«Белпошта» адсудзіла ў Народнай волі больш за 100 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за непрададзеныя наклады, паведаміў «Ежедневник».
Эканамічны суд Менску прысудзіў «Белпошце» апошнюю частку сумы ад кампэнсацыі, якую дзяржаўная арганізацыя запатрабавала ў канцы мінулага году з газэты «Народная воля». Усяго прыватнае выданьне, якое ня здолела надрукаваць газэты ў друкарнях Беларусі і Расеі і адпаведна даставіць наклады на «Белпошту», абавязана выплаціць заяўніку больш як 108 тысяч рублёў.
«Народную волю» адмовіліся ў жніўні 2020 году друкаваць спачатку ў «Беларускім доме друку» і беларускіх друкарнях, а потым і ў друкарнях Расеі.
Паводле галоўнага рэдактара «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча, «Белпошта» не атрымала накладаў «не таму, што мы адмовіліся».
«Мы прапанавалі ім даставіць наклад для падпісчыкаў і тое, што можна прадаць у паштовых аддзяленьнях. Нашыя газэты былі ў экспэдыцыі некалькі дзён, але „Белпошта“ думала і адмовілася на трэці дзень. Такім чынам, мы ня можам пагадзіцца з пазовам супраць нас. Паралельна будзем прыцягваць да адказнасьці выдавецтва „Беларускі дом друку“», — сказаў напярэдадні судовага працэсу Ёсіф Сярэдзіч.
Сёлета прайшлі тры судовыя паседжаньні — у лютым, сакавіку і на мінулым тыдні. Эканамічны суд задаволіў усе патрабаваньні «Белпошты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расчалавечаны чалавек — гэта самае страшнае». Вялікая размова з заснавальнікам «Народнай Волі» Ёсіфам СярэдзічамСпыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад ад палітычнага ціску пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс».
У некаторых рэдакцыях і ў журналістаў прайшлі ператрусы.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы пісалі і пра Каліноўскага, і пра БНР». Расказваем пра «КП в Беларуси», якую закрываюць празь ціск уладаў