Супрацоўнікам дзяржаўнага расейскага мэдыяхолдынгу «Россия сегодня» забаранілі называць «Талібан» забароненай у Расеі арганізацыяй. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал «Осторожно, новости» са спасылкай на ліст кіраўніцтва.
Супрацоўнік «РИА Новости» пацьвердзіў каналу «Можем объяснить», што атрымаў такі ліст.
«Калегі, зь сёньняшняга дня перастаем даваць „Талібан“ як забароненую ў Расеі арганізацыю. Пішам з зорачкай „Арганізацыя знаходзіцца пад санкцыямі ААН за тэрарыстычную дзейнасьць“», — гаворыцца ў апублікаваным скрыншоце.
Паведамляецца, што «РИА Новости» і RT ужо выкарыстоўваюць новую фармулёўку.
«Талібан» рашэньнем Вярхоўнага суду РФ у 2003 годзе прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй і забаронены на тэрыторыі Расеі. У сярэдзіне жніўня талібы падчас імклівага наступу ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістана, бяз бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул.
Краіны Захаду не прызнаюць «Талібан» законным урадам Афганістана. У кастрычніку на пленарнай сэсіі дыскусійнага клюба «Валдай» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея будзе імкнуцца да выключэньня руху «Талібан» са сьпісу забароненых тэрарыстычных арганізацый. Пры гэтым ён сказаў, што найперш гэта павінна зрабіць Рада Бясьпекі ААН.
Расейскія ўлады не прызнаюць рух афіцыйна, але рэгулярна праводзяць сустрэчы з талібамі ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам давялося прадаць дачку». Масавы голад у Афганістане