Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і ініцыятыва былых сілавікоў ByPol адправілі афіцыйны ліст у Інтэрпол з просьбай спыніць супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам.
Паводле аўтараў звароту, беларускія ўлады злоўжываюць магчымасьцямі Інтэрполу для перасьледу палітычных апанэнтаў, што забаронена правіламі арганізацыі.
У звароце нагадалі, што, паводле запісаў тэлефонных размоў сілавікоў, якія мае ByPol, у сьпіс Інтэрполу спрабавалі ўнесьці нават Сьвятлану Ціханоўскую. І хоць гэтую спробу Інтэрпол адхіліў, іншыя актывісты трапілі ў міжнародную базу вышуку, як, напрыклад, Вольга Вялічка і Макар Малахоўскі.
Малахоўскі нават правёў некалькі дзён у польскім пастарунку, пакуль яго ня вызваліў суд.
Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі ByPol гатовыя сустрэцца з прадстаўнікамі Інтэрполу ў Варшаве, Вільні ці францускім Ліёне, дзе месьціцца штаб-кватэра міжнароднай арганізацыі паліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрабавалі труціць газам праз вэнтыляцыю». Пагаварылі з уцекачом зь Беларусі, якога шукалі ў Польшчы праз Інтэрпол ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах