15 сутак за бел-чырвона-белыя стужкі на люстэрку аўтамабіля
Суд Фрунзэнскага раёну Менска пакараў 15 суткамі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Сарафанава.
Мужчыну затрымалі напярэдадні на вуліцы Адзінцова, паведамляе «Вясна».
Згодна з матэрыяламі справы, супрацоўнікі міліцыі выявілі стужачкі ў ягонай машыне яшчэ 19 кастрычніка, але затрымалі мужчыну толькі празь 9 дзён.
На судзе Вадзім Сарафанаў расказаў, што стужкі павесіў яшчэ ў 2011 годзе, адразу пасьля таго, як набыў аўтамабіль. Разам з абразамі іх яму падарыла бабуля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны прокурор заявіў аб падрыхтоўцы звароту ў суд дзеля прызнаньня нацыянальнага сьцягу «экстрэмісцкім»Па словах прадпрымальніка, «бел-чырвона-белая стужка — гэта больш хрысьціянскі знак, чым палітычны», і неяк інакш яе выкарыстоўваць думак не было.
«Нашыя сьвятары носяць на расе такія ж адрозьненьні. І вісела яна ў мяне ў машыне разам з двума старымі абразамі, якія падарыла бабуля», — сказаў Вадзім Сарафанаў.
Аднак судзьдзя Марыя Ярохіна расцаніла стужкі ў машыне як несанкцыянаванае пікетаваньне і арыштавала мянчука на 15 сутак.
«Хатняя хімія» за зьнявагу міліцыянта, які на пікеце Ціханоўскай паваліўся на зямлю
57-гадовага Андрэя Васілеўскага прызналі вінаватым у абразе міліцыянта з Горадні Ўладзімера Казлоўскага, які паваліўся на зямлю падчас тузаніны 29 траўня мінулага году на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, мужчына пакінуў камэнтар у «Аднакласьніках» пад допісам Вольгі Карач са словам «мразь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разабрацца паводле закону шарыяту». Дапыталі міліцыянта, пасьля падзеньня якога затрымалі Сяргея ЦіханоўскагаПацярпелы міліцыянт расказаў, што ў той дзень яму прыйшло «больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужываньня гвалту» як у дачыненьні да яго, гэтак і ў дачыненьні да ягоных родных і блізкіх, а камэнтар абвінавачанага «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадзкай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафэсійныя якасьці».
У выніку Васілеўскаму прысудзілі два з паловай гады «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Жлобінцам прысудзілі па 2 гады турмы за леташнія акцыі
У судзе Жлобінскага раёна 28 кастрычніка разгледзелі яшчэ адну крымінальную справу па абвінавачваньні мясцовых жыхароў Яўгена Хар’янава і Ўладзіслава Верасава ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня 2020 году Хар’янаў і Верасаў «бралі ўдзел у актыўных групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак, блякавалі вуліцы і тым самым перашкаджалі працы грамадскага пасажырскага транспарту і ўстаноў гораду». Як паведамляе «Вясна», іх пакаралі на 2 гады зьняволеньня кожнага.
Другі запар адміністрацыйны вырак сьлесару ў Наваполацку
Пасьля 30 дзён арышту на волю ня выйшаў сьлесар заводу «Палімір» Дзьмітры Саюнаў.
Ён павінен быў выйсьці на волю 28 кастрычніка, але раніцай таго ж дня на яго склалі новы пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў») і ўжо ўвечары яму зноў прысудзілі 30 дзён арышту, піша @naftanStachka.