“Дзевяноста шосты”. Французы ня слухаюць БНФ і запрашаюць Лукашэнку ў Парыж. Вынік візыту: “Мне спадабаўся тэрмін прэзыдэнцтва – 7 гадоў”

  • Сяргей Навумчык

Хімеры над Парыжам (AP Photo)

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.

... У брытанскім замежнапалітычным ведамстве нас запэўнілі, што Лёндан зацікаўлены, каб Беларусь была незалежнай і дэмакратычнай краінай.

Брытанскія беларусы пыталіся, ці не зьбіраемся мы прасіць у Лёндане палітычнага прыстанішча. Мы адказвалі, што гэткай мэты ня маем, а вось зрабіць у Брытаніі нешта кшталту штаб-кватэры былі б ня супраць. Праўда, цалкам выключалася яе разьмяшчэньне ў айца Надсана — паводле статусу, рэлігійная місія ня можа займацца палітычнай дзейнасьцю. Але ў місіі можна было спыніцца на нейкі час, што пры нашых вельмі абмежаваных фінансавых магчымасьцях (а лепш сказаць — поўнай адсутнасьці сродкаў) было істотна.

Мы дамовіліся з айцом Надсанам, што пасьля выкананьня «амэрыканскай» праграмы вернемся ў Брытанію на нейкі час, каб закласьці інфармацыйны палітычны цэнтар, тым болей што брытанскую візу нам далі шматразовую і на паўгода.

Расклад меркаваўся такі: мы плянавалі, што 7–17 ліпеня будзем у ЗША, потым — Лёндан, пасьля — зноў Варшава. Ня кажучы пра гэта нават блізкім, мы з Пазьняком пачыналі рыхтавацца да таго, каб вярнуцца ў Менск.

Нагоду і дату вызначаў палітычны каляндар: 27 ліпеня, Дзень Незалежнасьці.

а. Аляксандар Надсан асьвячае сьцяг БНФ. Лёндан, ліпень 1996. Фота Сяргея Навумчыка

Лукашэнка называе нас «ворагамі народу» і кажа, што 1991-шы не паўторыцца

«Прывітаньне, «вораг народу»! — сказаў мне сябра, якому я патэлефанаваў у Менск, каб павіншаваць з днём народзінаў.

Тэлефонныя званкі праз акіян каштавалі вельмі дорага, мы размаўлялі ня больш за хвіліну, і я не надаў такому звароту ніякага значэньня, палічыўшы жартам. Зрэшты, ён і быў жартам.

Але хутка высьветлілася, што гэта была цытата і ў арыгінале яна мела зусім не жартаўлівы зьмест.

У пачатку ліпеня, перад візытам у Парыж, Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі дзяржаўнай прэсы і падзяліўся зь імі сваім разуменьнем палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці. Размову трансьлявалі па тэлевізіі і радыё, яе надрукавалі ўсе вядучыя дзяржаўныя газэты.

«Если в любом государстве оппозиция начинает действовать против народа, на подрыв государственности, на осложнение и так непростой ситуации в государстве, это не оппозиция, это враги этого народа и этого государства.

Тут можно и критиковать президента, власть, но можно их нещадно бить. Но извините, когда ты вояжируешь по заграницам и вообще создаёшь там какой-то антипрезидентский, антигосударственный пункт, откуда ты начинаешь давить на власть, давить на отдельных людей, нагнетаешь обстановку в республике за счёт поддержки других там отдельных государств и служб, то это уже не оппозиция.»


Такім чынам — «не оппозиция», а «враги этого народа и этого государства».

Упершыню за паўстагодзьдзя фраза «ворагі народу» была вымаўлена з асуджальным адценьнем — так, як яна вымаўлялася Сталіным, як фармулявалася сьледчымі НКВД, як запісвалася ў прысудах «троек» — перад тым, як гэтыя ворагі народу зьнікнуць у Курапатах ці ў ГУЛАГу.

«Сколько усилий было сделано этими позняками и наумчиками, чтобы не пустить Лукашенко в Европу. Но, поверьте, построить барьер между Беларусью и Западом этим господам не удастся. Свидетельство этому — мой визит во Францию, который они всячески пробовали сорвать».

Тут Лукашэнка не хлусіў — мы сапраўды імкнуліся пераканаць заходніх палітыкаў, што візыт у Парыж Лукашэнкі пасьля ўсяго, што ён зрабіў за апошнія месяцы, умацуе ягоныя пазыцыі і нашкодзіць дэмакратычным сілам.

Маю на ўвазе ня толькі нас зь Пазьняком, але і лідэраў БНФ у Менску — яны сустракаліся з дыпляматамі і прыводзілі сур’ёзныя аргумэнты супраць прыманьня Лукашэнкі ў сталіцы дэмакратычнай Францыі.

Лукашэнка пытаўся:

«Как я должен реагировать на это? Ясно, соответственно, хотя и пробую не обращать внимания на тех, чья песенка спета. 1991-й для них уже не повторится, потому что против уже стоит не партийная номенклатура, против них стоит президент, избранный демократически, своим народом».

Не даваў Лукашэнку спакою наш пераможны жнівень 91-га.

Віцебскія чэкісты даведваюцца пра Банапарта штосьці новае

Ужо ў Злучаных Штатах мы даведаліся падрабязнасьці візыту Лукашэнкі ў Парыж, які адбыўся, нягледзячы на ўсе імкненьні яго сарваць.

Ідэя запрасіць Лукашэнку ў эўрапейскую сталіцу належала не заходняй дыпляматыі, а ішла ад афіцыйнага Менску. МЗС Беларусі даволі прафэсійна і ўдала намацала «слабае месца» на мапе дэмакратычнай Эўропы — Францыя шукала партнэраў.

Вось як прыгадвала гэта Ані Жаліф, жонка тагачаснага францускага амбасадара Клёда Жаліфа, у сваёй кнізе «Беларуская прыгода» якую па-француску выдала ў сваім выдавецтве Вірджынія Шаманец, а ў скарочаным перакладзе на беларускую — часопіс ARCHE (2, 2004):

«Сапраўды, наш урад знаходзіцца ў даволі казытлівай сытуацыі пасьля аднаўленьня выпрабаваньняў ядзернай зброі ў Ціхім акіяне ды мусіць лічыцца з кожным патэнцыйным сябрам. Адсюль гэтае ажыўленьне цікавасьці да Беларусі. Ці дойдзе яно да запрашэньня яе прэзыдэнта ў Парыж з афіцыйным візытам, пра які ён марыць? Над гэтым працуе Мясьніковіч, які прываблівае нашых бізнэсоўцаў магчымасьцямі, якія адкрые такі візыт. Над візытам таксама працуе Латыпаў. Ён прыходзіць да нас напярэдадні выбараў і тлумачыць думкі свайго гаспадара. Ён пацьвярджае, што гэты апошні вельмі жадае спадабацца заходнім сталіцам. Мімаходзь Латыпаў устаўляе з абяззбройваючай непасрэднасьцю, што Францыя ня можа спадзявацца на разгортваньне тут маштабных праектаў, пакуль не накіруе ў Менск такога чаканага запрашэньня».

Прыгадвае спадарыня Жаліф і яшчэ аднаго арганізатара візыту — тагачаснага намесьніка міністра замежных спраў Андрэя Саньнікава, які, па яе словах, «быў галоўнай дзейнай асобай у арганізацыі й падрыхтоўцы візыту свайго прэзыдэнта ў Францыю». З Саньнікавым я ня быў знаёмы, хаця ведаў, што зь ім быў у добрых стасунках Валянцін Голубеў.

А вось амбасадара Францыі Клёда Жаліфа ведаў вельмі добра.

Мы пазнаёміліся неўзабаве пасьля ягонага прыезду ў Беларусь, і летам 1992 году я запрасіў яго з жонкай у Віцебск. Ані і Клёд Жаліф вячэралі ў маіх бацькоў, я вадзіў іх па старым Віцебску. На Ўсьпенскай горцы паказаў былы губэрнатарскі палац, дзе ў 1812 годзе па дарозе на ўсход спыняўся Напалеон. Казалі, што імпэратар вагаўся — ці спыніцца і перазімаваць у Віцебску, ці рушыць далей на Маскву. Калі так, дык выбар стаўся для яго фатальным. Бясспрэчна тое, што на беларускіх землях далёка ня ўсе ўспрымалі яго акупантам — у былым Вялікім Княстве Літоўскім шмат хто спадзяваўся, што Напалеон адновіць незалежную ад Расеі дзяржаву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наш Напалеон і кампанія. Падкаст Арлова

Потым Ані Жаліф прыгадвала, што яе з Клёдам зьдзівіла мая ацэнка Напалеона, якая істотна разыходзілася з савецкай і расейскай гісторыяграфіяй. Уразілі мае словы і перакладчыцу — яна нават перапытала ў мяне, ці перакладаць; я пацьвердзіў: «Так, перакладайце».

Размова нашая адбывалася паміж пастаўленым у 1912 годзе ў памяць перамогі над Напалеонам 26-мэтровым абэліскам з чырвонага фінскага граніту, з бронзавым двухгаловым расейскім арлом наверсе, і ўваходам у былы губэрнатарскі палац.

Былы губэрнатарскі палац у Віцебску, у якім у 1812 спыняўся Банапарто. Цяпер - управа КДБ па Віцебскай вобласьці

Для тых, хто месьціўся ў гэтым палацы, мой погляд на Банапарта і вайну 1812 году, пэўна, таксама быў незвычайны. Думаю, што яны чулі ня толькі гэтую нашую размову, але і іншыя гутаркі з сужэнствам Жаліф — усё ж то быў першы ў гісторыі візыт у Віцебск замежнага амбасадара. Чуць, слухаць, фіксаваць было службовым абавязкам супрацоўнікаў абласнога ўпраўленьня КДБ, якое і месьцілася ў гэтым гістарычным будынку. Былі, пэўна, і тэхнічныя магчымасьці, хаця прыблізна ў той час тагачасны начальнік упраўленьня генэрал Лявонаў скардзіўся мне, што дзяржава зусім не клапоціцца пра чэкістаў — на ўсю арганізацыю толькі адзін відэамагнітафон. Ня ведаю, ці казаў ён праўду, але ўжо празь некалькі гадоў наракаць відавочна не было прычынаў, мяркуючы пра веданьне чэкістамі нюансаў дзейнасьці апазыцыянэраў.

Паездку ў Віцебск Ані Жаліф потым апісала ў сваёй цудоўнай кнізе, якую я тут цытую. Яна зь цеплынёй піша пра нас з Галяй — сапраўды, мы былі частымі гасьцямі ў іхняй рэзыдэнцыі ў Драздах (францускаму амбасадару далі былую дачу сакратара ЦК па ідэалёгіі, будынак у сучасным, у нечым нават авангардным па тых часах, стылі. Італьянскі амбасадар займаў кансэрватыўны дом колішніх старшыняў КДБ).

Як мы ставіліся да «вушэй» КДБ

Ну і паколькі я ўжо некалькі разоў згадаў тут КДБ, прыгадаю і пытаньне, якое мне часам задавалі ў гады дэпутацтва. Ці разумеў я, што шофэры амбасадараў, афіцыянткі ў іх рэзыдэнцыях (зрэшты, як і ў сталоўках Дому ўраду) маглі быць супрацоўнікамі ці інфарматарамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, ва ўсялякім разе, калі ня ўсе, дык большасьць зь іх. І калі разумеў, дык наколькі вольна пачуваўся ў такіх сытуацыях?

Так, разумеў. Няспыннае сачэньне за дыпляматычным корпусам — звычайная справа ў якой заўгодна краіне. Падпадаюць пад яго і тыя, хто зь ім кантактуе, нават абароненыя дэпутацкім імунітэтам. А пасьля прыходу ва ўладу Лукашэнкі быў перакананы, што дэпутацкі імунітэт ужо нічога не азначае (чаго ён мог быць варты пасьля пабіцьця дэпутатаў у будынку парлямэнту), што вядзецца праслухоўваньне тэлефонных размоваў, сачэньне ў іншых формах. Не скажу, што адчуваеш сябе камфортна, хаця з часам да падобнага прызвычайваесься. Напэўна, дзейнічае нейкае псыхалягічнае блякаваньне, бо калі думаць пра тое ўвесь час, можна звар’яцець.

Нейкія важныя тактычныя крокі мы з пэўнага часу не абмяркоўвалі ў памяшканьнях, выходзілі на вуліцу (хаця, напэўна, і гэта не было гарантыяй захаваньня іх у тайне). А стратэгічныя мэты — што ж, зь іх мы не рабілі сакрэтаў, наадварот, імкнуліся данесьці да як мага шырэйшай аўдыторыі.

Выключэньня для нас ня робяць

Але вярнуся да францускага амбасадара Клёда Жаліфа. Ён ня меў ілюзій наконт Лукашэнкі, яшчэ калі апошні быў дэпутатам, — пра што адкрыта мне казаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 1994-м. Зрэшты, пра гэта піша ў сваёй кнізе і Ані Жаліф.

Чаму тады арганізоўваў ягоны афіцыйны візыт у Парыж? Гэтае пытаньне хвалявала мяне ў тыя дні ня меней, чым палітычныя наступствы такога візыту, менавіта з прычынаў, пра якія я напісаў вышэй — маіх добрых асабістых стасункаў з Клёдам Жаліфам.

Тым больш сужэнства Жаліф не адмаўлялася ад асабістых стасункаў, наадварот, накіравала Галі запрашэньне на прыём у рэзыдэнцыі з нагоды нацыянальнага сьвята, якое адбывалася акурат на наступны дзень пасьля вяртаньня Лукашэнкі з Парыжу. Галя запрашэньнем не скарысталася, бо ў той час была ўжо ў Празе і працавала на Радыё Свабода.

Няпроста было зьмірыцца з тым, што дыплямат часта мусіць ставіць прафэсійныя, дзяржаўныя інтарэсы вышэй за асабістыя сымпатыі ці антыпатыі. Дзяржаўныя ж інтарэсы Францыі, як лічыў тады афіцыйны Парыж, якраз вымагалі візыту Лукашэнкі.

Мы з Пазьняком даведаліся пра заплянаваны візыт недзе ў канцы траўня — пачатку чэрвеня і адразу зразумелі яго небясьпеку: ён мог быць успрыняты як міжнародная легітымізацыя аўтарытарных мэтадаў улады ў Беларусі і як падтрымка Лукашэнкі Захадам.

У пэўны момант зрабілася ясна, што ніякія намаганьні — ні нашыя, ні нашых паплечнікаў-фронтаўцаў у Менску — ня здолеюць сарваць гэты візыт. Заставалася адно: падрыхтаваць францускае грамадзтва, даць максымальную інфармацыю пра сапраўднае становішча ў Беларусі.

Паехаць у Францыю нам так і не ўдалося — узьніклі праблемы зь візай; нам патлумачылі, што фармальна як грамадзяне Беларусі мы мусілі прасіць яе ў францускай амбасадзе ў Менску. Гэтае агульнае правіла, як і ўсе фармальнасьці, мае выключэньні, і мы іх атрымлівалі ў іншых амбасадах.

Але ў выпадку з Францыяй атрымалі выключэньне з выключэньня — і на тое было адмысловае рашэньне.

Вінцук Вячорка прарываецца ў францускую прэсу

Закрыць францускую мяжу ўсяму БНФ парыскай дыпляматыі не ўдалося. У Парыж прарваўся намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка. Ён правёў прэсавую канфэрэнцыю, і тэзісы ягонай прамовы пераказалі найбуйнейшыя францускія СМІ, а газэта La Croix надрукавала інтэрвію.

Вінцук падрабязна расказаў журналістам пра сучасныя беларускія рэаліі, і ягоны расповед настолькі моцна ўразіў карэспандэнтаў, што аб’ём прысьвечаных Беларусі тэкстаў у дні перад і падчас візыту, напэўна, быў роўныя ўсім публікацыям пра нашую краіну з моманту візыту ў Парыж Шушкевіча ў 1992-м.

Figaro: Ад Лукашэнкі адчувальна патыхае серай

Ну а аналіз матывацыі афіцыйнага Парыжу на хвалях Радыё Свабоды зрабіла 12 ліпеня, калі візыт яшчэ ня скончыўся, Алена Радкевіч. Яна працытавала некаторыя вытрымкі зь вядучых францускіх выданьняў, якія былі салідарныя ў сваіх ацэнках Лукашэнкі:

«Ягоны позірк кобры гіпнатызуе натоўп. Ягоныя дыктатарскія мэтады прымушаюць замаўчаць парлямэнт і прэсу. Ягонае захапленьне Гітлерам хвалюе Захад. Ад Аляксандра Лукашэнкі — беларускага прэзыдэнта, які з афіцыйным трохдзённым візытам прыбывае ў Парыж, — адчувальна патыхае серай» (Figaro).

«Уражвае, што прарыў Аляксандра Лукашэнкі на вяршыню ўлады не прыцягнуў асаблівай увагі заходніх палітыкаў, схільных недаацэньваць палітычную эвалюцыю былых расейскіх ускраінаў. І дарэмна. Шлях Лукашэнкі пераканаўча ілюструе выхад на палітычную арэну ў рэспубліках былога СССР выпадковых палітыкаў, якія вылучыліся дзякуючы смутным пераходным часам і ў любы момант гатовыя вярнуцца да формаў аўтарытарнага кіраваньня» (Le Mond).

«Па інтанацыі артыкулаў францускай прэсы відаць, — зазначала Алена Радкевіч, — наколькі шакаванай да сёньняшняга дня застаецца Эўропа зьбіцьцём у верасьні 1995 году амэрыканскага паветранага шара і яшчэ ў большай ступені тым, што беларускія ўлады ўсьлед за гэтым выставілі Злучаным Штатам штраф у 60 даляраў за незаконнае перасячэньне навігатарамі мяжы. Гэты факт не абмінае ніводная з газэтаў. Згадваецца і пабіцьцё дэпутатаў апазыцыі, і заклік прэзыдэнта не ісьці галасаваць у новы Вярхоўны Савет, і адносіны да прэсы, і закрытыя суды над маніфэстантамі, і забарона свабодных прафсаюзаў, і дэпартацыя лідэра „Салідарнасьці“, і захапленьне Гітлерам. Пералік падобнага роду дзеяньняў беларускага прэзыдэнта прыводзіць кожнае выданьне».

І гэта — толькі тэмы друкаваных газэтаў, без уліку тэле- і радыё выпускаў.

«Атрымліваецца, быццам Францыя першая з усіх заходніх краінаў бласлаўляе аднаўленьне Савецкага Саюзу»

«Чаму ж Францыя, якая так добра ведае цану беларускаму прэзыдэнту, запрасіла яго зь візытам у Парыж? — задалася пытаньнем Алена Радкевіч. — Францускія палітыкі ня могуць не разумець, што на фоне ўсеагульнага асуджэньня недэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі гасьцінны ягоны прыём у Элізэйскім палацы будзе ўспрыняты як ухваленьне ці, прынамсі, талераваньне ягонай палітыкі. І менавіта такім чынам візыт гэты падаецца беларускай афіцыйнай прэсай».

Прыгадаўшы тлумачэньне высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі Шырака, што «Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы», «Мы ня можам рабіць выгляд, што яе не існуе, гэтак сама, як мы не адмаўляемся ад кантактаў зь сярэднеазіяцкімі палітыкамі», Радкевіч зьвярнулася па камэнтар да прафэсара Сарбоны Франсуазы Том.

«Гэтае запрашэньне, па-мойму, памылка францускай замежнай палітыкі, параўнальная хіба з той памылкай, якую зрабіў Мітэран, калі наведаў у сьнежні 1989-га ГДР. Крыніца гэтых памылак адна і тая ж, гэта — падабацца Маскве. Вядома, францускія палітыкі апраўдваюцца тым, што нельга ізаляваць Беларусь, што можна было б, маўляў, унушыць некаторыя прынцыпы эўрапейскіх паводзінаў Лукашэнку і гэтак далей. Але тады я задаюся пытаньнем: чаму не заўважалі Беларусь, калі яна спрабавала заставацца сувэрэннай, калі яна была дэмакратычнай дзяржавай? Чаму запрасілі Лукашэнку менавіта пасьля падпісаньня дамовы аб рэінтэграцыі з Расеяй? Атрымліваецца, быццам Францыя першая з усіх заходніх краінаў бласлаўляе аднаўленьне Савецкага Саюзу», — сказала спадарыня Франсуаза Том.

Адносна сьцьвярджэньня, што Парыж не заўважаў Беларусь у першыя гады незалежнасьці, калі краіна, хай і непасьлядоўна, але рухалася па дэмакратычным шляху, можна было б паспрачацца. У красавіку 1992 году ў Францыі з афіцыйным візытам быў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, ён узначальваў прадстаўнічую дэлегацыю, у складзе якой быў і старшыня парлямэнцкай камісіі адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч, і рэдактар «Народнай газеты» Ёсіф Сярэдзіч. Дэлегацыя, сярод іншага, была прынятая ў Элізэйскім палацы прэзыдэнтам Францыі Шыракам.

Францыя спрыяла некаторым эканамічным праектам, напрыклад у Менску існавала бюро энэргазьберажэньня, якое ўзначальваў Лявон Шыманец, сябра Рады БНР.

Лявон Шыманец і Сяргей Навумчык. Парыж, лістапад 1991 г.

І ўсё ж у асноўным прафэсарка мела рацыю: увага, якая надавалася Францыяй Беларусі, была істотна меншай, на якую магла б разьлічваць — пра што неаднаразова зьвяртаў увагу ў сваіх зваротах да Шырака той жа Лявон Шыманец.

«Францыя, якая яшчэ да нядаўняга часу была ня толькі заканадаўцам модаў, але і заканадаўцам эўрапейскай палітыкі, пасьля аб’яднаньня Нямеччыны страціла свае лідэрскія пазыцыі, — камэнтавала Алена Радкевіч. — Згаданы Франсуазай Том візыт Мітэрана ў 1989 годзе ў ГДР, спроба захаваць бэрлінскую сьцяну хаця б у руінах былі адчайным намаганьнем не дапусьціць у Эўропе небясьпечнага канкурэнта».

Калі Радкевіч пісала гэты камэнтар, яшчэ не былі апублікаваныя матэрыялы перамоваў Міхаіла Гарбачова ў канцы 80-х з заходнімі лідэрамі: зь іх вынікае, што ня толькі Мітэран, але і Тэтчэр насьцярожана ставілася да пэрспэктывы ўзьяднаньня Нямеччыны. Але, як любіў казаць Гарбачоў — «працэс пайшоў».

«Нямеччына аб’ядналася. Яе магутны эканамічны патэнцыял, аўтарытэт і роля, якую яна пачала адыгрываць у эўрапейскай палітыцы, адсунулі Францыю на другі плян. Яскрава выявілася тое, што Парыж пасьпяхова маскаваў на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў: роля, на якую прэтэндавала амбітная, крыўдлівая Францыя — завялікая для яе, улічваючы абмежаваныя эканамічныя ды палітычныя габарыты гэтай дзяржавы. Занадта доўга Францыя жыла не па сродках.

Кажуць, што жанчыну можна любіць за розум, прыгажосьць і кепскі характар. Краіну, напэўна, таксама. У Францыі кепскі характар. Комплекс непаўнавартасьці, які ўзьнік у яе ў дачыненьні да Нямеччыны, сапсаваў гэты характар яшчэ больш. Кампэнсаваць гэты комплекс яна пачала капрызамі і грымасамі сваёй палітыкі», — канстатавала Алена Радкевіч. І назвала яшчэ адну магчымую прычыну лагоднага стаўленьня да Лукашэнкі — імкненьне Парыжу ўзяць на сябе ролю пасярэдніка паміж Захадам і маладымі недэмакратычнымі краінамі: «Францыі вельмі хочацца, каб яе заўважылі. Што ж, запрасіўшы ў Парыж беларускага прэзыдэнта, яна свайго дамаглася».

Саньнікаў спадзяецца, што візыт паверне Лукашэнку да эўрапейскіх каштоўнасьцяў

У беларускай і расейскай прэсе візыт падаваўся як трыюмф: ганаровая варта, сустрэча з прэзыдэнтам Шыракам у Элізэйскім палацы, падпісаная шырокамаштабная палітычная дамова.

«По словам замминистра иностранных дел Белоруссии Андрея Санникова, это первый ёмкий договор, подписанный Белоруссией с крупным западным государством, и он создаст надежную правовую базу отношений между государствами, обеспечив поддержку контактам Белоруссии с ЕС и СЕ», — паведамляў маскоўскі «Коммерсантъ».

Андрэй Саньнікаў быў у ліку тых, хто рыхтаваў гэты візыт — як пазьней ён прызнаецца, спадзеючыся, што наведваньне дэмакратычнай Францыі хоць у нечым паверне Лукашэнку да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Такія спадзевы пасьля пабіцьця дэпутатаў у красавіку і разгону страйкаму ў жніўні 1995-га, жорсткага задушэньня масавых акцый пратэсту вясной 1996-га могуць толькі выклікаць зайздрасьць у веры ў лепшае ў кожным чалавеку. Вельмі хутка Саньнікаў пераканаецца ў марнасьці надзеяў — ужо ўвосень, перад рэфэрэндумам, ён пойдзе ў адстаўку.

Падпісаная ў Парыжы дамова «предусматривает регулярные консультации по вопросам безопасности в Европе, межпарламентское сотрудничество, взаимодействие военных ведомств, контакты в области экономики, экологии, энергетики, финансов, подготовку специалистов и упрощение процедуры выдачи и продления въездных виз», працягваў «Коммерсантъ» цытаваць Саньнікава.

У жонкі францускага пасла ацэнка візыту была супярэчлівай, прычым, як вынікае зь яе словаў, ацэнка гэтая не зусім супадала з ацэнкай яе мужа:

«Клёд вяртаецца ўвечары 13 ліпеня на прэзыдэнцкім самалёце з выглядам задавальненьня ад выкананага абавязку. Гэты візыт быў ужо здавён настойліва патрабаваны беларускім бокам. Рашэньне аб яго правядзеньні было без энтузіязму прынятае ў выніку шматлікіх кансультацыяў у Парыжы. Ён некалькі разоў пераносіўся з розных прычынаў, і нарэшце быў прызначаны на час, вельмі блізкі да Сьвята 14 ліпеня... Візыт не выглядаў найлепшым чынам, тым больш што апазыцыйныя колы (галоўным чынам БНФ) здолелі мабілізаваць парыскіх карэспандэнтаў дзеля таго, каб суправадзіць яго прэсавай кампаніяй у выключна палемічным тоне («Прыхільнік Гітлера ў Парыжы» — загаловак артыкулу ў Le Monde). Тым ня менш ён прайшоў даволі прыстойна, у тым ліку й на вышэйшым узроўні, дарма што там адбываўся хутчэй абмен маналёгамі (асабліва зь беларускага боку), чым сапраўдны дыялёг».

Затое Лукашэнка быў задаволены візытам без усякіх агаворак.

Лукашэнка дзякуе французам, за тое, што нам не далі візу

Прызямліўшыся ў менскім аэрапорце, Лукашэнка сказаў, што ні ад кога ў Францыі пытаньняў пра «нэгатыўны імідж Беларусі» не было, на яго зьдзіўленьне. Лукашэнка меў на ўвазе палітыкаў і бізнэсоўцаў:

«Я ожидал таких вопросов, но, к моему удивлению, ни от кого таких вопросов не последовало. Да, я сам потом поднял эти вопросы, поскольку лучше их поднять, вместо того, чтобы уехать, а они там остались. И президент Франции, и министры, с которыми я встречался, и бизнесмены... Ну бизнесмены так вообще об этом улыбнулись и ничего не стали обсуждать. А президент Франции прямо сказал: «Вы знаете, мы знаем, что есть СМИ, а есть реальная политика». Дав понять таким образом, что он рассматривает взаимоотношения с другими государствами не на страницах газет и не через окно объектива... Он смотрит на реальную политику. Поэтому мне легко было об этом говорить, он даже не поднял этот вопрос».

Нічога дзіўнага і нечаканага ў гэтых словах Лукашэнкі для нас не было: ужо само тое, што Францыя на самым высокім узроўні прымала чалавека, які ўсталяваў рэжым аўтакратыі і няўхільна рухаўся да дыктатуры, сьведчыла, што Парыж кіруецца не прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека, а сапраўды real politic, пра што і заявіў Шырак Лукашэнку. Артыкулы Вячоркі і францускіх аглядальнікаў у парыскіх газэтах парыскімі палітыкамі ня браліся пад увагу.

Для нас з Пазьняком гэта было сыгналам, што яшчэ два-тры такія візыты, і нашыя намаганьні патлумачыць заходнім палітыкам сутнасьць сытуацыі ў Беларусі, пераконваньне іх ціснуць на рэжым Лукашэнкі і спрыяць беларускай апазыцыі могуць пайсьці прахам.

На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка прыгадаў і гэтую нашую працу:

«Мне очень неприятно было, когда вот вы сами прочитали в газетах, мне доложили мои помощники о том, что крайне негативно пытались преподнести Беларусь в Париже. Некоторые оппозиционеры, которые «иммигрировали» из Беларуси, пытались прорваться во Францию, визу просили, но французское посольство, я им тоже за это благодарен, не предоставило им такой возможности, они туда не попали».

Вось і патлумачылася, чаму ў францускай амбасадзе ў Варшаве ад нас папрасілі натарыяльна завераны выклік ад грамадзяніна Францыі — працэдура магла б заняць не адзін тыдзень, тады як мы ўсё ж былі ня хлопчыкі з вуліцы і яны ведалі, з кім маюць справу.

Французам не хацелася, каб у часе візыту Лукашэнкі ў Парыжы знаходзіўся і ягоны галоўны апанэнт Пазьняк.

Ня ведаю, хто з кіраўнікоў МЗС вёў перамовы ў гэтай справе з францускімі дыпляматамі, але апэрацыя ім удалася (з амэрыканцамі ж не атрымалася).

Лукашэнка працягваў:

«Но тем не менее, я вот так очень часто возвращался чисто эмоционально после переговоров, после тяжёлой вот этой работы в конце дня, уже ночью, и думал: что же надо этим людям? Зачем свою собственную, родную Беларусь, которую они так любят, зачем её обливать грязью? Ведь это же не мне хуже делают, делают хуже народу. Но, слава Богу, и вы это видели воочию, нам удалось преодолеть эти всякие барьеры информационные».

Француская дыпляматыя робіць faux pas

Падпісаную ў Парыжы дамову Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікуе, а вось Нацыянальны сход Францыі адмовіцца гэта рабіць — на той момант у Беларусі ўжо пройдзе рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі.

Так што дамова ператворыцца ў пустую паперку.

Ну і апошнія цытаты з кнігі Ані Жаліф:

«Беларускі прэзыдэнт... выглядае задаволены сваім падарожжам і даверліва паведамляе, што француская Канстытуцыя натхніла яго на рэфармаваньне сваёй.

Але ж ня гэта, ня гэта было мэтай візыту!»


Францускі выраз faux pas у балеце азначае «зрабіць памылковы крок», «спатыкнуцца»; вынікам можа быць падзеньне, і што асабліва прыкра — часам нават з партнэрам. Выкарыстоўваецца выраз і ў палітыцы і дыпляматыі — для характарыстыкі кроку, які можа ўразіць ня так, як на сцэне, затое наступствы звычайна мае непараўнальна больш сур’ёзныя.

Лукашэнка прыадкрыў уласную мэту:

«Возможно, мы выйдем на референдум об изменении отдельных норм Конституции. И мы очень много заимствуем у французской демократии, у французской республики... Мы очень много берём в плане законодательства от французов».

Адно палажэньне тагачаснай францускай Канстытуцыі Лукашэнку спадабалася аж занадта.

Тое, якое вызначала тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта — сем гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Як Лукашэнка рыхтаваўся штурмаваць Крэмль
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Мёртвыя паўстаюць і ідуць галасаваць супраць БНФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Васіль Быкаў: У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. У нас гэта — месца, дзе адбываюцца рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Пазьняк: Чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, — перастаў быць прэзыдэнтам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: «Моцна зьбілі дзяўчыну, а мужчыну, які яе бараніў, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Лукашэнка гаворыць на Радыё Свабода і зноў хлусіць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». «Арганізатары шабашу — тыя, хто ў 1991 годзе галасавалі за незалежнасьць Беларусі і развал СССР»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк пераяжджае на кансьпіратыўную кватэру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Нам дапамагае дачка паўстанцаў у Кенгіры і паплечніца Чарнавола
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Пазьняк выяжджае зь Беларусі, расейскія мытнікі хочуць хабар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты»: Ельцын просіць Лукашэнку не расстрэльваць Сіўчыка і Хадыку

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.