Прэпарат пад назвай PAXLOVID зьніжае рызыку шпіталізацыі ці сьмерці ў сувязі з COVID-19 на 89%, калі таблетка была прынята на працягу трох дзён пасьля пастаноўкі дыягназу. Усяго ў дасьледаваньні ўзялі ўдзел больш за 1200 дарослых, хворых на каранавірусную інфэкцыю ў лёгкай і сярэдняй ступені. У групе хворых, якія прымалі прэпарат, толькі 6 чалавек былі шпіталізаваныя, сьмяротных вынікаў за 28 дзён не было зафіксавана. У групе, якая атрымлівала пляцэба, былі шпіталізаваныя 41 чалавек, зь якіх пасьля памерлі 10.
Кампанія плянуе накіраваць дадзеныя ва Ўпраўленьне па санітарным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША (FDA), каб атрымаць дазвол на выкарыстаньне прэпарату.
12 кастрычніка кампанія Merck і яе партнэр Ridgeback Biotherapeutics падалі ў FDA заяўку на ўхваленьне сваіх лекаў ад COVID-19 — гэта маланупіравір, які вырабляецца ў выглядзе пілюлі. Вынікі клінічных выпрабаваньняў паказалі, што прымяненьне гэтага прэпарату скараціла на 50 працэнтаў рызыку шпіталізацыі і сьмерці людзей у групе павышанай рызыкі. 4 лістапада Вялікая Брытанія першай у сьвеце ўхваліла выкарыстаньне маланупіравіру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Факты на стол. Пяць фэйкаў пра каранавірус і вакцынацыю