Амэрыканец, які ўдзельнічаў у штурме Капітолію, папрасіў прыстанішча ў Беларусі

Эван Ньюман у этэры «Беларусь-1»

У ЗША на мужчыну заведзены крымінальныя справы. Ён просіць у Лукашэнкі заступніцтва.

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» паказаў у этэры размову з грамадзянінам ЗША Эванам Ньюманам, на якога на радзіме заведзены крымінальныя справы.

Мужчына з Каліфорніі займаецца бізнэсам па вытворчасьці сумак, мае дваіх дзяцей. Паводле яго, у ЗША на яго завялі адразу шэсьць крымінальных справаў, і ён па парадзе адваката вылецеў у Эўропу, дзе спачатку быў у Італіі і Швайцарыі, а затым 4 месяцы жыў ва Ўкраіне.

15 жніўня Ньюмана затрымалі беларускія памежнікі пасьля нелегальнага пераходу мяжы. Ён сьцьвярджае, што ва Ўкраіне за ім цікавала СБУ і ад перасьледу ўкраінскіх спэцслужбаў ён вырашыў схавацца ў Беларусі і прасіць палітычнага прыстанішча.

Спроба захопу Капітолію адбылася ў Вашынгтоне 6 студзеня 2021 году. Прыхільнікі тагачаснага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які ўжо саступіў на выбарах Джо Байдэну, паспрабавалі штурмам узяць Капітолій і сарваць сумесную сэсію Кангрэсу. Эван Ньюман быў зафіксаваны як адзін з удзельнікаў штурму, трапіў на камэры.

Паводле інфармацыі California News Times, Ньюмана падазраюць у нападзе, супраціве або перашкодах супрацоўнікам паліцыі, перашкодах праваахоўным органам падчас грамадзянскіх хваляваньняў, а таксама гвалтоўным уварваньні і незаконных дзеяньнях на тэрыторыі Капітолію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група рэспубліканцаў, апанэнтаў Трампа, падтрымае на выбарах 2022 года дэмакратаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: ФБР не знайшло доказаў вялікай змовы ў справе аб штурме Капітолію