Генпракурор Беларусі паскардзіўся расейскаму калегу, што ягоныя запыты на Захадзе ігнаруюць

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Андрэй Швед паскардзіўся, што замежныя пракуратуры адмаўляюць ягонаму ведамству ў супрацоўніцтве і не выдаюць падазраваных на запыт беларускага боку.

«Што да ўзаемадзеяньня з расейскімі партнэрамі, мы атрымліваем дапамогу па ўсіх кірунках. Адрозна ад нашых так званых заходніх калегаў, якія фактычна не выконваюць просьбы, не выдаюць злачынцаў, нават па агульнакрымінальных справах. Калі браць агульны аб’ём прававой дапамогі, 80% просьбаў накіроўваюцца ў Расейскую Фэдэрацыю», — спасылаецца на свайго кіраўніка служба інфармацыі ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Швед паскардзіўся, што Польшча, Украіна, дзяржавы Балтыі ігнаруюць ягоныя запыты

Раней Генпракуратура Беларусі атрымала адмовы на запыты аб выдачы апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі, а таксама ў справе аб генацыдзе насельніцтва БССР у часы вайны.

Андрэй Швед прывёў у прыклад расейцаў, якія выконваюць усе просьбы беларускага боку. Тым жа намагаецца адказваць саюзьніку і Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з Расеі выдаюць беларусаў, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду

«Калегі нашыя просьбы выконваюць апэратыўна ў строгай адпаведнасьці з законам. Няма ніводнага выпадку, каб пры наяўнасьці падставаў было адмоўлена ў выдачы злачынцаў. Такім чынам робіць і беларускі бок. Усе пытаньні ў інтарэсах праваахоўных органаў Расеі вырашаюцца намі апэратыўна і якасна», — адсправаздачыўся ён.

28 кастрычніка Менск наведаў генэральны пракурор Расеі Ігар Красноў. Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам адбылося сумеснае пасяджэньне калегій ведамстваў дзьвюх дзяржаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што Ўкраіна не выконвае запытаў Беларусі, як заяўляў генпракурор Швед?