Падзеі 6 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
6 лістапада 2000 году памерла Стэфанія Станюта, беларуская акторка.
Яна ўпершыню выйшла на сцэну ў 1919-м у Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі.
З 1931-га і да апошніх дзён — амаль сем дзесяцігодзьдзяў — жыцьцё Стэфаніі было зьвязанае з купалаўскай трупай. Тэатразнаўцы розных краінаў захоплена пісалі пра яе шматстайную творчасьць, дзе высокі драматызм спалучаўся зь непаўторнай камэдыйнасьцю, іронія — з гратэскам, яскравая эмацыйнасьць — зь пераканаўчай заглыбленасьцю ў псыхалёгію.
Для нас, шараговых тэатралаў, Станюта была проста наскрозь нашай, беларускай, іканапіснай. Хтосьці бачыў у ёй сваю маці, хтосьці — бабулю.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 472–473.
У гэты дзень год таму
- Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі.
- Журналісту Ўладзімеру Чудзянцову на закрытым судовым працэсе далі 5,5 года зьняволеньня і штраф $10 тысяч.
- На страйкоўцаў з БМЗ завялі крымінальную справу за масавыя беспарадкі.
Таксама ў гэты дзень
1595 — Слуцак захапілі запароскія казакі атамана Севярына Налівайкі.
1842 — у Горы-Горацкай земляробчай школе заснавалі батанічны сад — адзін з самых старых у краіне.
1860 — Абрагама Лінкальна выбралі прэзыдэнтам ЗША.
1927 — у Вільні заснавалі Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю
1945 — заснаваньне ў Менску мотавелазаводу
1987 — заснаваны Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры.
У гэты дзень нарадзіліся
1742 — Фабіян Саковіч, беларускі паэт, перакладчык, пэдагог.
1800 — Леанард Ходзька, беларускі гісторык, публіцыст, бібліёграф і выдавец.
1887 — Радаслаў Астроўскі, удзельнік Слуцкага паўстаньня, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады ў часе нямецкай акупацыі Беларусі.
1891 — Язэп Воўк-Левановіч, беларускі мовазнавец.
1912 — Віктар Войтэнка, беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч.
1919 — Мікола Гарулёў, беларускі пісьменьнік.
1949 — Аляксей Філіпчанка, беларускі сьледчы і пракурор.
Пачаўшы ў 1978-м прафэсійную кар’еру ў адной з раённых пракуратураў, Аляксей вельмі хутка стаў «важняком» — абласным сьледчым у асабліва важных справах. Ён спэцыялізаваўся на гэтак званых «пярэваратнях» — злачынцах у мундзірах: пракурорах, судзьдзях, міліцыянтах.
Аляксей быў удзельнікам адмысловай групы пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася шырокавядомай справай віцебскага маньяка Міхасевіча, які пятнаццаць гадоў заставаўся няўлоўным, у той час калі за ягоныя бясконцыя вусьцішныя злачынствы зноў і зноў саджалі і нават расстрэльвалі абсалютна бязьвінных людзей.
Відаць, якраз з таго часу Філіпчанка і нажыў сабе сярод некаторых віцебскіх «законьнікаў» заклятых ворагаў. Тым больш што з прыходам да ўлады першага прэзыдэнта ён ня раз публічна заяўляў, што ў Беларусі, як некалі і за савецкім часам, праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадзтва.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 454–455.
У памяці
1862 — памёр Віктар Каліноўскі, беларускі археограф, брат Кастуся Каліноўскага.
1940 — памёр Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, паэт.
Выпускнік Парыскай акадэміі архітэктуры, ён будаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве й Смалянах, спраектаваў царкву ў Відзах і мноства іншых пабудоваў на Віленшчыне і ў Вільні, дзе назаўсёды атабарыўся на пачатку 1920-х гадоў.
Калегі і вучні ведалі яго як зацятага беларускага незалежніка, што калісьці, жывучы ў Менску, рэгулярна завітваў у «Беларускую хатку», а пазьней выконваў абавязкі прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Варшаве. Свае прыхільнікі былі і ў Лявона-літаратара, аўтара вострых і дасьціпных паэтычных твораў, сярод якіх вылучаецца байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 200–201.
1980 — памёр Станіслаў Станкевіч, літаратуразнаўца, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША.
Выхаванцы Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне яшчэ памятаюць чытаныя спадаром Станкевічам таленавітыя лекцыі з нацыянальнай літаратуры, а даўнія слухачы Радыё Свабода — ягоныя перадачы зь Мюнхэну. Там Станкевіч доўгі час рэдагаваў найбуйнейшую тагачасную газэту беларускіх эмігрантаў «Бацькаўшчына», засьведчыўшы на яе бачынах свае публіцыстычныя здольнасьці й талент літаратуразнаўцы. Пры газэце было аднайменнае выдавецтва, дзе разам зь дзясяткамі іншых кніг выйшлі забароненыя ў БССР Купалавы «Тутэйшыя», якія мы зь сябрамі праўдамі й няпраўдамі здабылі на пачатку яшчэ васьмідзясятых і, «межджу прочым», развучылі амаль па ролях.
Станкевіч меў смак да рэдактарскай працы. Ён рэдагаваў «Запісы» нью-ёрскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, амаль дваццаць гадоў нязьменна ўзначальваў газэту нашай эміграцыі — «Беларус».
Галоўнае месца ў велізарнай бібліяграфіі артыкулаў і дасьледаваньняў Станіслава Станкевіча належыць ягоным выдадзеным на эміграцыі грунтоўным манаграфіям «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гадоў» і «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 330–331.
2006 — памёр Мікалай Ільніцкі, беларускі палітык і дзяржаўны дзяяч.
Пятнаццаць гадоў ён узначальваў Полацкі нацыянальны гістарычна-культурны запаведнік. Колькі за гэты час яму давялося пераадолець бюракратычных рагатак, колькіх чыноўнікаў рознага рангу пераканаць, колькі людзей зрабіць сваімі аднадумцамі!.. Я з вусьцішшу думаю, што здарылася б, каб у 1991-м на гэтую пасаду прыйшоў ня ён. Ці пабагацеў бы горад на помнікі Эўфрасіньні і Сімяону Полацкаму? Ці атрымала б краіна створаную ў адрэстаўраваных мурах Полацкай акадэміі мастацкую галерэю? Ці мелі б мы міжнародны фэстываль арганнай музыкі «Званы Сафіі»? Верагодна, нешта з гэтага толькі пачатага пераліку і зьявілася б без Ільніцкага, але ўсяго разам — упэўнены — не было б.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 574–575.
2019 — памёр Алесь Шут, беларускі лекар, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня ад БНФ.
Вы, магчыма, памятаеце: у дні жнівеньскага путчу 1991 году ў адным з вокнаў Дому ўраду вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Ён рабіў дужэйшымі моцныя сэрцы і вяртаў надзею слабым. Сьцяг прынёс з плошчы, дзе ішоў няспынны мітынг, і вывесіў з вакна 363-га пакою, дзе працавала апазыцыя БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савету з Лагойску Алесь Шут, паводле прафэсіі хірург, а паводле перакананьняў — непахісны незалежнік.
Той сьцяг лунаў над плошчай і ўсе дні, пакуль доўжылася гістарычная Сэсія незалежнасьці. Пазьней яго фатаздымак аздобіў вокладку першага выданьня кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» (ёю распачаўся сапраўдны летапіс найноўшай беларускай гісторыі).
Алесь Шут — сярод 35 дэпутатаў, якія паставілі ў 1990-м подпісы пад праектам Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Праект стаўся асноваю Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, што 25 жніўня 1991 году набыла статус канстытуцыйнага закону. Лагойскі дэпутат удзельнічаў у распрацоўваньні канцэпцыі пераходу краіны да рынкавай эканомікі і адпаведнага блёку законапраектаў. Усе шэсьць гадоў дэпутацтва Алесь, сын рэпрэсаванага «кулака», пасьлядоўна змагаўся за права прыватнай уласнасьці на зямлю.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 750–751.