Прысуд у справе Ціханоўскага могуць агучыць 10 лістапада

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

У лісьце, датаваным 27 кастрычніка, Сяргей Ціханоўскі напісаў: «Праз два тыдні мяне ўжо асудзяць».

Мяркуецца, што 10 лістапада будзе вынесены прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Міколу Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзімеру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзьмітрыю Папову.

Палітзьняволены абураны тым, што ягоную адвакатку Натальлю Мацкевіч адхілілі ад справы.

«Выдаленьне адваката якраз перад судовымі спрэчкамі парушае маё права на абарону, нават пазбаўляе мяне абароны. Бо, апроч гэтага, яшчэ і суд закрыты і я не магу ані сьведак запрасіць, ані доказы далучыць да справы. Натальля абараняла мяне з самага пачатку, больш за 500 дзён, і цяпер нават у фінале ёй не далі выступіць. Я ў шоку ад такой несправядлівасьці! Памятаю канец стрыму ў Астраўцы — вельмі трапна», — напісаў у лісьце Ціханоўскі.

У канцы стрыму з Астраўца Сяргей Ціханоўскі сказаў: «На каждый роток не накинешь платок».

Ён піша, што ні аб чым не шкадуе і чакае перамен да лепшага.

«Чалавек можа вытрываць і перацярпець усё, што магчыма, да самой сьмерці. А сьмерць непазьбежная. Калі ты гэта ведаеш — ты нічога не баісься. Калі ты гатовы кожны дзень, то чым цябе можна напалохаць? Калі ты робіш тое, што мусіш, то што цябе можа спыніць?» — зазначыў палітвязень.

У сваім лісьце Ціханоўскі таксама працытаваў радкі Байрана:

«Но тот, кто знал, за что с судьбою бьётся,
Пусть бой проигран, духом не сдаётся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кветкі ад палітвязьня: Ігар Лосік з-за кратаў даслаў жонцы 17 букетаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўляюць магчымасьці абараняцца. Ужо адразу б нас прыгаварылі. Навошта гэты фарс». Што піша Ціханоўскі маці з турмы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці адваката для Бабарыкі будзе вялікай праблемай». Што адбываецца, калі зьняволены застаецца без адваката