Міліцыя правяла праверку бясьпекі ў менскіх ВНУ: у 32 з 38 пранесьлі муляжы зброі

Ілюстрацыйнае фота

Экспэрымэнт па праверцы сыстэм уваходнага кантролю ў менскіх ВНУ паказаў, што ў многіх навучальных установах сілавікі ў цывільным спакойна траплялі ў будынак ды яшчэ праносілі з сабой муляжы агнястрэльнай зброі.

У Менскім гарвыканкаме прайшло пасяджэньне па тэме гарантаваньня бясьпекі ў навучальных установах гораду, расказала ў Фэйсбуку прэс-сакратарка старшыні беларускага ўраду Аляксандра Ісаева.

Як паведаміў першы намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Ігар Падвойскі, праваахоўнікі правялі маніторынг сыстэм уваходнага кантролю ва ўстановах адукацыі Менску, перш за ўсё ў ВНУ і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах.

«Характэрна, што нават у тых зь іх, дзе ўсталяваныя турнікеты, працуюць відэакамэры, супрацоўнікам органаў (ня ў форме) удавалася бесьперашкодна ня толькі трапляць унутр установаў, але і праносіць з сабой муляжы агнястрэльнай зброі. У 38 будынках ВНУ былі зробленыя такія спробы, у 32 зь іх прадметы былі пранесеныя бесьперашкодна. У тым ліку на 13 аб’ектаў — макеты агнястрэльнай зброі», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянты, сьвятары, ваенрукі. Што новага ў школах з 1 верасьня

Прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка па выніках дакладу заявіў, што «можна хоць сто камэр паставіць і турнікетаў, але пакуль ня выпрацаваны альгарытм, натрэніраваны пэрсанал, эфэкту ня будзе», і дадаў, што трэба будзе правесьці паўторны маніторынг па тых ВНУ і ССНУ, якія знаходзяцца «ў найбольшай групе рызыкі».

«Калі пасьля падобных фактаў ня будзе наведзены парадак — тады прабачце... Гэтага ніхто не зразумее», — дадаў Галоўчанка.

З 1 верасьня пачалі пераводзіць школы пад ахову Дэпартамэнту аховы МУС. У цэлым установы адукацыі Менску ўжо абсталяваныя сыстэмамі відэаназіраньня, у многіх паставілі турнікеты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю для выяўленьня «экстрэмістаў» сярод вучняў