Сузнавальнік фонду дапамогі рэпрэсаваным BySol Андрэй Стрыжак расказаў Zerkalo.io пра цяперашнюю працу сваёй каманды.
Андрэй Стрыжак расказаў, што цяпер у камандзе фонду BYSOL працуюць каля 15 чалавек, якія знаходзяцца ў Вільні.
«Частка людзей адсеялася падчас жорсткага адбору, мы скарацілі штат удвая, а нехта сышоў, таму што ўжо маральна і фізычна ня змог цягнуць працу», — удакладніў Стрыжак.
Пра пік заяваў на дапамогу
У кантэксьце працы фонду Андрэй Стрыжак расказаў, што самы пікавы час у колькасьці просьбаў беларусаў аб аказаньні ім дапамогі быў жнівень-лістапад 2020 году:
«Тады заяўкі прыходзілі дзясяткамі за дзень. У першыя месяцы гэта былі запыты ад звольненых, арганізаваных стачкамаў і людзей, якія былі вымушаныя ўцякаць за мяжу. У асноўным ім патрэбна была матэрыяльная дапамога: 2 млн эўра за гэты час было выдаткавана на звольненых, звыш 600 тыс. эўра пайшло страйкамам, каля 200 тысяч эўра было пераведзена на рахункі рэлякантаў».
Па словах Стрыжака, каманда BySol з часам зразумела, што простыя выплаты звольненым не вырашаюць праблемы, бо праз тры месяцы людзям трэба дзесьці зарабляць грошы, у выніку ініцыятыва пачала рабіць упор на перанавучаньне.
«Затым мы ўбачылі, што сыстэма падтрымкі людзей, якія ўжо рэлякаваліся, не апраўдала сябе: зразумець, зь якіх прычынаў пераяжджаюць людзі, было амаль нерэальна. Мы прынялі складанае рашэньне закрыць гэты напрамак. 90% нашай працы цяпер — гэта актыўнасьць унутры Беларусі. Калі ўзьнікла сытуацыя зь вялікім дваровым варушняком, а колькасьць палітвязьняў пачала расьці, мы адразу ж уключыліся ў вырашэньне гэтых праблем».
Пра тых, хто мае патрэбу цяпер
Андрэй Стрыжак расказаў, што колькасьць людзей, якія атрымліваюць дапамогу фонду можа дасягаць сёньня некалькіх соцень чалавек.
«Мы арыентуемся на агульную суму збору за месяц: з фонду выходзіць прыкладна столькі ж сродкаў, колькі і паступае. Гаворка ідзе пра сумы ў дыяпазоне ад 40 да 80 тысяч эўра», — сказаў Стрыжак.
Ён зазначыў, што грошы ў фонд на гэты момант паступаюць з усяго сьвету ад людзей, неабыякавых да сытуацыі ў Беларусі.
Пра свае заробкі
На пытаньне пра тое, колькі зарабляе ён сам, Стрыжак адказаў:
«У фондзе BySol — каля 2000 эўра. Але гэта не адзіная мая крыніца даходу — ёсьць яшчэ ганарары ад іншых арганізацый, якія замаўляюць экспэртную аналітыку ці правядзеньне трэнінгу...»
Велічыню заробкаў супрацоўнікаў фонду Стрыжак раскрываць ня стаў:
«Гэта іх пэрсанальныя зьвесткі. Можа быць, па нейкіх беларускіх мерках гэтыя грошы выглядаюць вялікімі, але трэба ўлічваць, колькі каштуе жыцьцё ў Літве і Эўразьвязе».
Аб памылках
Закранаючы памылкі, якія былі зроблены за ўвесь час існаваньня фонду і ў цэлым ацэнку ягонай працы, Стрыжак сказаў наступнае:
«Акрамя кадравага пытаньня, праблемным пунктам быў рэлакейт. У жніўні 2020 году, пасьля закрыцьця межаў, у людзей зьявілася магчымасьць выехаць у Эўразьвяз па гуманітарнай візе. Меркавалася, што гэта можа зрабіць кожны, бо многія за той год у нечым пацярпелі. І вось калі такім чынам выяжджае чарговы чалавек, ты сядзіш і думаеш: а ці рэальна яго перасьледавалі ці ён знайшоў для сябе лёгкую магчымасьць выехаць? Мы вельмі напружваліся, каб не праміргаць тых, каму па-сапраўднаму патрэбна была дапамога, — апавядае Андрэй Стрыжак, — Калі гаварыць пра астатнюю нашу працу, ёй я стаўлю моцную чацьвёрку. Мусіць, нешта можна было зрабіць лепш. І калі хтосьці на гэта здольны, няхай робіць. Пакуль жа BySol і Byhelp — гэта дзьве самыя пасьпяховыя кампаніі ў зборы сродкаў у Беларусі. Сумесна мы ўжо перадалі людзям каля 7 млн эўра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 годуХто такі Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак быў каардынатарам валянтэрскай кампаніі ByCovid19, якая сумарна падтрымала мэдыкаў на 360 тысяч эўра. Сродкі зьбіраліся праз плятформу MolaMola, пакуль яе рахункі не забракавалі ў справе «Белгазпрамбанка». У ліпені 2020 году Стрыжак выехаў зь Беларусі, а ўвосень ByCovid19 перастала падтрымліваць мэдыкаў празь немагчымасьць «узаемадзейнічаць зь дзяржавай».
У красавіку 2021-га Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў фінансаваньні экстрэмісцкага фармаваньня і арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. На той момант ён ужо зьяўляўся сузаснавальнікам ініцыятыў BySol і Byhelp, якія фінансава дапамагалі беларусам, што пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў-2020.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYSOL: 63 сям’і палітвязьняў атрымалі дапамогу харчамі, перадачамі і грашыма