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан двойчы сустракаўся зь Зянонам Пазьняком.

Як я ўжо прыгадваў, мне давялося наведаць ЗША летам 1992 году на запрашэньне Дзярждэпартамэнту і амэрыканскіх юрыстаў, якія спэцыялізуюцца ў галіне канстытуцыйнага права і выбарчага заканадаўства, і за тры тыдні ўдалося шмат даведацца пра канстытуцыйную сыстэму ЗША. Тады ўпершыню пазнаёміўся і са шмат якімі лідэрамі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне і ў Нью-Ёрку, дзе гасьцяваў у тагачаснага прадстаўніка Беларусі ў ААН Генадзя Бураўкіна. Генадзь Мікалаевіч пасяліў мяне ў невялічкім пакойчыку побач са сваёй кватэрай, а ў суседняй гасьцяваў тагачасны першы віцэ-прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч.

Візыт у Амэрыку мы разглядалі як кульмінацыю нашай замежнай палітычнай дзейнасьці. Яшчэ падчас сустрэч у эўрапейскіх сталіцах мы імкнуліся пераканаць заходніх палітыкаў мінімум у дзьвюх бясспрэчных для нас зьявах.

Па-першае, што ўлада Лукашэнкі мае характар дыктатуры, і, калі яна яшчэ не набыла клясычныя для дыктатуры абрысы, дык гэта адбудзецца вельмі хутка. І што супрацьстаяць гэтаму можна толькі пра кансалідаванай дапамозе лідэраў краінаў заходняй дэмакратыі.

З гэтым нашыя суразмоўцы нібыта пагаджаліся, але на справе мы бачылі хутчэй падтрымку Лукашэнкі, чым ціск на яго. Апагеем можна лічыць візыт Лукашэнкі ў Францыю ў ліпені, пра які я ўжо пісаў.

Па-другое, мы даводзілі, што праект інтэграцыі Беларусі з Расеяй выходзіць за межы перадвыбарчай кампаніі Ельцына і ўяўляе сабой доўгатэрміновую стратэгічную мэту са зьнікненьнем беларускае дзяржаўнасьці ў выніку.

Але яшчэ на сустрэчы ў адміністрацыі Гаўла можна было пераканацца ў трываласьці думкі аб часовасьці інтэграцыйных памкненьняў Крамля. Нам казалі: вось пройдуць у ліпені выбары, Ельцын перавыберацца і размовы пра інтэграцыю сьціхнуць. Галоўнае, лічылі заходнія палітыкі, каб не перамог камуніст Зюганаў — а ў адданасьці Ельцына дэмакратыі яны не сумняваліся.

Спачатку нам здалося, што мэта нашага візыту ў Амэрыку спрашчаецца: вынікі выбараў у Расеі былі ўжо вядомыя — Ельцын перамог. Амэрыканцы ўжо не хваляваліся за лёс расейскай дэмакратыі і маглі патурбавацца лёсам дэмакратыі беларускай.

У сваіх спадзяваньнях мы празьмерных ілюзіяў ня мелі, бо разумелі, што ў сьпісе прыярытэтаў Беларусь, пасьля рашэньня аб пазбаўленьні (без усякіх умоваў) ядзернай зброі, знаходзіцца далёка не на першых месцах...

Супрацоўнікі Белага дому заражаюць аптымізмам

Зрэшты, спачатку ўсё было вельмі добра, а для нас — дык нават вельмі пасьпяхова.

І не ў апошнюю чаргу дзякуючы арганізацыйным здольнасьцям супрацоўніц фонду National Endowment for Democracy Надзі Дзюк і Барбары Гэйг, якія шмат паспрыяюць грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў будучыні.

Сяргей Навумчык, Надзя Дзюк і Зянон Пазьняк, Вашынгтон, ліпень 1996 году

Нашая з Пазьняком праграма пачалася з сустрэчы з кангрэсмэнам, старшынём Палітычнай камісіі Рэспубліканскай партыі Крыстафэрам Коксам. Нягледзячы на даволі малады ўзрост, Кокс ужо ня першы раз быў выбраны ў Кангрэс. Пра ягоны аўтарытэт сьведчыла ўжо тое, што ў свой час яго разглядалі як кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнта ЗША ў выбарчай кампаніі Боба Доўла, але, здаецца, якраз малады ўзрост і перашкодзіў. Тэмаю нашай гутаркі з Коксам была дапамога амэрыканскіх палітыкаў беларускім дэмакратам.

Захаваўся тэзісны запіс той гутаркі:

Кокс: Выглядае, Лукашэнка зацікаўлены ў камуністычным рэваншы і выступае за цесныя сувязі з Масквой. Але падобна, што Масква робіцца антыкамуністычным цэнтрам у самой Расеі. Што гэта будзе азначаць для Беларусі? Ці здолее Лукашэнка дзейнічаць самастойна? Ці будзе ў Беларусі рынкавая дэмакратыя? Цяперашнія тэндэнцыі ў Расеі больш спрыяльныя прыватнаму бізнэсу, чым у Беларусі.

Пазьняк: Галоўная ідэалёгія Масквы, незалежна ад таго, камуністычная яна ці антыкамуністычная, — гэта імпэрская ідэя. І палітыка Масквы ў Беларусі — гэта эканамічны кантроль, захоп прыярытэтных для расейскага капіталу вытворчасьцяў з мэтай падпарадкаваньня Расеі эканомікі Беларусі.

Кокс: У якой ступені Лукашэнка быў пастаўлены? Як паўплывае адносны посьпех Ельцына і Лебедзя на Беларусь?

Навумчык: Лукашэнка — былы афіцэр КГБ. Ён і падчас свайго дэпутацтва ў парлямэнце выказваў прарасейскія погляды, а цяпер высьвятляюцца новыя факты падтрымкі яго Масквой на прэзыдэнцкіх выбарах.

Пазьняк: Канешне, назіраецца канфлікт паміж беларускім грамадзтвам і Лукашэнкам. І Ельцын можа зрабіць выбар не на карысьць Лукашэнкі.

Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык з кангрэсмэнам Крыстафэрам Коксам, ліпень 1996

Кокс: Што б Кангрэс мог зрабіць цяпер?

Пазьняк: Самае лепшае — калі б вяшчаньне беларускай службы Радыё Свабода было павялічана ў тры-чатыры разы.

Кокс: Я буду выступаць за тое, каб вяшчаньне радыё было пашыранае. На жаль, у палітыцы Белага дома рабскую залежнасьць ад Гарбачова хочуць кампэнсаваць дружбай зь Ельцыным.

Пазьняк: Было б разумна, каб Вашынгтон удзяляў увагу адносінам з Украінай і зь Беларусьсю, а ня толькі з Расеяй. Гэта стварыла б балянс сілаў.

Кокс: Мы падтрымліваем украінскую свабоду. Аднабаковая дапамога Расеі не дае станоўчага эфэкту, і гэта пагражае вяртаньнем у часы Варшаўскай дамовы.


Прыязнае стаўленьне да Беларусі адчулі мы і падчас сустрэчы з кангрэсмэнам ад штату Нью-Джэрзі дэмакратам Франкам Палонэ. Адрозна ад рэспубліканца Кокса, як прадстаўнік кіроўнай партыі Палонэ быў стрыманы ў сваіх ацэнках замежнапалітычнага курсу ЗША, але праявіў дэталёвае веданьне рэаліяў сытуацыі ў Беларусі. Што, зрэшты, ня дзіўна — на тэрыторыі выбарчай акругі Палонэ жыве шмат беларусаў; натуральна, што кожны кангрэсмэн зацікаўлены мець як мага большую падтрымку выбарнікаў. Палонэ прапанаваў нам быць, так бы мовіць, своеасаблівым прадстаўніком беларускай дэмакратыі ў Кангрэсе і сваімі выступамі зьвяртаць увагу амэрыканскіх палітыкаў на факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Сваё слова ён стрымаў — пазьней нават прапанаваў Кангрэсу прыняць адмысловую рэзалюцыю з прызнаньнем легітымнасьці БНР. Але Кангрэс на гэта не пагадзіўся.

У Хэльсынскім камітэце правоў чалавека пры Кангрэсе ЗША мы гутарылі пра тактыку абароны ўдзельнікаў масавых акцыяў у Менску, якіх могуць затрымаць альбо асудзіць. Камітэт арганізаваў выступ Пазьняка ў Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, паслухаць які прыйшлі дзясяткі палітолягаў і журналістаў. Пазьней Камітэт выпусьціў некалькі бюлетэняў, прысьвечаных становішчу з правамі чалавека ў Беларусі.

Была ў нас сустрэча і ў Белым доме, з намесьнікам кіраўніка аддзелу Эўразіі Рады бясьпекі Карлясам Паскуалем.

Паскуаль прыгадаў сваю дыпляматычную службу ў Паўднёвай Афрыцы ў гады апартэіду, расказаў, як наведваў у турме аднаго з паплечнікаў Нэльсана Мандэлы. Сытуацыя выглядала безнадзейнай, але цяпер былы вязень — губэрнатар адной з буйных правінцый. Расповед, канешне, мусіў надаць нам аптымізму.

Пазьняк: Рпаспачаць працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі

Пра гэтую гутарку і пра іншыя спатканьня газэта «Беларус» у тыя дні пісала:

«...Народны Фронт першы выступіў з канцэпцыяй нэўтралітэту Беларусі, але цяпер, пасьля актывізацыі працэсу анэксіі краіны Расеяй, мы выказваемся за далучэньне Беларусі да NATO», — заявіў Зянон Пазьняк у час спатканьня ў Камітэце замежных справаў Сэнату ЗША.

Тэзіс пра гарантыі незалежнасьці Беларусі быў разьвіты і на сустрэчы з намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Эўразіі Рады бясьпекі Карлясам Паскуалем. Зянон Пазьняк адзначыў, што ігнараваньне імпэрскіх амбіцыяў Крамля можа даволі хутка ўскладніць ня толькі становішча краінаў Усходняй Эўропы, але і Захаду.

Адказваючы на пытаньні пра пэрспэктывы дэмакратычнага руху ў часе гутаркі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, З. Пазьняк выказаў упэўненасьць, што рэжым Лукашэнкі вычарпаў эканамічныя магчымасьці і паставіў грамадзтва на мяжу сацыяльнага выбуху. У такой сытуацыі, адзначыў лідэр БНФ, вельмі важна накіраваць незадаволенасьць людзей у канструктыўнае рэчышча. БНФ прапануе шлях палітычнай рэформы, галоўныя этапы якой — распачынаньне Вярхоўным Саветам імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі, скасаваньне пасады прэзыдэнта ў Канстытуцыі, выбары новага парлямэнту на шматпартыйнай аснове.


Перапыню цытаваньне. Мы настойліва казалі амэрыканскім палітыкам і дыпляматам пра неабходнасьць імпічмэнту і сустракалі разуменьне. Але ўсьведамленьня неабходнасьці гэтага кроку не было ў тых, хто гэтую працэдуру мусіў, паводле Канстытуцыі, распачаць — у дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Ад імя Беларускага Хэльсынскага камітэту ў абарону правоў чалавека Сяргей Навумчык выказаў падзяку Дзяржаўнаму дэпартамэнту за ўвагу, якая была праяўленая ў дачыненьні да палітычных вязьняў і ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. Тэме парушэньня правоў чалавека была прысьвечаная і сустрэча ў Хэльсынскім камітэце Кангрэсу ЗША.

Пры гэтым С. Навумчык падкрэсьліў, што БНФ выступае за прыняцьце Беларусі ў Раду Эўропы. «Мы за палітычную ізаляцыю Лукашэнкі як дыктатара, але сусьветная супольнасьць павінна пашырыць кантакты з парлямэнтам, партыямі і праваабарончымі арганізацыямі, — падкрэсьліў С. Навумчык. — Беларусь павінна набліжацца да ўсясьветных стандартаў у галіне выкананьня правоў чалавека, і сяброўства ў Радзе Эўропы гэтаму спрыяе. Да таго ж пасьля прыняцьця ў Раду Эўропы Расеі, якая вядзе вайну ў Чачэніі, адмова Беларусі выглядала б дзіўна і ўзмацніла б імпэрскія амбіцыі Крамля».

У гонар гасьцей зь Беларусі быў дадзены абед, на якім прысутнічалі Зьбігнеў Бжэзінскі, дырэктар USIA Джо Дафі, былы дзяржаўны сакратар генэрал Александэр Гэйг, дзяяч прафсаюзаў Лэйн Керклэнд і іншыя.

У час сустрэчаў у Вашынгтоне зь лідэрамі БНФ быў сп. Р. Завістовіч, старшыня Беларускага кангрэсавага камітэту.


Тое, што Расьціслаў Завістовіч узяў на сябе ролю перакладчыка, было важна, бо ва ўладных калідорах Вашынгтону мы маглі гаварыць з суразмоўцамі па-беларуску. Для амэрыканскіх палітыкаў тое быў ясны і зразумелы сыгнал. Са спадаром Расьціславам я пазнаёміўся летам 1992-га, калі на запрашэньне Дзярждэпартамэнту быў у ЗША — ён быў першым амэрыканскім беларусам, якога я пабачыў. А праз год, у дні Першага зьезду беларусаў сьвету, мы з Галяй прымалі яго ў сябе ў Менску. Зьезд той у Опэрным тэатры, натхнёнасьць удзельнікаў, якія прыехалі зь дзясяткаў краінаў (многія ўпершыню за паўстагодзьдзя), сёньня ўспрымаецца як вяршыня, як пік апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня.

У тыя ліпеньскія дні ня думалася, што ўжо праз тры гады ў Вашынгтоне мы будзем гаварыць пра панаваньне антыбеларускіх сілаў.

Сустракаемся з Бжэзінским, Гэйгам і сяброўкай Мэрылін Манро

І тут варта расказаць больш падрабязна пра ланч і яго ўдзельнікаў.

Ён праходзіў не ў рэстарацыі, а ў нейкай залі прыёмаў у шматпавярховым доме.

Найбольш вядомым для мяне быў, безумоўна, Зьбігнеў Бжэзінскі — памочнік прэзыдэнта Джымі Картэра ў нацыянальнай бясьпецы, у пачатку 80-х пра яго шмат пісалі ў савецкай прэсе як пра ворага «міру і прагрэсу». Ніякім ворагам мірнага і прагрэсіўнага ён, вядома, ня быў, а быў прыхільнікам дэмакратычнага ладу і вялікім сябрам польскай «Салідарнасьці». І, што для Крамля і Лубянкі было галоўным, — перакананым антыкамуністам.

Пазьней я прачытаў ягоную кнігу «Вялікая шахматная дошка», якая спалучае ў сябе сапраўдны падручнік па геапалітыцы і прагнозы, якія спраўджваюцца на нашых вачах. Ён ня надта верыў у дэмакратычную будучыню Расеі і за шмат гадоў да анэксіі Крыму і вайны на Данбасе ўгледзеў, што Ўкраіна будзе тым месцам, дзе сканцэнтруецца супрацьстаяньне Расеі і Захаду. Своеасаблівы цывілізацыйны разлом ён правёў па Ўкраіне і Беларусі, і ён супадаў зь межамі да 1939 году. (Розьніцу ў мэнтальнасьці жыхароў усходніх і заходніх рэгіёнаў я добра адчуў, калі мы з дэпутатамі БНФ аб’ехалі дзясяткі раёнаў па ўсёй Беларусі. Ці будзе яна існаваць і далей, як доўга і ці выльецца гэта ў нешта пакуль непрадказальнае — не магу прарочыць, я ж не Бжэзінскі.)

Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк і Зьбігнеў Бжэзінскі (крайні зправа), ліпень 1996, Вашыегтон

Прафсаюзны дзеяч Лэйн Керклэнд шаснаццаць гадоў узначальваў Амэрыканскую фэдэрацыю працы — Кангрэс прамысловых арганізацый (AFL-CIO). Вядомая фраза Керклэнда — «Калі б цяжкая праца была такой цудоўнай рэччу, багатыя, вядома ж, трымалі б яе пры сабе». Ён таксама спрыяў польскай «Салідарнасьці» у самыя цяжкія для яе часы — гады ваеннага становішча. Прычым падштурхнуў таго ж Бжэзінскага на большую фінансавую дапамогу, чым першапачаткова плянавалася (Белы дом не хацеў занадта злаваць Маскву).

Разам з жонкай Керклэнд даваў у сваім доме прыёмы ў гонар дысыдэнтаў з краінаў «сацыялістычнага лягеру». Прыёмы ў доме Керклэндаў наведваў і Салжаніцын у першыя гады свайго амэрыканскага жыцьця.

На абед з гасьцямі зь Беларусі Керклэнд прыйшоў з жонкай. Ірэна Керклэнд была адвакаткай у галіне правоў чалавека, таму інтарэс да нас з Пазьняком у яе быў зусім ня сьвецкі. У дзявоцтве Нойманава, яна нарадзілася і жыла ў Празе, пакуль у часы нямецкай акупацыі яе ня выгналі са школы. Нацысты вывезьлі яе габрэйскую сям’ю ў Тэрэзін, потым, разам зь сястрой, — у Асьвенцім, дзе ім нейкім цудам удалося ня трапіць у газавыя камэры. Пасьля вайны яны вярнулася ў Прагу, Ірэна вучылася ў Карлавым унівэрсытэце і ўступіла ў сацыял-дэмакратычную партыю. Пасьля прыходу да ўлады камуністаў яе выключылі з унівэрсытэту і арыштавалі. Потым яна выехала ў Ізраіль, адтуль — у Парыж, Лёндан і, нарэшце, у Амэрыку. У нэкралёгу, зьмешчаным у The Washington Post пасьля сьмерці Ірэны Керклэнд у 2007 годзе (яна перажыла свайго мужа Лэйна на восем гадоў) напішуць, што ў апошні год жыцьця яна атрымала ўзнагароду Міністэрства замежных спраў Чэхіі за спрыяньне дэмакратыі, правам чалавека і дапамогу ўцекачам).

Перад абедам нехта мне сказаў, што Ірэна была сяброўкай Мэрылін Манро. Пасьля сустрэчы я пацікавіўся, як адбылося іхняе знаёмства, але Ірэна аджартавалася нечым кшталту «Гэта было вельмі, вельмі даўно!» Ужо потым я зразумеў, што маё пытаньне мела элемэнт нетактоўнасьці: яе сяброўства з актрысай было зьвязана з тым, што ейны першы муж быў прадусарам апошняга фільма, у якім здымалася Манро, і прыпала якраз на самы драматычны, калі не сказаць трагічны, пэрыяд жыцьця актрысы.

Ну а праз дваццаць гадоў, у 2016-м, мая дачка Ганна сыграе ў спэктаклі праскага моладзевага тэатру пра лёс яўрэйскай дзяўчынкі, якая апынулася ў Тэрэзіне. На прэм’еры тэкст ад сябе самой будзе чытаць галоўная гераіня, якой, як і Ірэне Нойманавай-Керклэнд, пашчасьціла выжыць.

Чалавек, які браў на сябе адказнасьць

Аляксандэр Гэйг быў сівы мужчына з крыху раскосымі, іранічнымі вачыма пад густымі бровамі. У яго была галівудзкая зьнешнасьць, і да сваёй вайсковай і палітычнай кар’еры ён мог бы і цяпер дадаць кіношную, калі б пажадаў.

Генэрал Аляксандар Гэйг у часы камандаваньня сіламі NATO

Калі нас прадстаўлялі, я сказаў, што ў мінулым быў афіцэрам, назваў і званьне — старшы лейтэнант — і дадаў, што гэта ня тыя зоркі, якія могуць яго ўразіць. Чатырохзоркавы генэрал засьмяяўся і сказаў, што ня ўсе сэнатары маюць такое званьне, большасьць зь іх не служылі.

Сам Гэйг аддаў войску большую палову жыцьця — легендарная акадэмія ў Вэст-Пойнт, войны ў Карэі, Віетнаме, баявыя ўзнагароды і, як фінал, — вярхоўны камандуючы сіламі NATO ў Эўропе, чатыры генэральскія зоркі на пагонах — вышэйшага званьня ў мірны час у Амэрыцы няма. А яшчэ — арганізаваны леварадыкальнай тэрарыстычнай групоўкай «Фракцыя Чырвонай арміі» замах на жыцьцё, калі бомба, закладзеная пад мостам, узарвалася праз сэкунду пасьля таго, як ягоны аўтамабіль праехаў.

Але ў гісторыю Гэйг увайшоў у большай ступені як палітык. Ягоная кар’ера ў калідорах улады ўражвае ня менш за вайсковую. Памочнік Генры Кісынджэра (і ўдзельнік перамоваў аб спыненьні вайны ў Віетнаме), кіраўнік апарату Белага дома і памочнік прэзыдэнта Рычарда Ніксана (і ўдзельнік перамоваў аб адстаўцы Ніксана ў часе Ўотэргейцкага скандалу). Прэзыдэнт Рональд Рэйган пасьля сваёй інаўгурацыі прызначыў яго дзяржсакратаром, і на гэтай пасадзе ён сказаў фразу, якую часта прыпісваюць Рэйгану: «Ёсьць рэчы, важнейшыя за мір».

Вядомасьць набыло і іншае выказваньне Гэйга — калі ў красавіку 1981-га паранены і праапэраваны Рэйган быў у шпіталі пасьля замаху на ягонае жыцьцё, на прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме дзяржсакратар заявіў журналістам, што «кантралюе сытуацыю».

Празь некалькі сэкундаў пасьля замаху на прэзыдэнта Рэйгана, 1981

Нядобразычліўцы адразу пачалі трактаваць заяву як спробу ўзяць на сабе паўнамоцтвы, не прадугледжаныя Канстытуцыяй. Па ёй лінія пераемнасьці ў выпадку няздольнасьці прэзыдэнта выконваць абавязкі ідзе да віцэ-прэзыдэнта, потым сьпікера Палаты прадстаўнікоў і часовага прэзыдэнта Сэнату, і толькі пасьля іх — да дзяржсакратара. Строга кажучы, фраза была вырваная з кантэксту. Насамрэч Гэйг прыгадаў і Канстытуцыю, і віцэ-прэзыдэнта, якому, аднак, Рэйган улады не перадаў, і сказаў у тым сэнсе, што кантралюе сытуацыю менавіта вось цяпер, вось тут, у Белым доме ў чаканьні віцэ-прэзыдэнта Джорджа Буша-старэйшага. Што было праўдай.

Дзяржсакратар ЗША Аляксандар Гэйг выступае на прэсавай канфэрэнцыі пасьля замаху на прэзыдэнта Рэйгана, 30 сакавіка 1981

Мне ў той гісторыі якраз сымпатычная гэтая рыса Гэйга — гатоўнасьць узяць на сабе адказнасьць. У Беларусі мы бачылі зусім іншыя прыклады, калі кіраўнікі парлямэнту адзін за другім заяўлялі, што «ня маюць улады», «ня маюць» паўнамоцтваў, — у той час як Лукашэнка захопліваў сабе ўсё больш паўнамоцтваў, не прадугледжаных Канстытуцыяй. Заклікі БНФ да рашучых дзеяньняў сьпікеры (ня толькі яны, праўда) называлі пагрозай «грамадзянскаму міру» — але, магчыма, сапраўды ёсьць моманты, калі існуе нешта важнейшае за гэта самы «грамадзянскі мір», калі на карту стаіцца існаваньне краіны ці нават нацыі? Ці ня гэты сэнс укладаецца ў фразу «народ мае права на паўстаньне»?

Але часьцей і паўстаньня ніякага ня трэба — дастаткова ініцыятыўных дзеяньняў у выкананьні Канстытуцыі і заканадаўства. Перакананы, што бескампрамісныя крокі ў дачыненьні да Кебіча ўвосень 93-га, калі ён падтрымаў праімпэрскія сілы, ці да Лукашэнкі ў красавіку 95-га, калі былі пабітыя дэпутаты парлямэнту, прадухілілі б тое, у чым Беларусі давядзецца жыць амаль тры стагодзьдзі. Ну а празь некалькі месяцаў мы ўбачылі, як кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету бяздарна былі страчаныя канстытуцыйныя магчымасьці абвясьціць імпічмэнт.

Але пра гісторыю з фразай Гэйга падчас шпіталізацыі Рэйгана я даведаўся ўжо пасьля сустрэчы, а ў той момант трапіў пад уплыў надзвычайнай харызмы гэтага неардынарнага чалавека. Мне даводзілася бачыць шмат генэралаў, але Гэйг успрымаўся найперш як інтэлектуал.

Ліст Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка ў Раду Эўропы з прапановай стварыць камісію ў справе стану здароўя Аляксандра Лукашэнкі. Чэрвень 1996

Між іншым, пасьля таго, як я сказаў пра псыхічную, на маю думку, неадэкватнасьць Лукашэнкі, Аляксандар Гэйг папрасіў расказаць пра гэта больш падрабязна. І калі нехта за сталом усьміхаўся (а было з чаго), дык ён выслухаў маё тлумачэньне сур’ёзна. Тады я не надаў гэтаму асаблівай увагі, а вось пазьней зразумеў, чым выклікана было такое стаўленьне. Цягам вайсковай службы Гэйгу даводзілася трапляць у экстрэмальныя сытуацыі — і калі ад рашэньняў начальнікаў залежала ягонае ўласнае жыцьцё, і калі ягоныя рашэньні вырашалі лёс тысяч і нават мільёнаў. Як удзельнік складаных перамоваў — і па спыненьні віетнамскай вайны, і па арганізацыі візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Кітай і ягонай сустрэчы з Мао Цзэ Дунам, і ў сытуацыі Ўотэргейту — ён ведаў, што глябальныя рашэньні могуць залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў і нават ад капрызаў тых, хто іх прымае.

Бжэзінскі пытаецца пра ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў

Ну а цяпер пра палітычную сутнасьць той гутаркі за ланчам успамінае Зянон Пазьняк:

Бжэзінскі даў у наш гонар абед, куды запрасіў вядомых асобаў, у асноўным тых, хто ўжо адышоў ад пасадаў. Але ў Амэрыцы такія людзі, як Аляксандар Гэйг ці той жа Зьбігнеў Бжэзінскі, яны ад палітыкі не сыходзяць, нават калі сыходзяць з пасадаў, і маюць самы непасрэдны ўплыў. Дык вось была вельмі канкрэтная размова. Лічу, што вельмі карысная, бо большасьць пытаньняў было такіх, на якія можна было канкрэтна адказваць, ня робячы тлумачэньняў. Ёсьць цяжкасьці, калі спатыкаесься з амэрыканскімі палітыкамі, якія займаюцца ўнутрыамэрыканскімі пытаньнямі альбо іншымі абласьцямі, яны цяжка арыентуюцца ў сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе, у Беларусі, трэба шмат тлумачыць. Тут прафэсійны ўзровень быў такі, што тлумачэньняў было вельмі мала.

Зьбігнеў Бжэзінскі

Што зьвярнула ўвагу — сярод пытаньняў Бжэзінскі вылучыў адно, якое паўтарыў некалькі разоў: які ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці беларускага народу? Ці здольны народ адстойваць свае правы? Вось гэтае пытаньне задаюць толькі ў Польшчы і ва ўсім сьвеце там, дзе ў палітыцы палякі. Гэта не выпадкова. Таму што польскае грамадзтва на працягу ўсёй сваёй гісторыі мела дачыненьне з маскоўскай імпэрыяй. Яны проста разумеюць, што ў гэтай сытуацыі самае важнае. І гэта было вельмі істотна пачуць такое ў Амэрыцы.

Задаваліся вельмі канкрэтныя пытаньні, што, як мы лічым, мусіць зрабіць Амэрыка для Беларусі ў гэтай сытуацыі. Выказваючы нашыя думкі (тут і правы чалавека, і інфармацыя, і адносіны з Масквой), мы ўказвалі на тое, што было б вельмі важна, каб амэрыканская палітыка занялася канкрэтным вывучэньнем сытуацыі ў Беларусі, каб быў пастаянны аналіз і каб Беларусь стала аб’ектам амэрыканскай палітыкі.

Таму што тое, што адбываецца на Беларусі, гэта ёсьць ажыцьцяўленьне стратэгічнай палітыкі Крамля ва Ўсходняй Эўропе. І разуменьне гэтага вельмі важнае, бо потым можа аказацца позна, калі ўжо будуць вынікі, і вельмі дрэнныя.

Мы гаварылі, што ўражаньне часам такое, што быццам не Амэрыка выйграла халодную вайну, а Расея. І што ў гэтай сытуацыі Беларусь робіцца цэнтрам прыкладаньня расейскай імпэрскай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе.


Цяпер тых ганаровых гасьцей, зь якімі мы палуднавалі, няма ў жывых. У мяне засталася ня толькі добрая памяць пра іх, але і адчуваньне, што дакрануўся да амэрыканскай і сусьветнай гісторыі.

Усё ж памыляліся ідэолягі камунізму, калі казалі, што роля асобаў у гісторыі мізэрная. Часам яна бывае вельмі істотнай і нават вызначальнай, прыводзіць цэлыя народы і да добрага, і да дрэннага.

Людзі, якія паспрыялі абрынаньню камуністычнай сыстэмы, перакананы, паспрыялі добраму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: “Дзевяноста шосты”. Французы ня слухаюць БНФ і запрашаюць Лукашэнку ў Парыж. Вынік візыту: “Мне спадабаўся тэрмін прэзыдэнцтва – 7 гадоў”
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Ельцын просіць Лукашэнку не расстрэльваць Сіўчыка і Хадыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк выяжджае зь Беларусі, расейскія мытнікі хочуць хабар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Нам дапамагае дачка паўстанцаў у Кенгіры і паплечніца Чарнавола
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк пераяжджае на кансьпіратыўную кватэру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». «Арганізатары шабашу — тыя, хто ў 1991 годзе галасавалі за незалежнасьць Беларусі і развал СССР»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Лукашэнка гаворыць на Радыё Свабода і зноў хлусіць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: «Моцна зьбілі дзяўчыну, а мужчыну, які яе бараніў, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Пазьняк: Чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, — перастаў быць прэзыдэнтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Васіль Быкаў: У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. У нас гэта — месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.