Такія некаторыя з вынікаў онлайн-апытаньня па тэму ковіду, якое праводзіла ў Беларусі арганізацыя Baltic Internet Policy Initiative. Яе выканаўчы дырэктар Міхаіл Дарашэвіч тлумачыць, што ўплывае на рашэньне не прышчапляцца і як мяняецца стаўленьне беларусаў да вакцынацыі супраць каранавірусу.
Глядзець размову на відэа цалкам
Якім чынам праводзіла онлайн-апытаньне Baltic Internet Policy Initiative
— Гэта было апытаньне інтэрнэт-аўдыторыі. Паводле дадзеных Белстату, 85% беларусаў ва ўзросьце ад 6 да 72 гадоў карыстаюцца інтэрнэтам. Інтэрнэт-аўдыторыя больш прасунутая ў галіне ведаў пра пандэмію і вакцынацыю. Былі апытаныя людзі ад 18 да 74 гадоў. Выбарка адпавядала генэральнай сукупнасьці беларускай інтэрнэт-аўдыторыі паводле полу, узросту і рэгіёну пражываньня. Большая колькасьць рэспандэнтаў была з вышэйшай адукацыяй.
Сумная лічба: 59% апытаных не гатовыя вакцынавацца
— Самая важная лічба, якія выклікала ўвагу і інтарэс — 59% апытаных сказалі, што яны не гатовыя вакцынавацца. Гэта было ў жніўні 2021 году. Цяпер пачатак лістапада, у жыцьцё беларусаў імкліва ўварвалася новая хваля каранавірусу, шмат хворых, гавораць пра вялікую колькасьць сьмерцяў. Лічба 59% даволі сумная. Магчыма, цяпер, праз такую вялікую колькасьць захварэлых і спадарожных нэгатыўных фактараў, людзі сталі болей задумвацца пра сябе, сталі разумець, што вакцынацыя дазваляе пазьбегнуць цяжкіх выпадкаў хваробы.
Стала болей людзей, гатовых вакцынавацца пасьля перанесенай хваробы
— У траўні сярод апытаных было 30% людзей, якія перахварэлі на ковід, у жніўні гэтая лічба павялічылася — 32% апытаных. Сярод тых, хто перанёс хваробу, 43% гатовыя вакцынавацца. А ў траўні толькі 35% перахварэлых былі гатовыя зрабіць прышчэпку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка стаў ковід-дысыдэнтам
Жанчыны менш схільныя вакцынавацца, чым мужчыны
— Як паказала онлайн-апытаньне, жанчыны часьцей насьцярожана ставяцца і не гатовыя да вакцынацыі. Страх пабочных эфэктаў у жанчын (64%) большы, чым у мужчын (57%). Не давяраюць даступным вакцынам 42% жанчын і 33% мужчын. А вось у катэгорыі негатовасьці вакцынавацца празь недавер да ўлады мужчын 35%, а жанчын — 27%.
44% жанчын лічыць, што вакцына не абараняе ад новых штамаў каранавірусу, а мужчын так лічаць толькі 32%. Пры тым, што лічыцца, што жанчыны больш уважліва ставяцца да свайго здароўя ў параўнаньні з мужчынамі. І тут прычыны — у нястачы рэлевантнай інфармацыі пра вакцынацыю.
Якія ў беларусаў крыніцы інфармацыі пра пандэмію і вакцынацыю
— Асноўныя крыніцы інфармацыі пра ковід — сайты ў інтэрнэце (51% апытаных), сацыяльныя сеткі (34%), сарафаннае радыё, размовы з роднымі, сябрамі, знаёмымі (32%). І толькі потым ідуць тэлевізія (30%), доктар (22%), тэлеграм-каналы і іншыя мэсэнджары (17%). Ёсьць падзел паводле ўзросту. Для ўзроставай групы ад 55 да 74 гадоў тэлевізія зьяўляецца другой крыніцай (43%), а для маладых людзей да 24 гадоў — гэта толькі 17%. У моладзі ад 18 да 24 гадоў асноўная крыніца інфармацыі — сацыяльныя сеткі. А для найбольш актыўнай групы людзей з 25 да 34 гадоў, якія нарадзіліся пры інтэрнэце, асноўная крыніца — сайты ў інтэрнэце ці інтэрнэт-СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчымы і беларускі, і расейскі штам». Мікрабіёляг разбурае распаўсюджаныя міты пра вакцынацыю
Вакцынаваныя і крытычнае мысьленьне
— Калі паглядзець на карэляцыю крыніц інфармацыі з гатовасьцю вакцынавацца, то самая вялікая ў тых, хто карыстаецца афіцыйнымі сайтамі (Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, урадавымі сайтамі і гэтак далей). Наступныя крыніцы — дактары, тэлевізія і, што можа здацца нечаканым, абвесткі ў грамадзкіх месцах.
У людзей, якія ўжо вакцынаваліся, крыніцы інфармацыі — афіцыйныя сайты, тэлевізія і доктар. І гэта людзі старэйшай узроставай групы. А людзі, якія карыстаюцца сацсеткамі, мэсэнджарамі як крыніцамі інфармацыі, часта былі не гатовыя вакцынавацца ў жніўні. Хоць гэта людзі, у якіх, як мы думаем, больш разьвітае крытычнае мысьленьне.
Важныя крытычнае мысьленьне і мэдыяасьвета. Калі вы ня сьлепа паўтараеце тое, што чуеце толькі з адной крыніцы інфармацыі, гэта лепей і карысьней для вас, уключаючы ня толькі мэнтальнае, але і фізычнае здароўе. Асабліва ў пытаньнях здароўя павінна быць больш крыніц інфармацыі.
Сур’ёзны ўплыў расейскамоўных крыніц інфармацыі пра COVID-19
— Калі мы пыталіся пра выбар крыніц інфармацыі, людзі адказвалі, што калі ім не стае нейкай інфармацыі, яны часта ідуць на сайты, як я іх называю, з кірылічным кантэнтам, на расейскамоўныя сайты. Гэта тычыцца і тэлевізіі, і навінавых сайтаў. І гэта тычыцца ня толькі пандэміі і вакцынацыі. Вельмі сурʼёзны ўплыў аказваюць расейскія інфармацыйныя крыніцы на ўсё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя Беларусі хоча вакцынаваць 5 мільёнаў чалавек да канца году, каб спыніць эпідэмію каранавірусу
Асноўныя прычыны адмовы ад вакцынацыі
— 61% апытаных гавораць пра страх зьяўленьня пабочных эфэктаў пасьля прышчэпкі. Усе наступныя прычыны маюць меншае значэньне. Не давяраюць вакцыне як такой 39%; лічаць, што вакцына не абараняе ад новых штамаў 38%; не давяраюць даступным вакцынам 38%; не давяраюць уладзе 31%. Акрамя розьніцы паводле гендэрнай прыкметы ёсьць і розьніца паводле ўзросту. Апытаньне паказала, што найбольш пабочных эфэктаў баіцца моладзь (18-24 гады) — 64%. У старэйшай узроставай катэгорыі — толькі 57%.
Як пра вакцынацыю інфармуюць тэлеграм-каналы дзяржаўных СМІ
— Мы зрабілі дадатковае параўнаньне ў кантэксьце, як інфармуюць пра вакцынацыю тэлеграм-каналы, паколькі цяпер гэта папулярны спосаб данясеньня інфармацыі ў Беларусі. Мы лічым, што ён адносна пераацэнены і не настолькі радыкальна ўсе беларусы карыстаюцца ім як крыніцай інфармацыі. Тым ня менш гэта хуткі спосаб дастаўкі інфармацыі. Мы параўналі, як з пачатку году згадвалі першую афіцыйна рэкамэндаваную САЗ вакцыну Pfizer-BioNTech. Аказалася, што найбольш згадак пра гэту вакцыну ў тэлеграм-каналах інфармацыйнага агенцтва БелТА, тэлеканалу ОНТ і гэтак далей. 70-80% інфармацыі на гэтых тэлеграм-каналах была адназначна нэгатыўная, напрыклад, што ад пабочных эфэктаў памерлі пажылыя людзі ў Нарвэгіі і гэтак далей. Гэта ўсё адбіваецца на фармаваньні стаўленьня да вакцынаў.
TACC, «РИА Новости», Russia Today як крыніцы інфармацыі
— Крыніцамі для беларускіх тэлеграм-каналаў былі тры расейскія мэдыя: TACC, РИА Новости, Russia Today. Яны імкнуцца стварыць лепшы імідж для ўласнай вакцыны, пры гэтым падрабязна апавядаюць пра пабочныя эфэкты ад заходніх вакцынаў. І ў выніку, як паказала і наша дасьледаваньне, людзі неляяльныя і да «Спутника», найбольш даступнай у Беларусі вакцыны. Ляяльнасьць да «Спутника» — 24%, да Pfizer — 12%, AstraZeneca — 7%, Moderna — 6%. А з пункту гледжаньня крытыкі вакцыны ў «Спутника» — 42%, а ў Pfizer — 46%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыпаваньне, аўтызм і змовы. Што такое інфадэмія і як дэзынфармацыя шкодзіць людзям
Пра нэгатыўныя навіны пра інавацыйную вакцыну Moderna
— Я бачыў нэгатыўную інфармацыю ў дзяржаўных СМІ пра пабочныя дзеяньні ад вакцыны Moderna, пра тое, што ў нейкіх скандынаўскіх краінах прыпынілі вакцынацыю ёй з прычыны нэгатыўнага ўзьдзеяньня на маладых людзей. Але вакцына Moderna не даступная ў Беларусі, і, хутчэй, трэба было б расказаць, наколькі інавацыйная кампанія Moderna, таму што гэта свайго роду «Тэсла» сярод вытворцаў вакцын. Пасьля стварэньня вакцыны супраць каранавірусу яны прасунуліся вельмі моцна ў стварэньні вакцын супраць іншых сурʼёзных хваробаў, уключна з анкалягічнымі. Калі мы расказваем толькі пра нэгатыўныя наступствы вакцын, якія да таго ж нам недаступныя, то мы маем і нэгатыўнае стаўленьне да самой вакцынацыі як такой.
Чаму не папулярныя важныя ролікі з youtube-каналу Міністэрства аховы здароўя
— На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў кастрычніку разьмясьцілі вельмі важны ролік пра дыхальныя практыкаваньні пры каранавірусе. І такі важны ролік мае толькі 5 тысяч праглядаў. Гэта сьведчыць пра тое, што не праводзіцца кампанія, якая б падтрымлівала пашырэньне гэтай інфармацыі; што людзі ня ведаюць, што Міністэрства аховы здароўя мае свой youtube-канал, на якім ёсьць карысная для ўсіх інфармацыя. Гэта сумная гісторыя. Каб міністэрства давала болей адкрытых дадзеных наконт пандэміі... Людзі ня хочуць злавіць за руку за няправільныя лічбы, людзі хочуць зразумець, што адбываецца, і людзі гатовыя дапамагаць. Мы бачылі, якія былі валянтэрскія кампаніі і ўзаемападтрымка падчас пандэміі. У цяжкі момант, калі сыстэме аховы здароўя не хапала базавых рэчаў і яна не спраўлялася, людзі дапамагалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вакцына не выклікае раку, не мяняе ДНК і не прыводзіць да заражэньня COVID-19. Міты аб прышчэпках ад каранавірусу
Адэптаў ідэі чыпаваньня ў Беларусі няшмат
— Калі казаць пра страшную дэзынфармацыю наконт выкарыстаньня сотавай сувязі стандарту 5G, то, на шчасьце, Беларусь гэта не закранула. Адэптаў ідэі чыпаваньня ў Беларусі не настолькі шмат. Беларускае грамадзтва — гэта пераважна адукаваныя людзі, і грубыя фэйкі тут не праходзяць. А вось фактоіды маюць месца — нібыта сок чарнаплоднай рабіны ці зубная паста маюць нейкія антыковідныя якасьці. Гэтая інфармацыя не грунтуецца на дасьледаваньнях, за гэтым няма глыбокай базы. Гэта ня фэйк, гэта фактоід. І гэта небясьпечна, бо можа адбівацца на самой кампаніі вакцынацыі. Існуюць, але ня маюць шмат праглядаў, кампаніі па барацьбе з выкарыстаньнем масак. Адрозна ад дрымучых фэйкаў, яны ня маюць вялікага ўплыву і распаўсюду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы напалі на пункт вакцынацыі. МУС абяцае барацьбу з агрэсіўнымі антываксэрамі
Людзі асьцерагаюцца прымусовай вакцынацыі
— Нізкі ўзровень вакцынацыі на ўсёй постсавецкай прасторы я б зьвязаў з прымусовай вакцынацыяй, якая была ў СССР. Тады ўсім дзецям рабілі прышчэпкі, асабліва не пытаючыся бацькоў, адмовіцца ад іх было немагчыма. Калі імпэрыі ня стала, зьявілася магчымасьці адмовіцца, у той жа час кампаніі аб неабходнасьці вакцынацыі не было, у выніку ўзьнікла вялікая колькасьць несапраўднай інфармацыі, і няма камунікацыйнай кампаніі, якая даносіць людзям, наколькі важная вакцынацыя, колькі жыцьцяў яна выратавала. Калі ў Беларусі і іншых постсавецкіх краінах нізкая колькасьць вакцынаваных і мы бачым па выніках дасьледаваньня, як шмат людзей ня хоча вакцынавацца, нягледзячы на чарговыя хвалі і новыя віды штамаў, вельмі важна расказваць пра важнасьць вакцынацыі, як яна ратуе жыцьці людзей. Інфармаваньне і адукацыя людзей — найлепшы спосаб супрацьстаяць антываксэру. Наша апытаньне праводзілася ў жніўні. Вельмі спадзяюся, што колькасьць гатовых вакцынавацца вырасла, што колькасьць вакцынаваных расьце. Гэта агульная задача ўсіх людзей, якія жывуць у Беларусі: каб кампанія вакцынацыі дасягнула посьпеху.
***
Колькі антыпрышчэпачнікаў у суседніх Расеі і Ўкраіне
- Паводле дасьледаваньня сацыёлягаў расейскага «Левада-Цэнтру», катэгарычных праціўнікаў вакцынацыі ў Расеі — 50-55%, і гэтая лічба практычна не мяняецца цягам усіх дасьледаваньняў з 2020 году.
- Паводле апытаньня, праведзенага ва Ўкраіне сацыялягічнай групай «Рэйтынг» 21-23 кастрычніка 2021 году, 57% не баяцца заразіцца каранавірусам, 36% рэспандэнтаў сказалі, што яны ўжо былі прышчэпленыя (першая ці другая прышчэпка), 18% сказалі, што гатовыя да прышчэпкі, 43% не гатовыя.