Перапынак у судзе абвясьцілі 6 ліпеня, каб правесьці экспэртызу 17 допісаў Мікалая Дзядка ў сацыяльных сетках. Пасяджэньне пачнецца а 10-й гадзіне ў Менскім гарадзкім судзе, паведаміла «Вясна».
Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманьні моцна пабілі, а ў вочы распылілі пярцовы газ. Пасьля затрыманьня Міколу адвезьлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу, яго пры гэтым білі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.
Міколу Дзядка абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:
- Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3);
- Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
- Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту (ч. 3 арт. 361).
За час зьняволеньня Дзядка неаднаразова кідалі ў карцар. Палітвязень паведамляў, што турэмная адміністрацыя абмяжоўвае ліставаньне зь ім і не аказвае неабходнай мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў 7 кастрычніка: Бяляцкі апублікаваў свой турэмны рацыён, Дзядку не аказваюць дапамогіПрацэс у справе Мікалая Дзядка пачаўся сёлета 29 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе.
На судзе Мікалай Дзядок віны не прызнаў. Анархіст паўтарыў тое, што казаў на сьледзтве: што ён не заклікаў да ўжываньня гвалту і не кіраваў пратэстамі, а толькі камэнтаваў дзеяньні пратэстоўцаў, якія, на ягоную думку, маюць права на пратэст супраць фальшаваньня выбараў і ўжываньня гвалту супраць мірных людзей. Таксама Мікалай Дзядок абверг абвінавачаньне ў захоўваньні «кактэйляў Молатава» на кватэры, якую арандаваў у пасёлку Сасновы. Паводле падсуднага, бутэлькі з гаручай вадкасьцю яму падкінулі міліцыянты.
6 ліпеня судзьдзя адправіла 17 допісаў Дзядка на экспэртызу і абвясьціла перапынак у працэсе на няпэўны час.
13 кастрычніка адвакатку Міколы Дзядка Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы, супраць яе ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі пачалі дысцыплінарнае расьсьледаваньне. Цяпер у Міколы новы адвакат, ён яшчэ знаёміцца з справай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Помсьцяць за праўду аб катаваньнях». Суд у справе Мікалая Дзядка зацягваецца праз псыхоляга-лінгвістычную экспэртызуМікола Дзядок раней ужо быў у зьняволеньні, прызнаваўся палітвязьнем. 27 траўня 2011 году яго асудзілі да 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 339 ч. 2 (Хуліганства) за напад на амбасаду Расеі ў Менску.
Віны ён не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. У лютым 2015-га яму прысудзілі яшчэ 1 год турмы за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Быў вызвалены ў 2015 годзе разам зь іншымі палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатку палітвязьняў Бабарыкі, Дзядка і Ціханоўскага адхілілі ад працы