СБУ: за хакерамі Armageddon, якія зьдзейсьнілі больш за 5 тысяч кібэратак на Украіну, стаяла ФСБ Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Украіны (СБУ) заявіла, што пад сусьветна вядомай групоўкай хакераў Armageddon/Gamaredon дзейнічалі супрацоўнікі ФСБ, якія зьдзейсьнілі з 2014 года больш за 5 тысяч кібэратак на дзяржаўныя органы і аб’екты крытычнай інфраструктуры Ўкраіны.

«Па наяўнай інфармацыі, хакерская групоўка Armagedon — гэта спэцыяльны праект ФСБ РФ, які прыцэльна „працаваў“ па Ўкраіне. Гэты напрамак працы каардынуе 18-ы Цэнтар ФСБ РФ (Цэнтар інфармацыйнай бясьпекі) з дыслякацыяй у Маскве», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце ведамства.

Так, паводле зьвестак спэцслужбы, з 2014 года падразьдзяленьне ФСБ правяло больш за 5 тысяч кібэратак і спрабавала «заразіць» больш за 1,5 тысячы ўрадавых кампутэрных сыстэм. Асноўнай іх мэтай быў кантроль над абʼектамі крытычнай інфраструктуры; выкраданьне і збор разьведвальных даных; правядзеньне акцый інфармацыйна-псыхалягічнага ўзьдзеяньня; блякіроўка інфармацыйных сыстэм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Microsoft: расейскія хакеры разгарнулі буйнамаштабны напад на кампутарныя сыстэмы ЗША