Ці пачнецца страйк? «Людзі зараз працуюць, адкладаюць грошыкі і рыхтуюцца да таго часу, калі ня будзе працы»

Страйк шахтароў у Салігорску, 17 жніўня 2020 г.

Старшыня Беларускага аб'яднаньня працоўных Сяргей Дылеўскі абвясьціў, што з 1 лістапада ў Беларусі пачынаецца агульнанацыянальны страйк, і заклікаў жыхароў краіны не выходзіць на працу.

Страйк абвешчаны ў сувязі з тым, што ўлады Беларусі не выконваюць пастаўленых патрабаваньняў — вызваліць палітвязьняў, падвысіць заробкі і пачаць перамовы ўладаў з апазыцыяй.

Глеб Сандрас, сузаснавальнік іншага аб'яднаньня — «Рабочы рух» — расказаў «Настоящему времени», у чым ня згодны з ініцыятарамі страйку і чаго павінны дамагацца працоўныя.

— Чаму вы не падтрымліваеце ідэю страйкаваць? За што ўвогуле крытыкуюць гэтую ідэю?

— Таму што ўсё вельмі проста. Цяпер людзі проста не гатовыя, як паказала практыка. У страйку ўвогуле могуць быць два трыгеры — гэта палітычны і эканамічны. Калі палітычны не спрацаваў, то, магчыма, спрацуе эканамічны, але, як мы бачым зараз і будзем сумленнымі з самімі сабой, эканоміка Беларусі ў плюсе. Людзі атрымліваюць адносна нядрэнны заробак, таму выходзіць за хлеб ім пакуль што рана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае аб’яднаньне рабочых абвясьціла страйк з 1 лістапада. «Рабочы рух» не падтрымаў

— Гэта значыць, людзі пакуль не гатовыя, таму што яны яшчэ не адчуваюць эканамічнага крызісу і ў іх усё добра?

— Так, у іх усё добра, таму мы лічым, што гэта абсалютны фальстарт і стрэл халастымі. Больш за тое, гэта можа прывесьці да чарговай хвалі рэпрэсій. Мы, канечне, спадзяёмся, што гэта не прывядзе, але, на жаль, такія заўчасныя і галаслоўныя заявы прыводзяць да размыцьця і страты даверу з боку людзей, якія яшчэ засталіся ў Беларусі.

— Раскажыце пра «Рабочы рух».

Глеб Сандрас

— У нас ёсьць бясьпечная плятформа, з дапамогай якой людзі могуць выказацца пра сваё жаданьне страйкаваць у той момант, калі набярэцца крытычная маса. Гэтая лічба ні для кога не сакрэт — гэта 138 тысяч чалавек, гэта значыць, 3,5% занятага ў эканоміцы насельніцтва. Тая колькасьць, якой будзе дастаткова, каб забастоўка, якая пачнецца адначасова, прынесла нейкі эфэкт.
Калі ласка, далучайцеся, запрашайце сваіх сяброў, знаёмых. У прынцыпе, там некалькі поціскаў рукі, і будзем разам рыхтавацца. І калі мы будзем сапраўды бачыць, што мы гатовыя, тады мы пачнём. На жаль, гэтага інструмэнту ў нас не было год назад. Я хацеў бы, каб ён быў якраз у той момант, калі хаця б абвяшчаўся гэты народны ўльтыматум. Але як ёсьць — так ёсьць. Гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу.

— Чым адрозьніваецца «Рабочы рух», які вы прадстаўляеце, і Беларускае абʼяднаньне рабочых, якое прапануе страйкаваць? Хіба вы ставіце сабе розныя мэты?

— Не, мэта адна, але абсалютна розныя інструмэнты. У нас канкрэтна ёсьць бясьпечны інструмэнт, які дае людзям магчымасьць абʼяднацца, самаарганізавацца не на словах. Мы бачым рэальныя лічбы. Цяпер гэта крыху больш за 18 тысяч чалавек, але давайце будзем сумленнымі, добра, калі палова з гэтых 18 тысяч чалавек у нейкі момант першага чысла выйдзе на гэтую забастоўку. Але гэта няпраўда, на жаль. Гэтым мы і адрозьніваемся — у нас ёсьць інструмэнт, які мы далі людзям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ёсьць стабільны заробак, будуць трываць». Што адбываецца ў былых шахтароў «Беларуськалію», якія летась пайшлі ў страйк

— Раней вы працавалі ў шахце прадпрыемства «Беларуськалій». Можаце расказаць, як ідуць справы на прадпрыемстве сёньня, якія настроі ў працоўных?

— Калі вы цікавіцеся наконт першага чысла, то ні пра які страйк гаворка не ідзе, па-першае. Усе людзі чакаюць пачатку дзеяньня амэрыканскіх санкцый, якія павінны пачацца 8 сьнежня. Людзі зараз працуюць, адкладаюць грошыкі і рыхтуюцца рэальна да таго часу, калі ня будзе працы і ня будзе грошай. Таму гаварыць пра нейкі страйк цяпер рэальна заўчасна. Я меў зносіны са сваімі калегамі, якія засталіся на прадпрыемстве літаральна ўчора. Усе кажуць: «Прабачце, мы і так будзем страйкаваць не па сваёй волі праз паўтара месяца».

— Гэта значыць, зараз нейкі ўплыў заходніх і амэрыканскіх санкцый на прадпрыемствах у Беларусі ня бачны?

— Пакуль што не. Сапраўды пачатак — гэта 8 сьнежня. Гэта 120 дзён з 8 жніўня.

— Вы прагназуеце, калі можа наступіць пэрыяд, што эканоміка Беларусі пойдзе на спад і будуць зручныя ўмовы для страйку?

— Калі быць сумленным перад самім сабой і сапраўды аналізаваць сытуацыю сурʼёзна, то гэты год плянуецца ў эканоміцы Беларусі альбо зь невялікім плюсам, альбо з нулём. А вось наступны год сапраўды, мусіць, будзе, хутчэй за ўсё, «вясёлы». І тады ўжо сапраўды можна будзе гаварыць пра нейкія эканамічныя прычыны для страйку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці спрацуе заклік да страйку?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітык Арцём Шрайбман — пра тое, чаму рабочых прызнаюць экстрэмістамі