Звольнілі першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Гур’янава, які пачаў працаваць у гэтай сыстэме з 1993 году. Афіцыйная вэрсія — «пры згодзе бакоў». Так паведамляе Нацыянальны прававы партал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за дзень пакінулі пасады два намесьнікі міністраўВыслухалі вэрсіі былых калег і палітолягаў. Яны тлумачаць, чым выклікана адстаўка дасьведчанага кар’ернага дыплямата з 28-гадовым стажам.
Аляксандру Гур’янаву 49 гадоў. Нарадзіўся ў горадзе Ламаносаве, што ў Расеі. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, пачаў працаваць яшчэ ў Міністэрстве зьнешніх эканамічных сувязяў. Працаваў у амбасадах Польшчы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, амбасадарам у Карэі, на розных пасадах у МЗС Беларусі. З 2016 па 2020 гады быў амбасадарам Беларусі ў Італіі, па сумяшчальніцтве — на Мальце і ў Сан-Марына.
20 жніўня 2020 году быў прызначаны першым намесьнікам міністра замежных спраў.
Аляксандар Гур’янаў у МЗС быў куратарам замежнага гандалю, Эўразійскага эканамічнага саюзу, Расейскай Фэдэрацыі і СНД.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выключаю, што генэрал узначаліць Міністэрства аховы здароўя», — экспэрт«Можа, сам прыйшоў да высновы, што трэба звальняцца»
У 1997–1999 гадах дыплямат, а цяпер выкладчык факультэту міжнародных адносінаў Міхаіл Бацян працаваў разам з Аляксандрам Гур’янавым у амбасадзе Беларусі ў Польшчы: Гур’янаў — другім сакратаром, Бацян — дарадцам.
«Аляксандар Гур’янаў — надзвычай цікавы, разумны, спакойны, абачлівы, разважлівы, прыстойны чалавек, паглыблены ў справу, якой займаецца, — кажа Бацян. — Цяжка сказаць, чаму ён сышоў. Ці яго „сышлі“. Напэўна, да чалавека дайшло, ён прыйшоў да высновы, што трэба звальняцца. Бо МЗС цяпер, як сказаў адзін аналітык, зрабілася самым непатрэбным міністэрствам. Адносінаў ніякіх з Эўропай, іншымі краінамі. Я працаваў шмат гадоў у дыпляматыі і ўвогуле не ўяўляю, як можна працаваць у нейкай установе, якая нікому не патрэбна. Якім трэба быць цьвёрдакаменным, каб там заставацца?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаканьні, што Макей пяройдзе на другі бок, былі наіўныя», — былы дыплямат Сьлюнькін«Чалавек мог проста стаміцца, бо не атрымліваецца эфэктыўна працаваць»
Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў замежнай палітыцы і гандлі Анатоль Котаў з 2002-га па 2015 год працаваў у беларускім МЗС у дамоўна-прававым упраўленьні, у амбасадзе Беларусі ў Польшчы.
Да 18 жніўня 2020 году быў намесьнікам загадчыка аддзелу фінансаваньня дзяржорганаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.
Былы дыплямат выказаў шкадаваньне, што МЗС пакідаюць адмыслоўцы такога ўзроўню. Але дапускае, што Гур’янаў мог пайсьці сам.
«Такое часам здараецца, але вельмі рэдка. Аляксандар Гур’янаў — адзін з найбольш прафэсійных і эфэктыўных беларускіх дыпляматаў. З заслужаным аўтарытэтам сярод калег, і за мяжой таксама.
Ня буду выдумляць кансьпіралягічныя вэрсіі. Але чалавек мог проста стаміцца, таму што ў сучаснай рэчаіснасьці не атрымліваецца эфэктыўна працаваць. Замежнапалітычныя кантакты абмежаваныя, гэта адбіваецца і на гандлёвых кантактах. Ніхто не давярае словам беларускіх чыноўнікаў, што варта ўкладаць грошы ў дыктатуру, дзе не працуюць законы, а ёсьць воля толькі аднаго чалавека і сваволя кантралёраў.
Мабыць, дадатковай прычынай адстаўкі стала адсутнасьць прагрэсу ў інтэграцыйных справах. Нават чарговае паседжаньне ў рамках так званай „саюзнай дзяржавы“ адбудзецца ў фармаце онлайн. Але такое адбываецца ўпершыню», — кажа Анатоль Котаў.
«Мала дэманстраваць ляяльнасьць, трэба дэманстраваць і асаблівы імпэт у выкрываньні ворагаў»
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказвае некалькі вэрсіяў. Першая — магчыма, Лукашэнка стараецца пазбавіцца ад прарасейскіх кадраў, бо бачыць небясьпеку з боку Крамля, улічваючы, што ў спадара Гур’янава такі выразны расейскі бэкграўнд.
«Але разам з тым мы бачым, што ў атачэньні Лукашэнкі шмат людзей у пагонах, генэралаў, якія і вучыліся ў Расеі, і маюць там добрых таварышаў, і мазгі ў гэтых людзей відавочна прарасейскія, мяркуючы па іх выказваньнях. І гэтыя людзі атрымліваюць новыя пасады, іх нават прасоўваюць на тыя сфэры, дзе яны ня маюць ніякай кампэтэнцыі. Таму меркаваць, які крытэр падбору кадраў у атачэньні Лукашэнкі, неяк не выпадае», — кажа Аляксандар Класкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удзячны такому павароту лёсу». Звольнены за «нядобранадзейнасьць» сьледчы ўладкаваўся да фэрмэраВыказвае палітоляг і яшчэ адну вэрсію: што цяпер недастаткова быць проста ляяльным — трэба дэманстраваць імпэт у пошуках ворагаў, выкрываньні змоваў, а Гур’янаў гэта не рабіў.
«Працягваецца выкалупваньне тых, хто, як выказваўся некалі Лукашэнка, у часы выпрабаваньняў „схаваўся пад плінтус“. Я не хачу гэта экстрапаляваць на канкрэтныя кадравыя зьмены, пра якія мы вядзём гаворку. Але, думаю, працэс чысткі кадраў будзе цяпер пэрманэнтны, бо заўжды беларускі правадыр быў вельмі падазроны, а цяпер яго падазронасьць шматкроць узрасла.
І ўвогуле сама сыстэма ўвайшла ў такі рэжым „самапаяданьня“: тут можна пэўныя паралелі правесьці са сталінскімі часамі. І ўсе вэртыкальнікі будуць трэсьціся, таму што заўтра могуць і па іх прыйсьці і палічыць, што яны недастаткова ляяльныя. Бо сёньня ўжо мала гэтую ляяльнасьць дэманстраваць, трэба дэманстраваць і асаблівы імпэт у выкрываньні ворагаў, у пошуку нейкіх змоваў. І калі ты з гледзішча вышэйшага начальства ня вельмі стараесься, сам можаш трапіць пад чыстку», — выказвае яшчэ адну вэрсію палітоляг Класкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё, што робіцца цяпер, катастрофай адгукнецца ў будучыні», — знаныя лекары пра арышты і ад’езд дактароўЯшчэ адзін беларускі палітоляг, які не захацеў, каб яго называлі, выказаў два меркаваньні.
«Думаю, што на гэтую пасаду будзе прызначаны чалавек зусім ня з кадравага складу Міністэрства замежных спраў, не кар’ерны дыплямат, а чалавек у пагонах, як гэта робіцца паўсюль, мяркуючы па апошніх кадравых прызначэньнях у іншых міністэрствах і ведамствах.
А магчыма, Гур’янаву, як чалавеку прыстойнаму, проста ўдалося своечасова ўцячы зь міністэрства, якое цяпер ня мае ніякага аўтарытэту і ні на што не ўплывае», — кажа палітоляг, які не захацеў назваць свайго імя.