Мінабароны Ўкраіны не зафіксавала перакідваньня расейскіх частак да мяжы. Раней такія здымкі апублікавала Politico

Расейскія вайскоўцы ў Берасьцейскай вобласьці Беларусі каля мяжы з Украінай, вучэньні «Захад-2021», 11 верасьня 2021

Амэрыканскае выданьне Politico апублікавала новыя спадарожнікавыя фатаграфіі, якія, паводле СМІ, пацьвярджаюць апошнія паведамленьні аб тым, што Расея зноў зьбірае войскі і вайсковую тэхніку на мяжы з Украінай.

Фота зроблена Maxar Technologies 1 лістапада.

На новых здымках відаць канцэнтрацыя бранятанкавых падразьдзяленьняў, танкаў і самаходнай артылерыі разам з сухапутнымі войскамі каля расейскага горада Ельня блізу мяжы зь Беларусьсю, піша выданьне. Паведамляецца, што падразьдзяленьні, якія пачалі рухацца ў канцы верасьня зь іншых частак Расеі, дзе яны звычайна базуюцца, уключаюць элітную 1-ю гвардзейскую танкавую армію.

Як паведамляе Politico, тэхніка 4-й танкавай дывізіі Расеі перакінута ў раёны пад Бранскам і Курскам, каля паўночнай мяжы Ўкраіны. Падразьдзяленьні аснашчаныя асноўнымі баявымі танкамі Т-80У і самаходнай артылерыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зноў сьцягвае войскі да мяжы з Украінай, — The Washington Post

Раней некалькі крыніц, у тым ліку амэрыканскае выданьне The Washington Post, пісалі, што ў апошнія тыдні Расея аднавіла перамяшчэньне тэхнікі і войскаў да мяжы з Украінай. Газэта са спасылкай на неназваных суразмоўцаў сярод амэрыканскіх і эўрапейскіх чыноўнікаў паведаміла, што гэта пачалося пасьля таго, як Крэмль завяршыў паўтара месяцы таму маштабныя сумесныя з Беларусьсю вайсковыя вучэньні «Захад-2021».

У Міністэрстве абароны Ўкраіны паведамілі, што, паводле стану на 1 лістапада, дадатковага перакідваньня расейскіх частак, узбраеньня і вайсковай тэхнікі да дзяржаўнай мяжы з Украінай не зафіксавана.

«Найбольш імаверна, што апублікаваныя ў СМІ і інтэрнэце факты аб нарошчваньні груповак ЗС РФ на ўкраінскім кірунку зьяўляюцца элемэнтам спэцыяльных інфармацыйна-псыхалягічных дзеяньняў, а па сутнасьці зьяўляюцца сплянаванымі мерамі для перадысьлякацыі войскаў пасьля вучэньняў. Вайсковая выведка Ўкраіны пастаянна адсочвае дзеяньні войскаў дзяржавы-агрэсара і зьмяненьне іх колькасьці каля дзяржаўнай мяжы Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымала ад ЗША трэцюю партыю вайсковай дапамогі