Расея зноў сьцягвае войскі да мяжы з Украінай, — The Washington Post

Расейскія вайскоўцы ў Берасьцейскай вобласьці Беларусі каля мяжы з Украінай, вучэньні «Захад-2021», 11 верасьня 2021 г.

У апошнія тыдні Расея аднавіла перамяшчэньне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай, піша амэрыканскае выданьне The Washington post.

Газэта са спасылкай на неназваных суразмоўцаў сярод амэрыканскіх і эўрапейскіх чыноўнікаў зазначае, што гэта пачалося пасьля таго, як Крэмль завяршыў сумесныя зь Беларусьсю маштабныя ваенныя вучэньні Захад-2021 паўтара месяца таму.

Выданьне адзначае, што ў сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца відэа, дзе бачна перамяшчэньне вялікай колькасьці ваеннай тэхнікі на поўдні і захадзе Расеі.

«Службовыя асобы ў размове на ўмовах ананімнасьці, паколькі яны не ўпаўнаважаныя абмяркоўваць гэтае пытаньне публічна, заявілі, што перамяшчэньне войскаў зноў выклікала занепакоенасьць, якая ўзьнікла ў красавіку, калі найбольшая колькасьць войскаў Расеі каля мяжы з Украінай за апошнія гады пацягнула за сабой міжнародны рэзананс». — гаворыцца на старонках выданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У атачэньні дзясяткаў землякоў у цэнтры Менску памёр мужчына зь Іраку

The Washington post піша, што канфлікт на Данбасе ўступае ў новую стадыю, а Крэмль заняў больш жорсткую пазыцыю ў адносінах да Ўкраіны.

Паведамляецца, што пасьля манэўраў 41 агульнавайсковая армія не вярнулася на месца пастаяннай дысьлякацыі ў Новасібірск, а аб’ядналася зь іншымі ваеннымі падразьдзяленьнямі на мяжы з Украінай. Па дадзеных суразмоўцаў газэты, у прыватнасьці, Майкла Кофмана, дырэктара праграмы дасьледаваньняў Расеі ў некамэрцыйнай аналітычнай групе CNA у Вірджыніі, верагодней за ўсё, перакідвае вайскоўцаў і тэхніку Першая гвардзейская танкавая армія з Падмаскоўя. Ні Мінабароны ЗША, ні Мінабароны Расеі публікацыю публічна не камэнтавалі. Гэтага таксама не рабіў і ўкраінскі бок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт G20 ухваліў пагадненьне аб падаткаабкладаньні сусьветных карпарацый