Ён быў фігурантам «справы аб карагодзе», распачатай па падзеях 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Данілу абвінавацілі па частцы 1-й артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
«Падчас вызваленьня з калёніі мяне перадалі супрацоўніцы аддзелу па грамадзянстве і міграцыі. Мы зь ёю праехалі ў Бабруйскае аддзяленьне АГІМ, там я падпісаў дакумэнты адносна дэпартацыі і забароны на ўезд. У гэты час пад’ехалі мае сябры і перадалі мне валізку з маімі рэчамі, тэлефон, грошы. І калі я падпісаў усе дакумэнты, мяне пасадзілі ў машыну і павезьлі да мяжы з Бранскай вобласьцю. Як толькі мы даехалі да мяжы, мяне высадзілі, сфатаграфавалі каля шыльды, і далей я пайшоў пешшу», — сказаў Даніла Чамаданаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры апазыцыі заклікалі Эўразьвяз даць Беларусі 1 мільён бясплатных вакцынДанілу Чамаданаву забаранілі ўезд у Беларусь на два гады.
«Яны патлумачылі гэта тым, што якраз тэрмін пагашэньня судзімасьці складае два гады».
У Расеі Даніла паехаў да сваякоў, што жывуць у Варонескай вобласьці. Але ягоныя бацькі і блізкія людзі засталіся ў Беларусі. Хлопец мае вышэйшую адукацыю, ён інжынэр-будаўнік. Якраз перад падзеямі ў Беларусі вывучаў IT, вучыўся на праграміста. Цяпер, як кажа, плянуе працаваць альбо ў будаўніцтве, альбо ў IT — дзе атрымаецца.
«У Беларусі я жыву з 2000 году. Мае бацькі пераехалі ў Беларусь. У Баранавічах я вучыўся з 1-й па 11-ю клясу. Потым вучыўся ў політэхнічным у Берасьці і там застаўся працаваць», — кажа Даніла.
«Мне так і не прад’явілі, што канкрэтна зрабіў я»
У кастрычніку мінулага году Данілу Чамаданава пасадзілі на трое сутак у ІЧУ як падазраванага. Потым адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
«Тады я ня вельмі верыў, што справе могуць даць ход. А 22 студзеня, калі мне ўжо прад’яўлялі абвінавачаньне, мяне ўзялі пад арышт. І ад гэтага часу да суду я ўжо знаходзіўся ў берасьцейскім СІЗА. А пасьля суду мяне этапавалі ў калёнію, — кажа Даніла. — Па гэтай справе на сто чалавек адно і тое ж абвінавачаньне. Але мне так і не прад’явілі, што канкрэтна зрабіў я. Я на судзе сам расказаў, што я знаходзіўся на праезнай частцы цягам 11 хвілін. І ўсё».
Даніла Чамаданаў кажа, што не ўчыняў злачынства, у якім яго абвінавацілі.
«Вырываў абцугамі дрот з гумовага корта»
Данілу Чамаданаву прысудзілі год пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму. Вызваляўся ён з папраўчай калёніі № 2 гораду Бабруйску.
«Утрыманьне ў калёніі цярпімае, у прынцыпе, існаваць там можна. Канечне, з думкай, што сядзіш несправядліва, — кажа Даніла. — Мне там амаль нічога не падабалася, там чалавечая абыякавасьць і аднастайнасьць, кожны новы дзень падобны да мінулага. Добрага там мала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасварыліся Лукашэнка і Пуцін? Тлумачыць намесьнік рэдактара Carnegie.ruУ калёніі Даніла працаваў чатыры дні на тыдзень па тры гадзіны на ўчастку перапрацоўкі сырой гумы — вырываў абцугамі дрот з гумовага корта. Плацілі яму 40 капеек у месяц.
Ці прапаноўвалі яму напісаць прашэньне аб памілаваньні?
«Супрацоўнікі адміністрацыі калёніі навязьліва цікавіліся, ці не хачу я напісаць прашэньне аб памілаваньні. Кожны раз я адмаўляў пад маркай таго, што, маўляў, тэрмін невялікі і хутка ўсё роўна выйду», — кажа Даніла.
«Консульства Расеі ніводнага разу не пацікавілася»
Пасьля вызваленьня высьветлілася, што лісты ад многіх сяброў Данілу ў калёнію так і не дайшлі. Шмат хто не атрымаў і ягоных лістоў, хоць Даніла пісаў з-за кратаў. За ўвесь час зьняволеньня прадстаўнікі консульства Расеі ніводнага разу не пацікавіліся ягоным лёсам. Даніла кажа, што зьвяртацца да іх ня меў жаданьня, бо, лічыў, усё роўна яны яму нічым не дапамогуць, «гэта пустое марнаваньне часу».
«У берасьцейскім СІЗА было адчуваньне, што палова там палітычных. Не было такой камэры, дзе б не было палітычнага. Была камэра, дзе 9 чалавек зь дзесяці сядзелі па палітычных справах. Таксама многа было ў калёніі. Я пазнаёміўся зь вялікай колькасьцю добрых людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Івашына пакінулі ў карцары яшчэ на тыдзень, Марціновіч скардзіцца на недахоп паветраДаніла кажа, што ўдзячны сваякам і сябрам за падтрымку.
«Сытуацыя ў Беларусі складаная. Лягчэйшай яна ня стала параўнальна з тым, што было год таму. Па-мойму, усё пагаршаецца».
Ці шкадуе ён, што ўзяў удзел у пратэстах?
«Я не разважаю катэгорыямі: шкадую ці не. Я так зрабіў, бо на той момант лічыў гэты правільным. Так склаўся мой лёс. Цяпер я на волі і спадзяюся, што мне нічога не пагражае».