Чаму зноў пасварыліся Лукашэнка з Пуціным?

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» стала адказам Крамля на заявы пра «бункер» і «ботакс».

Сьцісла

  • Паміж Менскам і Масквой разгараецца новы канфлікт.
  • Цяперашні крызіс двухбаковых адносінаў мае свае асаблівасьці.
  • Гэта першы канфлікт пасьля пратэставага выбуху мінулага году, вынесены ў публічную плашчыню.
  • Цяпер прырода канфлікту не да канца зразумелая.
  • Магчыма, прычына ў тым, што год таму Лукашэнка паабяцаў Пуціну правесьці транзыт улады і сысьці, а цяпер адмаўляецца выконваць сваё абяцаньне.

Кароткая хроніка чарговага крызісу ў стасунках паміж Менскам і Масквой

Беларускія ўлады заблякавалі дзейнасьць філіі расейскага выданьня «Комсомольская правда в Беларуси», арыштавалі яе журналіста Генадзя Мажэйку. Расейскія афіцыйныя асобы выказалі пратэст.

Уладзімер Пуцін не прыехаў на саміты ЭАЭС і СНД у Менск, хоць гэты візыт значыўся ў працоўным графіку прэзыдэнта РФ.

Аляксандар Лукашэнка не прыняў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, калі той знаходзіўся ў беларускай сталіцы.

22 кастрычніка адбыўся зьліў у сеціва вынікаў апытаньня, праведзенага Усерасейскім цэнтрам вывучэння грамадзкай думкі для Міністэрства замежных спраў Расеі. Вынікі аказаліся вельмі непрыемныя для Лукашэнкі.

23 кастрычніка на тэлеканале СТБ прагучалі абразы ў адрас Пуціна пра «бункер» і «ботакс», хоць прозьвішча расейскага прэзыдэнта і не называлася.

26 кастрычніка на радыёстанцыі «Эхо Москвы» прагучала інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай. Мала хто сумняваецца, што яно стала моцным залпам у інфармацыйнай вайне паміж Менскам і Масквой.

Усё гэта азначае, што паміж дзьвюма сталіцамі зноў прабегла чорная кошка, Лукашэнка і Пуцін пасварыліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў Беларусі

За доўгія гады «брацкай інтэграцыі» паміж Менскам і Масквой было шмат канфліктаў. Але цяперашні крызіс двухбаковых адносін мае свае асаблівасьці.

Гэта першы канфлікт, вынесены ў публічную плашчыню, пасьля пратэставага выбуху мінулага году. У значнай ступені менавіта падтрымка Пуціна выратавала рэжым Лукашэнкі ў крытычныя дні жніўня-верасьня 2020 г. Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі залежнасьць беларускага кіраўніцтва ад Расеі ўзрасла, што, здавалася б, здымае тэму наравістасьці афіцыйнага Менску, абмяжоўвае ягоную свабоду рук.

Другі момант. Прычыны ўсіх папярэдніх канфліктаў былі зразумелыя. Былі газавыя, нафтавыя, малочныя войны і інш. Самі назвы паказвалі, ад чаго ўспыхвала канфрантацыя.

Гэтым разам прырода канфлікту не да канца зразумелая. Зусім нядаўна ў верасьні ў Маскве Пуцін і Лукашэнка ўзгаднілі 28 саюзных праграм, гэта было абвешчана прарывам у двухбаковай інтэграцыі. Была праведзеная сумесная прэсавая канфэрэнцыя, што адбываецца даволі рэдка. На 4 лістапада было заплянавана паседжаньне вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» (пасьля трохгадовага перапынку). Здавалася, пра ўсё дамоўлена. І раптам на роўным месцы такі публічны абмен ударамі. І ніхто з афіцыйных асобаў не агучвае прычыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Іларыёнаў: «Паміж Лукашэнкам і Пуціным гонка — хто першы сыдзе»

Усё гэтае дае падставу экспэртам прапаноўваць розныя вэрсіі і гіпотэзы, якія тлумачаць цяперашняе абвастрэньне адносін.

На мой погляд, ёсьць толькі адно пытаньне, настолькі важнае для Лукашэнкі, што ён гатовы ісьці на рызыку канфлікту з Пуціным у цяперашніх складаных для яго ўмовах. Гэта пытаньне ўлады.

Мая вэрсія такая. Год таму Лукашэнка паабяцаў Пуціну правесьці транзыт улады і сысьці. А цяпер адмаўляецца выконваць сваё абяцаньне. Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка ня хоча сыходзіць, імкнецца неяк зачапіцца, прыдумаць сабе пасаду ў новай канструкцыі дзяржаўнага кіраваньня, каб застацца. І гэта выклікае незадавальненьне Пуціна. То бок Лукашэнка імкнецца пераседзець расейскага прэзыдэнта на ўладным троне. Каму гэта можа спадабацца?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасварыліся Лукашэнка і Пуцін? Тлумачыць намесьнік рэдактара Carnegie.ru