Справу шматдзетнай маці Вольгі Залатар 15 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе пачне разглядаць судзьдзя Анастасія Папко, паведамляе «Вясна».
Вольгу Залатар будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучаньне дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная шматдзетная маці Вольга Залатар склала топ месцаў для вандровак па БеларусіЗалатар 37 гадоў. Яна маці 5 дзяцей (малодшаму на момант затрыманьня было 4 гады), актывістка і валянтэрка са Ждановічаў, каталіцкая верніца, была незалежнай назіральніцай на апошніх выбарах. Вучылася ў БДУ на факультэце філязофіі і сацыяльных навук.
Яе затрымалі 18 сакавіка 2021 году за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Вольга за кратамі ўжо амаль 8 месяцаў. Са словаў міліцыі, Залатар затрымалі, бо яна «ладзіла пратэставыя акцыі ў пасёлку: чаяваньні, прагулкі, канцэрты», «была адміністратаркай дваровага чату».
У красавіку былы адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў заявіў, што падчас допытаў яе білі і «выбівалі» паролі ад тэлефона. За гэтую заяву Мачалава пазбавілі ліцэнзіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 70 каталіцкіх сьвятароў хадайнічаюць аб спыненьні крымінальнага перасьледу палітзняволенай Вольгі Залатар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Страціць свабоду ня так страшна, як застацца без надзеі»