Чаму даляр працягвае таньнець і што зь ім будзе далей — разьбіраемся

За два месяцы беларускі рубель падняўся адносна даляра на 3,54%. Разьбіраемся, адкуль гэтая тэндэнцыя і што будзе далей.

2,43 рубля за даляр — такі афіцыйны курс паводле Нацбанку на 1 лістапада. 1 верасьня гэтага году даляр каштаваў 2,5 рубля.

Чаму рубель умацоўваецца

Асноўны фактар умацаваньня беларускага рубля — рост экспарту. Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«З пачатку году вырас экспарт. Павялічыўся ён найперш праз рост сусьветных цэнаў. Даражэюць прадукты, даражэюць угнаеньні, падаражэла драўніна. Павольна, але даражэе харчаваньне, якое Беларусь пастаўляе ў Расею. Расьце валютная выручка, і, адпаведна, расьце чысты продаж валюты прадпрыемствамі. Гэта была тэндэнцыя першага паўгодзьдзя. Калі казаць пра апошнія тры месяцы (чэрвень, жнівень, верасень), актыўна расьце чысты продаж валюты насельніцтвам», — кажа Вадзім Іосуб.

Продаж валюты людзьмі адбываецца празь зьніжэньне даходаў. «Гэта стандартная рэакцыя для зьніжэньня даходаў», — кажа экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народныя санкцыі. Як беларусы спрабуюць пакінуць рэжым бяз грошай і наколькі гэта працуе

А што далей?

Эфэкт ад экспарту «ўжо зьніжаецца», а ў канцы году могуць пачаць дзейнічаць сэктаральныя санкцыі ЭЗ і санкцыі ЗША.

«Гэта можа прывесьці да скарачэньня экспарту і скарачэньня прапановы валюты на ўнутраным рынку. Тады рубель спыніць умацаваньне і, верагодна, пачне зьніжацца. Аднак гэта не будзе рэзкая дэвальвацыя. Для рэзкай дэвальвацыі трэба дысбалянс: каб стала мала валюты, а ў прадпрыемстваў і людзей было шмат рублёў. Тады адбываецца дэвальвацыя», — кажа Вадзім Іосуб.

Усё ж ці магчымая дэвальвацыя?

Раней дэвальвацыі ў Беларусі бывалі тады, калі «праблемы ў эканоміцы актыўна залівалі рублямі і арганізоўвалі адміністратыўны рост даходаў». Папросту — калі ўключалі друкарскі станок.

«Не сакрэт, што ёсьць ахвотныя ўключыць друкарскі станок. Калі да гэтай практыкі вырашаць вярнуцца — гэта будзе абвал. Мінімум — як у 2014 годзе, калі гэта быў абвал рубля на 30%, максымум — як у 2011, калі курс даляра вырас утрая», — мяркуе Вадзім Іосуб.