Магілы беларусаў, чые сьмерці зьвязаныя з пратэстамі. ФОТА
Аляксандар Тарайкоўскі стаў першай ахвярай пасьлявыбарных пратэстаў. Яго застрэлілі амаль ва ўпор супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня 10 жніўня 2020 году ў Менску
У МУС заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак на апублікаваных пазьней журналістамі відэакадрах бачна, што ў руках у яго нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталіся 3-гадовая дачка і жонка.
Пахаваны на Заходніх могілках у Менску
12 жніўня 2020 году ў Гомлі загінуў 25-гадовы Аляксандар Віхор. Вечарам 9 жніўня яго па дарозе дадому затрымаў АМАП. Тры дні маці нічога не магла даведацца пра сына. 12 жніўня міліцыя паведаміла, што Аляксандар памёр у рэанімацыі. Сьледчы камітэт адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы. Нібыта прычынай сьмерці 25-гадовага гамельчука Аляксандра Віхора сталі хваробы сардэчна-судзіннай сыстэмы, якія раптоўна абвастрыліся. Але, як сьцьвярджаюць родныя і сьведкі затрыманьня, Аляксандру было блага ад моманту затрыманьня, ён прасіў аб дапамозе, а ў адказ атрымліваў ад сілавікоў шматлікія ўдары. Аляксандар пахаваны на могілках у Касьцюкоўцы каля Гомля
19 жніўня 2020 году ў менскім вайсковым шпіталі памёр Генадзь Шутаў. Яго 11 жніўня сьмяротна параніў вайсковец, капітан спэцназу Раман Гаўрылаў. Сьведку забойства, сябру Шутава Аляксандру Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калёніі за «спробу забойства сілавікоў». Апошніх жа прызналі пацярпелымі
Пахаваны Генадзь Шутаў на новых гарадзкіх могілках у Жабінцы
Мікіта Крыўцоў быў удзельнікам акцый пратэсту ў Маладэчне. Ён зьнік 11 жніўня 2020 году. 12 жніўня жонка заявіла пра яго зьнікненьне. 22 жніўня знойдзены павешаным у лесе ў Менску. Па факце ягонай гібелі сілавікі не заводзілі крымінальнай справы, афіцыйная вэрсія — самагубства, у што ня вераць ні сям’я, ні сябры Крыўцова
Мікіта Крыўцоў быў актыўным фанатам футбольнага клюбу «Маладэчна». Пасьля яго сьмерці футбольныя фанаты шэрагу беларускіх клюбаў абвясьцілі байкот матчаў праз палітычную сытуацыю ў краіне. Большасьць актыўных заўзятараў спынілі актыўную падтрымку на матчах яшчэ ў жніўні 2020 году
Пахаваны Мікіта Крыўцоў на старых могілках Маладэчна
31-гадовы Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 году ў шпіталі пасьля выкраданьня з «плошчы Перамен» і пабіцьця невядомымі людзьмі, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Раман быў дастаўлены з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Пахаваны на Паўночных могілках Менску
Улады, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, заяўлялі, што Раман Бандарэнка быў нецьвярозы. Гэта зьняпраўджвалі мэдычныя дакумэнты, якія абнародаваў доктар Арцём Сарокін і апублікавала журналістка парталу Тut.by Кацярына Барысевіч
Крымінальную справу завялі па факце нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, ад якіх Раман Бандарэнка памёр, але расьсьледаваньне прыпынілі амаль праз год «з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага». Тым часам ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL выклала сваю вэрсію падзей, фактычна назваўшы людзей, якія маглі быць датычнымі да забойства Бандарэнкі
Палітвязень Вітольд Ашурак, асуджаны на пяць гадоў турмы, памёр 21 траўня 2021 году ў шклоўскай калёніі ПК № 17. Сьледчы камітэт апублікаваў відэа, якое выклікае шмат пытаньняў і на якіх відаць, як Вітольд у камэры двойчы падае. Са словаў супрацоўнікаў калёніі, асуджаны разьбіў галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі. «Пры ўскрыцьці прыкмет крымінальнага характару сьмерці асуджанага ня выяўлена». Родныя і сябры афіцыйнай вэрсіі ня вераць
Вітольд стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы людзей, незадаволеных агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
Вітольда пахавалі на могілках у Бярозаўцы
28 верасьня 2021 году каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў менскую кватэру, дзе жылі праграміст Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Андрэй стрэліў, сьмяротна параніў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і быў застрэлены ў адказ
Андрэю Зельцару быў 31 год. Пахаваны на Лясных могілках пад Менскам