Прэзыдэнт Украіны падпісаў закон аб барацьбе з алігархамі

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон аб барацьбе з алігархамі. Згодна з дакумэнтам, грамадзян з актывамі больш за два мільярды грыўняў (прыкладна $83 млн) будуць абмяжоўваць ва ўплыве на палітычнае жыцьцё краіны.

Акрамя таго, да алігархаў могуць быць залічаныя тыя, хто ўдзельнічае ў палітыцы, мае ўплыў на СМІ ці валодае кампаніяй-манапалістам. Ім будзе забаронена фінансаваць партыі, падтрымліваць кандыдатаў на выбарах і выступаць з палітычнымі заявамі.

Вызначаць сьпіс алігархаў будзе Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Чакаецца, што закон дапаможа пазбавіць дзяржаву ад пагроз з боку людзей, якія маюць празьмерныя эканамічныя ці палітычныя магчымасьці.

«Цяпер усе эканамічныя гульцы будуць роўныя перад законам і ня змогуць купляць для сябе палітычныя прывілеі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў твітэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект аб алігархах

Па дадзеных украінскага Мін'юста, крытэрам, указаным у законе, адпавядаюць як мінімум дзьве асобы — былы прэзыдэнт і цяперашні дэпутат Вярхоўнай Рады Пятро Парашэнка і бізнэсовец Ігар Каламойскі.

Крытыкі дакумэнта кажуць, што ўлады змогуць выкарыстоўваць закон для ціску на апанэнтаў.

У канцы верасьня Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект, які абмяжоўвае дзейнасьць алігархаў. Яго ініцыятарам быў прэзыдэнт Украіны. Дакумэнт набудзе моц праз паўгода пасьля публікацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што абяцаў Зяленскі і чаго ад яго чакаюць выбарцы і алігархі. Апэратыўны аналіз