20 кастрычніка беларускія ўлады запатрабавалі ад ЗША яшчэ больш абмежаваць працу амэрыканскага дыпляматычнага прадстаўніцтва: звольніць 20 беларускіх супрацоўнікаў і закрыць:
- аддзел сувязяў з грамадзкасьцю амбасады ЗША,
- офіс Агенцтва міжнароднага разьвіцьця (USAID),
- Амэрыканскі цэнтар у Менску.
Гэта стала вядома з заявы спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі Джулі Фішэр, апублікаванай 29 кастрычніка.
Джулі Фішэр лічыць, што гэтыя крокі «паказваюць глыбокую няўпэўненасьць беларускіх уладаў», аднак яны не паўплываюць на пазыцыю ЗША.
«Злучаныя Штаты ня будуць адмаўляцца ад сваіх абавязаньняў, каб спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць памкненьне беларускага народу будаваць больш пэрспэктыўную будучыню ў свабоднай і незалежнай Беларусі.
Гэтыя апошнія меры не прымусяць нас адмовіцца ад дзеяньняў, якія прыносяць карысьць беларускаму народу і спрыяюць разьвіцьцю зносін паміж нашымі грамадзянамі», — гаворыцца ў заяве.
Што зрабіла для Беларусі USAID
Агенцтва міжнароднага разьвіцьця з 90-х гадоў ажыцьцяўляла ў Беларусі праграмы дапамогі амэрыканскага ўраду, якая ішла на:
- разьвіцьцё прадпрымальніцтва,
- пашырэньне малых і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў,
- стварэньне новых высокааплатных працоўных месцаў,
- павышэньне ўзроўню жыцьця,
- барацьбу з COVID-19 у час, калі беларускія ўлады грэбліва ставіліся да пандэміі,
- мэтавае фінансаваньне сем’яў у пацярпелых ад радыяцыі раёнах,
- прафіляктыку, дыягностыку і лячэньне тубэркулёзу.
- падтрымку больш як 36 тысяч дзяцей-сірот і сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва,
- выхаваньне дзяцей-сірот і неабароненых дзяцей у семʼях (калі ў 2005 годзе ў дзяржаўных установах выхоўваліся 29,4% дзяцей, то ў 2014-м — 16,5%).
- разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці,
- доступ да аб’ектыўных крыніц інфармацыі.
Аддзел сувязяў з грамадзкасьцю займаўся пашырэньнем асабістых і прафэсійных сувязяў паміж беларускім і амэрыканскім народам.
Амэрыканскі цэнтар даваў беларусам доступ да
- інфармацыі,
- STEM-адукацыі,
- амэрыканскага мастацтва і культуры,
- навучаньня ангельскай мове,
- культурнага і адукацыйнага абмену.
За 30 гадоў больш як 5 тысяч беларусаў атрымалі акадэмічнае і прафэсійнае разьвіцьцё ў ЗША.
Амэрыканскі цэнтар у Менску будзе закрыты з 1 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей патлумачыў, чаму МЗС адклікала агрэман амбасадаркі ЗША ФішарАмбасада ЗША садзейнічала
- жаночаму прадпрымальніцтву,
- інклюзіі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі,
- пашырэньню IT-сэктара,
- грамадзянскай супольнасьці,
- незалежным СМІ.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала гэтым арганізацыям за шматгадовую і працу і разьвіцьцё беларуска-амэрыканскага сяброўства.
«Усе яны вернуцца ў новую дэмакратычную Беларусь. Прашу працягваць працу на карысьць беларусаў — наш народ бачыць і цэніць вашую заўсёдную падтрымку», — заявіла Ціханоўская.
Раней беларускія ўлады абавязалі амбасаду ЗША да 1 верасьня скараціць штат дыпмісіі да 5 чалавек.
21 кастрычніка ў Нью-Ёрку закрылася консульства Беларусі.