На беларуска-польскай мяжы памёр 25-гадовы мігрант

Фота Сьледчага камітэту зь месца здарэньня

29 кастрычніка беларускія памежнікі знайшлі цела мігранта пры польскай мяжы. Каля яго была група ўцекачоў з Сырыі, паведаміў ДПК.

Паводле Памежнага камітэту, характар пакінутых сьлядоў сьведчыў пра тое, што цела перамясьцілі з Польшчы ў Беларусь.

Спаслаўшыся на словы мігрантаў, Памежны камітэт піша, што адзін з уцекачоў быў хворы на дыябэт і меў патрэбу ў інсуліне, аднак польскія памежнікі ігнаравалі просьбы мігрантаў аб мэдычнай дапамозе і білі іх. А калі мігрант памёр, мігрантаў прымусілі разам зь целам вярнуцца на беларускую тэрыторыю.

Сьледчы камітэт дадаў, што загінулы — 25-гадовы грамадзянін Іраку. Здарэньне адбылося ў Камянецкім раёне.

Выданьне з Ірацкага Курдыстану Rudaw паведаміла, што загінулага звалі Гайлан Длер. 14 кастрычніка ён з двума братамі, сястрой і шваграм паехаў з Эрбілю ў Беларусь.

«У майго сына дыябэт. Ён узяў лекаў на два месяцы, але яны былі ў торбе зяця. Яны разьдзяліліся, і праз адсутнасьць лячэньня ён сканаў», — сказаў бацька загінулага іракца.

Паводле бацькі, калі Гайлану Длеру стала блага ў чацьвер вечарам, ягоныя браты паспрабавалі даставіць яго ў польскую лякарню, але польскія памежнікі іх затрымалі і вярнулі назад на беларускую тэрыторыю.

Польская памежная служба пра інцыдэнт не паведамляла.

У Нямеччыне ў пятніцу непадалёк ад мяжы памёр мігрант з Іраку. Ягонае цела знайшлі сярод групы 30 мігрантаў, якія прыехалі на фургоне цераз усходнюю мяжу. Абставіны ягонай сьмерці высьвятляюцца. Кіроўцы фургона на месцы не было, яго абʼявілі ў вышук.

Нямецкая паліцыя паведаміла, што ўсяго за год 7300 мігрантаў тапілі ў краіну «беларускім маршрутам» цераз Польшчу.

На межах Беларусі з Польшчай і Літвой з пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек

Першая вестка пра гібель мігранта прыйшла 4 жніўня, калі Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра сьмерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы, непадалёк ад пункту пропуску Беняконі. Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня польскія і беларускія памежнікі адначасова паведамілі аб тым, што на мяжы знойдзеныя целы загінулых мігрантаў. Агенцтва БелТА расказала пра труп жанчыны з Іраку. Памежная варта Польшчы паінфармавала адразу пра тры знойдзеныя на беларуска-польскай мяжы трупы ўцекачоў. Пракуратуры Сувалак, Саколкі і Беластоку пачалі сьледзтва, першай вэрсіяй гібелі стала тое, што адна з асобаў ужывала лекі, перададзеныя ёй беларускімі памежнікамі, і гэта магло стаць прычынай пагаршэньня стану. Астатнія маглі памерці ад абмаражэньня.

7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Пры 19-гадовым хлопцу знайшлі дакумэнты, якія сьведчаць асобу. Разам зь ім раку пераплываў і ягоны зямляк, якога ўдалося ўратаваць нырцам са службы ратаваньня.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі парлямэнт ухваліў будаўніцтва сьцяны на мяжы зь Беларусьсю. За дзень у краіну спрабавалі трапіць 511 мігрантаў