Ужо сёньня: дзень народзінаў Кастуся Езавітава, год таму — марш людзей з інваліднасьцю, сілавікі ў кватэры Багінскай

Кастусь Езавітаў (аўтар Вячка Целеш)

Падзеі 5 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Людзі з інваліднасьцю 5 лістапада прайшлі ад Чырвонага касьцёла, што на плошчы Незалежнасьці, да Кастрычніцкай плошчы Менску.
  • У кватэру Ніны Багінскай уварваліся людзі без апазнавальных знакаў. Яны заявілі, што павінны правесьці там сьледчы экспэрымэнт і што справа зьвязаная з унучкай Ніны Багінскай, якая пражывае разам зь ёю.
  • Незалежнае расьсьледаваньне ў рамках «Маскоўскага мэханізму» Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) паказала, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсыфікаваныя.
  • Пасьля сустрэчы зь лідэрам беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай фэдэральны канцлер Сэбастыян Курц выказаў «поўную падтрымку Аўстрыі» для дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
  • Курсант 4 курсу факультэту міліцыі Акадэміі МУС Уладзіслаў Бацян пакінуў шэрагі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. У відэазвароце ён патлумачыў, што не жадае станавіцца зброяй у руках нелегітымнай улады.
  • З шэрагу менскіх заводаў масава звольнілі чальцоў наваствораных пярвічных арганізацый Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (сяброўская арганізацыя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў).

Таксама ў гэты дзень

1794 — расейскія войскі пад кіраўніцтвам Аляксандра Суворава ўзялі штурмам Варшаву і ўчынілі там расправу над паўстанцамі. Такім чынам вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, якое адбывалася і натэрыторыі сучаснай Беларусі, было канчаткова задушанае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для чужых — герой, для сваіх — карнік

1923 — створана літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра Адама Бабарэку, якому польскія жаўнеры выразалі на плячах пяціканцовыя зоркі

У гэты дзень нарадзіліся

1893Кастусь Езавітаў, беларускі палітык, гісторык і публіцыст, удзельнік абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году, сябра Рады БНР, міністар вайсковых справаў БНР (расстраляны НКВД у 1946 годзе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад нацыянальным сьцягам і гербам «Пагоня». 10 фактаў пра Першы Ўсебеларускі кангрэс

1906 Міхал Вітушка, вайсковы дзеяч, палітык, кіраўнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1944— 1950-х.

За савецкім часам цэнзура забараняла згадваць антысавецкі збройны Супраціў у Беларусі пасьля Другой усясьветнай вайны.

Мы глядзелі фільмы й чыталі кнігі, дзе выкрываліся бандэраўцы або прыбалтыйскія «лясныя браты», якія скрозь былі нелюдзямі ці, у лепшым разе, наiўнымi падманутымі маладзёнамі.

У БССР жа ў тыя гады нібыта шчасьлiва панавалі спакой і натхнёнае будаўніцтва сьветлае камунiстычнае будучыні.

Насамрэч было іначай: Беларусь таксама змагалася й мае сотні імёнаў, якія насуперак забаронам i замоўчваньню вяртаюцца ў нашую памяць, выклікаюць вострыя спрэчкі і вымагаюць пошукаў новых фактаў. Сярод такіх герояў — генэрал Міхал Вітушка.

Выхаванец Віленскай беларускай гімназіі, Праскай і Варшаўскай палітэхнікі, у гады вайны ён ствараў Беларускую службу парадку на Магілеўшчыне, Смаленшчыне й Браншчыне. Сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі і ўдзельнік Другога Ўсебеларускага зьезду, Вітушка быў сярод арганізатараў плянаванага, як мяркуюць некаторыя гісторыкі, антынямецкага паўстаньня з мэтаю абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да канца пяцідзясятых гадоў Міхал Вітушка, якога афіцыйна абвясьцілі забітым яшчэ ў 1945-м, ачольваў беларускі збройны Супраціў.

У 1948-м ён рэарганізаваў гэты рух у Беларускую Вызвольную Армію, вядомую яшчэ як арганізацыя «Чорны Кот», а пазьней пераправiў значную частку паплечнiкаў у Заходнюю Эўропу.

Дасьледнік тых падзеяў Сяргей Ёрш называе Вітушку адзіным з кіраўнікоў нацыянальных антысавецкіх рухаў у СССР, які выжыў у

партызанцы і здолеў захавацца ад савецкіх агентаў на Захадзе.
Ёсьць зьвесткі, што пад чужым прозьвішчам ён ужо ў 1970-я гады неаднаразова наведваў Беларусь, у тым лiку Менск.

Легендарны генэрал, пакiнуўшы яшчэ ненадрукаваныя ўспамiны, памёр у адным з альпійскіх санаторыяў на дзевяноста дзявятым годзе жыцьця.

Мара ўбачыць вольную Беларусь перайшла ў спадчыну да ягонага сына.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 564-565.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дынько падняў руку на Вітушку

1955 Сяргей Войчанка, мастак.

У свой час яго адлічвалі зь Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, а потым аднаўлялі. Адлічвалі за тое, што пабіўся з сакратаром камітэту камсамолу, калі той узяўся чытаць Сяргею мараль. Аднаўлялі — за тое, што ён быў мастаком ад Бога.

Ён працаваў у жанры плякату, кніжнай графікі, жывапісу і, за што б ні браўся, імкнуўся да ўзроўню шэдэўру. Вельмі часта гэта атрымлівалася. Паглядзіце жывапісныя кампазыцыі «Чарапаха», «Чынгісхан», «Насарог», што твораць свой, не падобны ні на чый іншы, шматсэнсавы мэтафізычны сьвет.

Яшчэ ад студэнцкіх гадоў у Сяргея склаўся творчы тандэм з Уладзімерам Цэсьлерам. Сёй-той нават лічыў, што Войчанка-Цэсьлер — гэта адзін мастак з падвойным прозьвішчам. Усё лепшае — і ў жывапісе, і ў плякаце — яны стварылі разам. У 2006-м на Міжнародны дзень музэяў чарга ахвотнікаў трапіць у Нацыянальны мастацкі музэй на аднадзённую (дакладней, аднаночную) выставу іхніх плякатаў, многія зь якіх сталі ўжо клясыкай жанру, выцягнулася да праспэкту Незалежнасьці.

Іхняя майстэрня ў доме на рагу Ўльянаўскай і Чырвонаармейскай сталася менскай славутасьцю. Сяргея з Уладзімерам называлі самымі пасьпяховымі дызайнэрамі постсавецкай прасторы. Чуткі пра іх нібыта фантастычныя ганарары кідалі зайздросьлівых калегаў у роспач. Тыя маглі б супакоіцца, даведаўшыся, што аднойчы за стварэньне дзьвюх паштовых марак Міністэрства сувязі заплаціла Войчанку й Цэсьлеру шаснаццаць тысяч беларускіх рублёў, або чатыры даляры на брата, у той самы час калі іх каляжанцы — беларускай мастачцы, што жыве ў Гішпаніі, за такую самую працу заплацілі таксама шаснаццаць тысяч, але эўра.

Да 50-годзьдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай яны рабілі плякат на замову ўраду Масквы. Тагачасны мэр расейскае сталіцы Лужкоў, сказаўшы ветлівыя словы пра арыгінальнае вырашэньне тэмы, працу забракаваў. На плякаце вэтэран трымаў у выцягнутай руцэ фуражку, а ў ёй жабрацкай міласьцінай паблісквалі баявыя ўзнагароды.

Сяргей не любіў пінжакоў і наагул гарнітураў як зьяву. Больш за іх ён не трываў толькі гальштукі.

У труне Войчанка ля жаў у сваім улюбёным швэдры і выглядаў зусім не нябожчыкам — быццам прылёг адпачыць або вырашыў зладзіць экстравагантны пэрформанс.

Мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі адгукнуўся на Сяргееў сыход грунтоўнымі артыкуламі пра вялікую страту нашага мастацтва. А пісьменьнік і мастак Адам Глобус напісаў верш:

Мы малявалі, балявалі,
Пілі гарэлку, разважалі
Пра зоркі Чапліна з Шагалам.
Гарэлкі ўсё было замала.
Жыцьцё прайшло, і ты памёр.
Цябе занесьлі на касьцёр,
У родны менскі крэматорый.
Такая простая гісторыя
З Шагалам, Чапліным і зоркамі
Над беларускімі пагоркамі...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 530-531.

1956Андрэй Грабаў, паэт, аўтар непадцэнзурных тэкстаў, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970-х, перасьледаваны спэцслужбамі.

Хто ведае, можа, ён стаў бы другім Максімам Багдановічам?..
Народжаны на Ўрале хлопчык, аднаклясьнік маёй сястры, які ў пятнаццаць гадоў пісаў:

Рушу па Беларусі...
У небе маланка палае.
Пад прыгнётам усходнім стогне наша зямля.
Песьні жальбы лунаюць ад краю да краю...

Андрэй Грабаў быў самым юным і невераемна таленавітым аўтарам самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Блакітны ліхтар», які ў 1971–1974 гадах выпускаў у Наваполацку Вінцэсь Мудроў зь сябрамі-аднадумцамі.

Усе пятнаццаць яго нумароў былі сканфіскаваныя гэбістамі ды так і не вярнуліся з архіваў «канторы» нават у першыя гады незалежнасьці.

Адной канфіскацыяй, вядома, не абышлося. Былі й гэтак званыя «прафіляктычныя гутаркі», пагрозы i запалохваньні.
Жыцьцё аўтараў «Блакітнага ліхтара» склалася па-рознаму, а ў Андрэя — зусім рана завяршылася трагедыяй.

Ён быў таленавітым у многім — у сяброўстве, у спорце, дзе займаўся воднымі лыжамі, у любові да старэйшай сястры Наташы, якой зь першай стыпэндыі на ўсе грошы купіў у падарунак яшчэ вельмі рэдкую ў той час рэч — фэн.

Ён ледзь пасьпеў скончыць Наваполацкі політэхнічны інстытут і адразу быў забраны на службу ў савецкае войска.

Там Грабавым, як беларускім нацыяналістам, раз-пораз цікавіліся «асабісты», якія настойліва раілі яму, «истинно русскому парню», трымацца ад колішніх старэйшых таварышаў з «Блакітнага ліхтара» як мага далей.

У лістападзе 1981-га, за два дні да ягонага дваццаціпяцігодзьдзя, Андрэя Грабава, што суправаджаў вайсковы груз з Мурманску ў Кіеў, знайшлі ў эшалёне, расстралянага разам зь некалькімі суслужбоўцамі з аўтамата.

У такіх выпадках цяжка казаць пра творчую спадчыну. Калі-небудзь юначыя вершы Грабава вырвуцца з спэцсховішчаў КГБ. Магчыма, сваякі пагодзяцца надрукаваць лірыку з Андрэевага нататніка, цалкам прысьвечанага дзяўчыне Раісе — ягонаму адзінаму і непадзеленаму каханьню.

«Ён быў прыкольны хлопец», — сказала ў дзень 50-годзьдзя ўлюбёнага брата сястра Наташа, якая дагэтуль лічыць Андрэйку найраднейшым для яе чалавекам на сьвеце.

А я ў той дзень яшчэ раз згадаў ягоныя напісаныя на пачатку далёкіх і зусім не аптымістычных 1970-х жыцьцесьцьвярджальныя радкі:

Але хутка — ходзяць чуткі —
Паўстане моладзі атрад!

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 336-337.


У памяці

1916 — памерла беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч (Цётка).

Алаіза Пашкевіч (Цётка)

1954 — памёр беларускі паэт і перакладчык Міхась Клімковіч, аўтар гімну БССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дзяржаўнага гімна і нобэлеўская ляўрэатка. Хто кіраваў пісьменьніцкімі арганізацыямі, якія рэпрэсуе рэжым Лукашэнкі

1996 — памёр беларускі кінарэжысэр Віктар Тураў. Аўтар фільмаў «Я родам зь дзяцінства» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1969), «Пераправа» (1987), «Чорны бусел» (1993), «Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных расказах» (1994) і іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Віктара Турава