Камісія прыняла рашэньне выключыць з адвакатуры Пыльчанку-малодшага — за сыстэматычныя парушэньні заканадаўства аб адвакатуры.
Раней, 19 кастрычніка, паводле загаду міністра юстыцыі ў дачыненьні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасьць, і яго адхілілі ад працы.
У чацьвер на паседжаньне зьявіліся 7 чальцоў камісіі, старшыняваў Аляксандар Пятровіч. Паседжаньне доўжылася паўтары гадзіны. Як галасавалі, невядома, бо рабілася гэта ў адмысловым пакоі для нарадаў, у адсутнасьць Пыльчанкі, расказаў Яўген.
«Камісія вынесла даволі вялікую пастанову на 7 альбо 8 аркушах — яны не пранумараваныя. Асноўных прэтэнзій дзьве.
Першая — нібыта я ў рэпліках падчас судовых спрэчак па справе Віктара Бабарыкі даў ацэнку выступленьням іншых адвакатаў. То бок, за тое самае, за што выключылі Дзьмітрыя Лаеўскага.
А другое — за тое, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Сьвятлану Купрэеву, сяброўку ягонай сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў: КДБ даслаў ліст, што ёсьць канфлікт інтарэсаў — без абгрунтаваньняў і прадастаўленьня дакумэнтаў. Насамрэч ніякага канфлікту інтарэсаў там няма. Ні сьледзтва, ні суд цягам 1,5 года ніякіх мне прэтэнзій не выказваў. І няма ніякіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі, што канфлікт інтарэсаў ёсьць. Дысцыплінарная камісія паверыла КДБ, а ня мне. І вырашыла, што я парушыў прафэсійную этыку», — распавёў Яўген Пыльчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абараняліАдвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 году, з 2018 — у адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнэры».
Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку сям’і Бабарыкаў Сьвятлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.
Цяпер у Віктара Бабарыкі няма ніводнага з шасьцярых адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ільля Салей зьехаў зь Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзьмітрыя Лаеўскага — у ліпені 2021 году, Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатку палітвязьняў Бабарыкі, Дзядка і Ціханоўскага пазбавілі адвакацкага статусуПаводле не пацьверджанай афіцыйна інфармацыі з дасьведчанай крыніцы, страціў адну са сваіх адвакатак і сын Віктара Бабарыкі Эдуард, якога ўжо амаль паўтара года трымаюць у так званай «амэрыканцы» — СІЗА КДБ. Абаронца Эдуарда 28 кастрычніка была выклікана ў Міністэрства юстыцыі на пазачарговую атэстацыю, якой нібыта не прайшла. У Бабарыкі-малодшага засталася яшчэ адна адвакатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судовая сыстэма Беларусі як зброя супраць іншадумцаў. Што казалі ўдзельнікі міжнароднай дыскусіі, арганізаванай Фондам Клуні